Унікальная калекцыя рэдкіх нуклеўсаў папоўніла экспазіцыю музея ў Слоніме

 Унікальная калекцыя рэдкіх нуклеўсаў папоўніла экспазіцыю музея ў Слоніме

Экспазіцыю слонімскага краязнаўчага музея папоўнілі новыя экспанаты – нуклеўсы. Экспанаты адносяцца да каменнага веку перыяду мезаліту, які існаваў на нашай зямлі 9 -5 тыс. гг. да н.э. Наогул, колькасць экспанатаў у слонімскім музеі,якія адносяцца да археалогіі, складае 3599 адзінак. Іх пачаў збіраць яшчэ стваральнік нашага музея Іосіф Іосіфавіч Стаброўскі у 20-х гадах мінулага стагодзя.

IMG_7962.JPG

Менавіта ў перыяд мезаліту адбываецца канчатковае засяленне тэрыторыі Беларусі і з'яўляецца пастаяннае насельніцтва. У Беларусі вядома каля 120 мезалітычных стаянак, агульнае насельніцтва складала прыкладна 5-6 тыс. чалавек. Асноўныя прылады працы рабілі з крэменю, дрэва або косці, быў вынайдзены лук, ручныя млыны, плыты, лодкі, быў прыручаны сабака.У тыя часы людзі жылі невялікімі групамі і доўга не сядзелі на адным месцы. Людзі жылі ў лёгкіх пабудовах, якія складвалі з жэрдак і галінак абцягнутых шкурам дзікіх жывёл. Матэрыяльная культура, якая дайшла да нас, складаецца з мікралітаў. Крэмневыя прылады мезаліту адрозніваюцца сваімі малымі памерамі. Значная частка іх выраблена з тонкіх, вузкіх пласцінак. Многія мікраліты звязаныя з абсталяваннем кідальнага ўзбраення, г.з. выкарыстоўваліся ў якасці наканечнікаў стрэл.

IMG_7965.JPGIMG_7967.JPG 

Акрамя таго, шырокае распаўсюджванне атрымлівае ўкладышавая тэхніка, заснаваная на выкарыстанні мікралітаў –пласцін невялікіх памераў (да 1-3 см). Найпростая форма ўкладыша ўяўляе сабой фрагмент пласціны, які з дапамогай клеючага рэчыва мацаваўся ў спецыяльна выразаныя разцом пазы драўляных, касцяных або рагавых прылад. У выніку з'яўляліся складовыя наканечнікі стрэл, гарпуны, пілы, стругі, асцюкі. Форма асобных ўкладышаў вызначаецца выразнай геаметрыяй ў выглядзе трапецыі, трохвугольніка, прамавугольніка. Дык вось, тыя мікраліты як раз і вырабляліся з нуклеўсаў.

Дапамогу ў набыцці нуклеўсаў аказаў Гродзенскі дзяржаўны гісторыка- археалагічны музей.