Вайна ў лёсе маіх продкаў. Гісторыя Івана Вішнеўскага, які час вайны апынуўся ў нямецкім палоне

Вайна ў лёсе маіх продкаў. Гісторыя Івана Вішнеўскага, які  час вайны апынуўся ў нямецкім палоне

Вясна… Стаю на сваім падворку і міжволі заўважаю, што бутоны цюльпанаў пачырванелі, што на вішні больш, чым учора беленькіх кветачак, што бэз, нягледзячы на не вельмі цёплае надвор’е, хутка расцвіце. А шматгалосы спеў птушак проста зачароўвае мяне. І вось менавіта ў гэты момант я адчула ў душы такую радасць, што, як кажуць, душа спявае, і сэрца ў палёт просіцца. Але чаму? Што са мной? Магчыма, па-сапраўднаму я ўпершыню зразумела, што значыць для поўнага адчування шчасця спакой, мір, свабода, што значыць, калі побач мама і ўся мая радня, мае лепшыя сябры і аднакласнікі.

Гляджу на пышную квецень садоў, хачу спыніць гэты момант адчування шчасця, і раптам мне ўспамінаюцца вершаваныя радкі:

Вясна буяла духмяным бэзам,

Птушынай песняй звінела зранку…

А далей:

Дваццаць другое… Агнём гарматным

Быў дзень разбуджан, вайны дзень першы.

Вайна… Яна ўяўляецца мне страшэннай, пачварнай, знішчальнай сілай, якая не прамінула ніводнага горада, ніводнай вёскі, ніводнай сям’і. Яна ператварала ўчарашняга бязвусага юнака ў салдата, маладую дзяўчыну рабіла вязнем канлагера ці адрывала ад роднай сям’і і адпраўляла на работы ў Германію без надзеі на вяртанне, адбірала ў маці дзіця ці ў дзіцяці маці… Такі жудасны вобраз вайны ўзнік у маім уяўленні з расказаў маіх родных. Менавіта з іх ўспамінаў я ведаю, што праз усе выпрабаванні прайшлі сем’і нашых родзічаў з прозвішчамі Расошка, Вішнеўскія, Лягеза, Крупіца і Абухоўскія.

 Мой прадзед па лініі таты Вішнеўскі Іван, на вялікі жаль,у час вайны апынуўся ў нямецкім палоне. Але ён ніколі нікому не расказваў, як там было.Ды няцяжка сабе ўявіць гэтае жыццё (калі яго можна назваць жыццём), бо мы нямала пра гэта ведаем з кніг, з мастацкіх і дакументальных кінастужак, з урокаў гісторыі. З успамінаў родзічаў я пра свайго прадзеда добра ведаю адно: гэта быў вельмі мудры чалавек з добрым і вялікім сэрцам. Доказам гэтаму з’яўляецца той факт, што, вярнуўшыся з палону, ён ажаніўся з Юзэфай, у якой былі дзве малодшыя сястры. Дык вось ён дапамагаў іх гадаваць, фактычна замяніў ім бацьку. Гэта дае падставу сцвярджаць, што добрым чалавекам можна застацца заўсёды, нават прайшоўшы праз жахі і выпрабаванні.

Не мінула горкая доля вязня і іншых маіх сваякоў. Мая прабабуля Марыя Расошка паспытала на сабе жахі Равенбрука (першы жаночы канцэнтрацыйны лагер) і Бухенвальда (лічыцца адным з самых жудасных канцлагераў), у якіх яна знаходзілася амаль год (з 11.08.1944 па 13.04.1945), пакуль не вызвалілі іх амерыканцы. Можна толькі ўявіць, чаго яна там нацярпелася. Холад, голад, здзекванні… У канцлагеры Маўтхаўзен загінуў яе першы муж. Але Марыя, нягледзячы ні на што, выжыла, каб жыць далей. А ўсе цяжкасці зрабілі яе толькі мацнейшай.

Сурова прайшлася вайна і па лёсе маіх продкаў па лініі мамы. Мой прадзед Лягеза Іван Пятровіч (1895 – 1984) нарадзіўсяў вёсцы Ланцэвічы Мастоўскага раёна, быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, салдатам 1-га рэвалюцыйнага палка, які фармаваўся ў Мінску. Быў двойчы жанаты. Першы раз ажаніўся і жыў у вёсцы Чарлёна Мастоўскага раёна. Меў траіх дзяцей: дзве дачкі і сына (Стэфаніяю, Ніну і Івана). Калі Вялікая Айчына вайна дайшла ды Мастоўшчыны, то ўсе сталыя мужчыны пайшлі ўпартызаны. Пайшоў і мой прадзядуля. За сувязь з партызанамі жанчын, дзяцейі старых чакала суровая кара: адных расстралялі, а другіх па-зверскузакапалі жывымі ў зямлю. Так 17 снежня 1942 года загінула першая жонка прадзеда, а таксама старэйшая дачка Стэфанія з васьмітыднёвым дзіцём. 28 жніўня 1960 года на тым месцы адбылося адкрыццё помнікаў памяць нявінна загінуўшых ахвяр фашызму. Сын Іван (1920 года нараджэння), які быў у партызанскіматрадзе “Чырвонагвардзейскі” з 10 лістапада 1942 года, 12 красавіка 1943 года быў забіты нямецкімі катамі ў вёсцы Андрошаўцы Шчучынскагараёна. Засталася адна дачка Ніна, якой было ў той час 16 гадоў. Але яна загінула па недарэчнай выпадковасці. Яе застрэліў маленькі хлопчык са стрэльбы, якая стаяла на ўсялякі выпадак, калі прыйдуць немцы. Прадзед, страціўшы апошнюю дачку, у злосці і роспачы хацеў забіць дзіця, але хлопчыка схавала пад сваю спадніцу яго маці. Іван Пятровіч змірыўся са стратай. Вайна ў каторы раз паспрабавала зламаць яго, але не змагла. Мой прадзед з чэрвеня 1942 года па 15 кастрычніка 1943 з’яўляўся сувязным партызанскага атрада “Чырвонагвардзейскі” Ленінскай брыгады Баранавіцкай вобласці. З 15 кастрычніка 1943 года па ліпень 1944 года лічыўся радавым партызанскага атрада “Барацьба” дадзенай брыгады. Меў кулявое раненне. Быў узнагароджаны 10 медалямі.

