Верш пра спатканне – на часовае развітанне. У праекце “Вершы на свята” – гісторыя ад Пятруся Броўкі
На фоне зімовага пейзажу Пятруся Броўкі – гісторыя чакання: едзе каханы. Гэта думкі аб ім спаць не даюць ці то мяцеліца, што б’е ў шыбы? А можа гэта думкі гераіні кружаць ды спяваюць? Чым больш чытаеш гэты верш, тым больш у ім аказваецца загадак і асацыяцый. Паслухайце самі.
Верш для вас, нашы чытачы, чытае Дар’я Барысевіч, пачынаючая актрыса, удзельніца дзіцячага тэатральнага калектыву “Гродзенскі званочак”, што створаны пры Цэнтры культуры Гродна.
– Мне вельмі падабаецца ўдзельнічаць у нашых пастаноўках. Мы іх паказваем у Гродна, іншых гарадах Беларусі. Таксама бываем за мяжой, – распавяла дзяўчынка. – Мне падабаецца бываць на фестывалях, там можна паглядзець шмат спектакляў іншых калектываў. Гэта цікава.
У Дар’і можна павучыцца не толькі артыстызму, але і ўменню арганізаваць свой час. Дзяўчынка яшчэ займаецца чырлідынгам, спявае, грае на фартэпіяна. Як усё паспець? Кожнаму занятку – асобны дзень, а ў суботу, калі няма ўрокаў, часу хапае на ўсё.
Вершам Пятруся Броўкі “Мяцеліца” пра такое чаканае спатканне мы завяршаем першую частку нашага праекта “Вершы на свята”. Але зусім хутка зноў будуць нагоды, каб парадаваць вас цудоўнымі радкамі беларускіх паэтаў у выкананні таленавітых жыхароў Гродзеншчыны.
Пятрусь Броўка
Мяцеліца
To разбяжыцца,
To пухам засцеліцца,
Гойкае, кружыць,
Спявае мяцеліца.
Сядзе пры садзе
За дрэвамі блізкімі,
Ў шыбы ударыць
Сыпучымі пырскамі.
Скача матляючы
Белай сарочкаю...
He! He заснуць табе
Гэтаю ночкаю.
Лесам, гаямі,
Крутымі разлогамі,
Сэрца гукаючы
Ходзіць дарогамі.
Рэха па звонкаму бору
Галёкае...
Едзе каханы
З граніцы далёкае.
Бліжай і бліжай
Вёскі ваколіца;
Думы аб любай
Сняжынкамі рояцца.
Скора ўжо, скора
Два сэрцы сустрэнуцца...
Гойкае, кружыць,
Спявае мяцеліца.
