Выстава “Поле памяці. Альфа і Амега” да 75-годдзя Вялікай Перамогі адкрылася ў выставачнай зале на вуліцы Ажэшкі

Выстава “Поле памяці. Альфа і Амега”  да 75-годдзя Вялікай Перамогі адкрылася  ў выставачнай зале на вуліцы Ажэшкі

Аўтар работ – мастак Уладзімір Казакоў, якога многія ведаюць як манументаліста, што стварыў шэраг мазаік і вітражоў, займаўся афармленнем дзіцячых садкоў, устаноў культуры, у тым ліку на радзіме, у Расіі. Адначасова займаецца станкавым жывапісам, у якім аддае перавагу пейзажу, тэматычным кампазіцыям гістарычнага і сацыяльнага характару. Іх якраз і можна пабачыць на чарговай выставе.

DPP_47619.JPG

Назва “Поле памяці” аб’ядноўвае ўсе выставы мастака.

DPP_47625.JPG
– “Поле памяці” бязмежнае: я нарадзіўся, вучуся, жыву… І ўсё, што бачу, і ёсць поле памяці, – адзначыў аўтар. – Гэта выстава прымеркавана да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Нашу сям’ю, як і многія сем’і, не абмінула вайна. Я нарадзіўся на Браншчыне, і наша сяло Упруссы – яшчэ адна Хатынь: яно было поўнасцю спалена, засталіся жывымі толькі некаторыя жыхары. Падчас вайны загінулі восем маіх родзічаў. Мой бацька франтавік, дзядзька-танкіст вызваляў Мінск, дайшоў да Германіі. Таму тэма вайны блізкая мне.

На выставе прадстаўлены працы і 90-х гадоў, і сучаcныя. Да прыкладу, адна з апошніх была напісана два гады таму, што чарговы раз падкрэслівае: тэма вайны праходзіць праз усю творчасць мастака.

DPP_47617.JPG

– Сёння на выставе прадстаўлена 36 работ Уладзіміра Казакова, у тым ліку вельмі вялікага фармату, што адразу паказвае: Уладзімір Казакоў – мастак-манументаліст. Дэкаратыўныя рашэнні і падыходы, стылізацыя, спалучэнне абстрактных і рэалістычных форм – усё гэта характэрна для яго прац, – адзначыла дырэктар выставачнай залы Ірына Сільвановіч.

DPP_47615.JPG

Карціны можна літаральна “прачытваць” па розных сімвалах. Вось крыж-накрыж на полі ляжаць два танкісты – савецкі і нямецкі. Як распавядае аўтар, гэта Прохараўскае поле. Сімволіка ў тым, што абодва салдаты змагаюцца за поле – не толькі кавалак зямлі, але і за поле жыцця. Ёсць праца “Прабуджэнне монстра”, яна складаецца з дзвюх гарызантальных частак, кардынальна супрацьлеглых па каларыстыцы. Зверху – жанчына, яна ж маці, унізе – монстр, падобны ні то на жалезнага звера, ні то на разабраную зброю. І ў нашых сілах супрацьстаяць гэтаму монстру.

DPP_47609.JPG

Тэму вайны дапаўняюць пейзажы з сучаснымі краявідамі Гродна, якія паказваюць ужо мірнае жыццё. Суседства з жорсткімі, нават у лініях і фарбах палотнамі, асабліва выразна падкрэслівае: мір, які мы маем сёння, дастаўся вельмі дарагой цаной. Пакаленне пераможцаў яго заваявала, а мы адказныя за тое, каб захаваць.

DPP_47620.JPGDPP_47622.JPGDPP_47623.JPGDPP_47621.JPGDPP_47627.JPG

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»