Другой жонкай майго прадзеда Івана стала Крупіца Мальвіна Віктараўна (1915 – 2001). Прабабуля Мальвіна – ураджэнка вёскі Шасцілы Мастоўскага раёна, якая ўваходзіла ў партызанскую зону. З чэрвеня 1942 па ліпень 1944 яна з’яўлялася сувязной партызанскай брыгады“Перамога”Баранавіцкайвобласці. Мела кулявое раненнеў бок, але куля, на шчасце,прайшла некалькі сантыметраў, незакрануўшы кішэчнік, і вярнулася назад, вырваўшы кавалак мяса.

Немец быў у шоку ад убачанага. Ён падышоў да Мальвіны і сказаў:

Уставай!

На што прабабуля яму адказала:

- Дабівай!

Але замест гэтага, яе доўга вадзілі і паказвалі іншым немцам як нешта фенаменальнае, што не паддаецца ніякаму тлумачэнню.

У самой жа прабабулі гэтае тлумачэнне было: у кішэні яе кажуха ляжала святое пісанне, якое, як яна цвёрда была ўпэўнена, і выратавала яе ад смерці. Прабабуля мела 11 узнагарод.

Яе мама, Крупіца Тэкля (мая прапрабабуля), падчас абстрэлу вёскі была паранена ў нагу, што прывяло да яе ампутацыі. Паколькі шпіталя побач нідзе не было, а быў толькі партызанскі лекар, то змайстравалі драўляны стол, далі выпіць ёй шклянку гарэлкі, паклалі на стол, прывязалі да яго вяроўкамі і адпілавалі нагу звычайнай пілой, якой пілавалі дровы. У якасці анестэзіі была толькі гарэлка. Прапрабабуля моцна крычала, але ампутацыя прайшла паспяхова, і яна пасля гэтага пражыла з адной нагой каля 14 гадоў.

У Івана і Мальвіны праз два гады пасля Перамогі нарадзілася дачка, якую яны назвалі Ніна. Гэта мама маёй мамы, мая бабуля.

Ніна выйшла замуж за Абухоўскага Іосіфа Іванавіча. Яго бацькамі былі Абухоўскі Ян Іпалітавіч і Абухоўская Серафіма Іванаўна – выхадцы з вёскі Старая Руда Парэцкага сельсавета Гродзенскага раёна. Адна з сясцёр прабабулі Сімы, Стэфанія, была вывезена на працы ў Нямеччыну. Але павінны былі забраць не яе, а старэйшую сястру, Гелену. Маці вырашыла, што тая не справіцца з усімі клопатамі і працай, што яе там чакаюць, бо Гелена была вельмі ціхая і спакойная. Тады за Гелену выдалі Стэфанію. За ўвесь час Стэфанія прыслала толькі адзін ліст, у якім пісала, што жыць і працаваць ёй вельмі цяжка, што яна трапіла да вельмі дрэнных гаспадароў, што жыве ў хляве разам са свіннямі і есць з імі з аднаго карыта. Больш нічога пра яе жыццё, на жаль, мы не ведаем. Верагодней за ўсё, там яна і загінула.

Такім чынам, вельмі жорстка і сурова прайшлася вайна па лёсе маіх продкаў. Вайна, ты пакінула столькі болю ў душах маіх родных, ты пакінула на іх сэрцах велізарныя незагойныя раны. Ты хацела забраць усё самае каштоўнае, што ў іх было, жыццё. Але не змагла. І ніколі ўжо не зможаш. Бо жыве на свеце мая мама, якой я дзякую за тое, што атрамала такі неацэнны падарунак – жыццё. І я зраблю ўсё, каб пражыць яго варта. Каб памятаць сваіх продкаў, ганарыцца імі, іх подзвігам, вучыцца ў іх дабрыні і мудрасці. І галоўнае – не дапусціць, каб наша мірнае неба, гэты непаўторны вясновы росквіт, гэты вясёлы шматгалосы спеў птушак парушыла злая і жорсткая сіла. І няхай радкі з дзіцячай песні будуць не проста радкамі, а дэвізам жыцця ўсіх людзей планеты Зямля:

Хай заўжды будзе неба!

Хай заўжды будзе сонца!

Хай заўжды будзе мама!

Хай заўжды буду я!

Редакция газеты «Гродненская правда»