Ваенная гісторыя Івана Багушэвіча, запісаная нашчадкамі

index.png
У птушкi выбар ёсць…

У птушкі выбар ёсць - Радзіма або вырай,
І перавагу ёсць чаму аддаць...
А чалавек, хоць і пазбаўлен крылаў,
Гатоў дзеля Радзімы ваяваць.
Жыць... І змагацца. І перамагаць!

Гэты верш я прысвячаю сваім продкам, якія змагаліся за Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У іх ваенным жыцці, як у люстэрку, адбілася гісторыя нашага народа, яго перамога і страты.

А расказаць я хачу пра дзядзьку маёй бабулі Марыі - Багушэвіча Івана Паўлавіча. У шматдзетнай працавітай сям’і маіх прапрабабулі Любы і прапрадзядулі Паўла ён быў старэйшым сынам. Жылі яны ў вёсцы Чашэйкі Іўеўскага раёна. Падросшы, Іван вывучыўся на краўца, абшываў суседзяў, жыхароў аддаленых вёсак. Пасля вызвалення мясцовасці ад немцаў быў прызваны ў армію. Разам з ім былі прызваны яшчэ два яго таварышы-аднавяскоўцы. Некалькі месяцаў іх вучылі ваеннай справе ў горадзе Жабінка Брэсцкай вобласці. Ужо ў Брэсце перад адпраўкай на фронт краўцам прапанавалі выйсці са строю, каб шыць у тыле. Так паступіў сусед і вярнуўся жывым з вайны. Мой прадзед застаўся верным свайму воінскаму абавязку і помсціў ворагу са зброяй у руках. Дайшоў да Одэра, загінуў каля сяла Цэхар.

к2.JPG

Пахаванку-трохвугольнік бацькі атрымалі не адразу. Колькі слёз было выплакана пасля гэтага роднымі! Ужо пазней да іх у хату наведаўся салдат, сябар-саслужывец Івана, які цудам выжыў ў баях. Ён паведаміў, што Іван пры фарсіраванні нашымі войскамі ракі Одэр быў смяротна паранены ад разрыву бомбы, скінутай фашысцкім бамбардзіроўшчыкам.

На жаль, не захавалася пісьмо-пахаванка прапрадзеда Івана. Звесткі пра майго родзіча змешчаны ў рэспубліканскай кнізе «Памяць», электронным банку дадзеных «Мемарыял». З выпісак з медсанбата і данясенняў аб стратах даведаўся, што прадзед быў стралком, што загінуў ён на полі бою, у шпіталь «дастаўлены трупам». Зусім нядаўна высветлілі і месца перазахавання прадзеда - мемарыяльны помнік у польскім горадзе Дзембна Заходне-Паморскага ваяводства.

Памяць аб прадзеду, звычайным радавым, адным з мільёнаў байцоў, хто загінуў у пекле вайны, каб існаваў мір, свята ўшаноўваецца ў нашай сям’і.

к3.JPG

Яго гераічная гібель паўплывала і на выбар прафесіі роднымі. Два малодшыя браты прадзеда Івана - Пётр і Павел- усё сваё працоўнае жыццё служылі прапаршчыкамі. Мой родны прадзед Уладзімір, іх брат, які служыў у Германіі тры гады, прывез незвычайны падарунак - свой партрэт, вышыты рукамі майстрых. Два малодшыя бабуліны браты - Уладзімір і Павел- закончылі вышэйшае інжынерна-авіяцыйнае вучылішча і прысвяцілі сваё жыццё ваеннай справе. Усе хлопцы з нашага роду па лініі бабулі служылі і служаць у арміі, бо лічаць гэта святым абавязкам.

к4.JPG5к.JPG 

Я ганаруся сваім прадзедам Багушэвічам Іванам Паўлавічам і прысвячаю яму гэты верш.


Раскажы пра вайну мне, прадзед,
Я, на шчасце, тады не жыў,
Як высочваў фашыстаў у засадзе,
Як гранатаю фрыцаў падбіў.

Як хвіліны здаваліся вечнасцю,
Холад аж прабіраў да касцей...
Ты, мой прадзед, сустрэўся са смерцю
Вочы ў вочы там, на вайне.

Раскажы, колькі ў снах спатканняў
Перажыў ты тады на вайне...
Родных, блізкіх з’яўляліся твары
У зямлі, што гарэла ў агні.

К абеліску падходжу. Героям
Моўчкі кветкі кладу на пліту
І падзяку шапчу ім за тое,
Што пад мірным небам жыву,

Што крынічка бруіць, плюскоча,
Што ўзвівае ў неба жаўрук..
Не раскажаш, прадзед, не зможаш:
Ты загінуў праз гэту вайну!

Редакция газеты «Гродненская правда»