Вялiкi канцэрт беларусаў памежжа на Падляссi: дзесяць гадзін “Сяброўскай бяседы”
Дзевятнаццаты раз польскае мястэчка Грудэк Падляскага ваяводства сабрала этнічных беларусаў памежных краін на фальклорны фэст “Сяброўская бяседа”. Больш за трыццаць самабытных калектываў з Беларусі, Польшчы, Літвы ды некалькі тысяч гледачоў з вечара да золку вялі сяброўскую бяседу праз песню, танец і трапнае слова на агромністай лясной паляне з амфітэатрам.
Гасцей з розных краін і месцаў прымаў мясцовы музыкальна-фальклорны ансамбль “Прымакі”, які зручна размясціўся на сцэне за вялізным сталом, а вёў імпрэзу яго кіраўнік Юрась Астапчук – аўтар і ініцыятар гэтага свята, кіраўнік культурнага цэнтра ў гміне Грудэк.
– Фестываль прэзентуе культурныя здабыткі памежнага с Беларуссю польскага рэгіёна з акцэнтам на культуру этнічных беларусаў, падтрымлівае ідэі сяброўства, узаемаразумення, спагады, – адзначыў Юрась. – Нішто так не аб’ядноўвае, як творчасць.
Творчы марафон доўжыўся каля дзесяці гадзін. Беларускую песню аднолькава цудоўна выконвалі гурты з абодвух бакоў памежжа. Сапраўдны фурор на фэсце зрабілі бярозаўскія “Крышталікі”. Узорны народны ансамбль дзіцячага танца Бярозаўскага ГДК пад кіраўніцтвам Жаны Лебядзевіч не толькі цудоўна адпрацаваў на сцэне, але і заводзіў публіку на “танцпаляне”. Войт гміны Веслаў Кулеша асабіста вітаў і віншаваў дзятву. Дарэчы, Веслаў знайшоў хвілінку выказаць шанаванне кожнаму замежнаму госцю фэста.
– Беларуская культура– неад’емны элемент памежжа, дзе ў сілу гістарычнай блізкасці адбылося ўзаемапра-нікненне традыцый і каранёў двух народаў, – падкрэсліў войт гміны Грудэк. – Мы шчыра падтрымліваем беларускі рух, гэты фэст і дзякуем усім яго ўдзельнікам.
Ён таксама адзначыў, што з году ў год мацуюцца культурныя, адукацыйныя, эканамічнныя сувязі з беларускім бокам: гміна мае дамову з Гродзенскім райвыканкамам і супрацоўнічае з гарадзенцамі па шэрагу пытанняў.
Яшчэ адзін калектыў з Бярозаўкі гледачы сустракалі вельмі цёпла– сваіх добрых знаёмцаў, пастаянных ўдзельнікаў фэсту – заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, вакальна-інструментальны ансамбль “Шкляры” пад кіраўніцтвам Андрэя Барылы. Парадавалі публіку і калектывы з Ваўкавыска: народны ансамбль народнай музыкі і песні “Уладары”, народны ансамбль песні і танца «Каларыт» і ансамбль песні і танца “Квецень”. Дарэчы, усе пяць калектываў з Гродзеншчыны выступілі бліскуча. Ды яшчэ й духмянымі караваямі здзівілі!

На фэсце па традыцыі праводзіўся конкурс на лепшы каравай і страву з бульбы.
Яркім акордам прагучалі выступленні заслужанага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Неруш” і заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля “Церніца” з Мінску. Калі група “Неруш” заспявала “Люблю наш край, старонку гэту…” – некаторыя гледачы не стрымалі слёз. Шмат прыемных хвілін падарылі калектывы з Польшчы “Rozśpiewany Gródek” ,“Vena mini”, “Dobryje Grajki”, “Asteria”, “Jesenny Liść”.
– Дзе б ты ні жыў, калі маеш беларускія карані, роднае слова і родная культура будуць хваляваць, – лічыць удзельніца гурта “Jesenny Liść” з мястэчка Грудэк Міраслава Антановіч.
Гурту больш за 20 год. Жанчыны залатога веку падтрымліваюць беларускую самабытнасць, спяваюць песні, якія атрымалі ў спадчыну ад продкаў. Сама пані Міра цудоўна вышывае крыжыкам беларускія ўзоры. Іконы, ручнікі, фартушкі, сурвэткі– вачэй не адвесці! Яе дом заўжды адчынены для турыстаў, якія часта наведваюць Падляссе.
Паводле апошняга перапісу, больш за 60 працэнтаў жыхароў гміны Грудэк, лічыць сябе этнічнымі беларусамі.
– Фэст “Сяброўская бяседа” з’яўляецца адным з найважнейшых мерапрыемстваў у культурнай праграме этнічных беларусаў, якія жывуць у Польшчы, але не адзіным, – гаворыць Ян Сычэўскі, старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы.– Мы падтрымліваем усе імпрэзы. Штогод ладзяцца Усепольскі фэст беларускай песні ў Беластоку, конкурсы дэкламацыі і песні для дзяцей і дарослых, прэзентацыі калядных калектываў, святы беларускай культуры, дажынкі, гасцёўні. Самадзейных калектываў, якія славяць беларускую культуру у Польшчы, больш за семдзесят. Больш за тры тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак вывучаюць родную мову як прадмет.
Ледзь адгучалі апошнія акорды фэсту ў Грудэку, у горадзе Семятычы Падляскага ваяводства пачаўся VII фэст “Культура без межаў“ у межах XIII міжнароднага Семятычскага памежнага кірмаша. У парку на беразе возера прэзентавалі розную тэхніку, прамысловыя і харчовыя вырабы, частавалі сырам і мёдам, калбасамі і печывам.

І калі ў Грудэку гучала пераважна беларуская песня, то тут калектывы прэзентавалі культуру ўсіх народаў, якія жывуць у Польшчы. “Старый клен” на рускай мове змяняўся ўкраінскай “Червонай рутай”, польскія песні– беларускімі, цыганскімі, яўрэйскімі. Гледачы дружна падпявалі артыстам, бо ведаюць усе гэтыя песні. Беларусь на фэсце прадстаўлялі калектывы з Мінску – заслужаны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Неруш” і заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль “Церніца”.

У імпрэзе прымалі ўдзел саветнік Пасольства Беларусі ў Польшчы Юрый Кулабухаў і старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі.
– Пасольства Беларусі ў Польшчы і культурны Цэнтр Беларусі, які дзейнічае пры Пасольстве, традыцыйна падтрымліваюць фестывальны рух, садзейнічаюць таму, каб беларуская культура была дастойна прадстаўлена ў Польшчы, а беларускае слова і песні гучалі на тэрыторыях, дзе жыве этнічная большасць беларусаў, – адзначыў Юрый Кулабухаў. – Беларусы ва ўсім свеце павінны адчуваць, што яны – частка вялікай беларускай супольнасці.
