Ярка, крэатыўна, на адным дыханні. У Жалудку традыцыйна прайшоў XV фестываль кветак

Ярка, крэатыўна, на адным дыханні. У Жалудку традыцыйна прайшоў XV фестываль кветак

На фестываль прыехалі фермеры, мастакі, кветкаводы.

Як звычайна прыехалі на фестываль майстры са сваімі паробкамі, аматары-кветкаводы з прыгожымі раслінамі, фермеры з уласнай прадукцыяй і многія іншыя. А ўжо пра кветкавыя кампазіцыі, саламяныя творы, розныя выпяканцы ды нацюрморты з садавіны і гародніны і гаварыць няма чаго. Дзе яшчэ такое ўбачыш!

Паездка на жалудоцкі фестываль для Леаніда Верацілы з Мастоў стала ўжо добрай традыцыяй. Кожны раз ён прывозіць на рэалізацыю мёд. І на гэты раз тавар быў на любы густ: майскі, з акацыі, маліны і васількоў, а таксама з ліпы, канюшыны і розных траў.

img_6031_1.jpg

Аліна Малашка са Шчучына вырашыла прапанаваць удзельнікам свята свае творы з папяровай лазы. Яна таксама кожны год прыязджае ў Жалудок. Паколькі ў свае вырабы жанчына ўкладвае душу, пакупнікі гэта адчуваюць і абавязкова набываюць такі эксклюзіўны тавар.

img_6052_1.jpg

img_6173_0.jpg

img_6183_1.jpg

Многія аматары-кветкаводы радуюцца прыгажосці хрызантэм, ірысаў і іншых кветак, набытых у шчучынкі Святланы Будрэвіч. І на гэты раз яна прывезла на фестываль мноства раслін.

Толькі дзіву даешся, якія цудоўныя, крэатыўныя ідэі рэалізоўваюць праз свае творы ўдзельнікі кветкавага свята. Як расказалі, напрыклад, работніцы Жалудоцкага агракомплексу Галіна Бекіш і Рэгіна Календа – аўтары ўнікальнай кампазіцыі, яны на працягу ўсяго года назапашваюць розныя ідэі, каб потым іх паспяхова рэалізаваць. І на гэты раз атрымаўся сапраўдны рукатворны шэдэўр: белыя галубы – сімвал міру, унікальная кветкавая кампазіцыя – гэта букет для фестывалю, які праводзіцца сёлета ў 15-ы раз. Тут жа і кола гісторыі, якое можа дапамагчы вярнуцца ў мінулае – сімвал Года гістарычнай памяці. Дарэчы, кветкі яны стараліся выкарыстоўваць такія, што растуць у гаршчочках, каб дарэмна не нішчыць прыгажосць, блага ў гаспадарцы ёсць свая цяпліца.

Ну ніяк было не прайсці міма падворкаў Астрынскага, Васілішкаўскага, Ражанкаўскага, Каменскага, Першамайскага, Мажэйкаўскага сельсаветаў, ясляў-сада г.п. Жалудок  і многіх іншых падворкаў. Абавязкова штосьці прыцягне ўвагу, а то і паспрабуеш васілішкаўскага кваску з пірагом, ці каменскіх абрыкосаў. Аматараў лазні і добрага парку гасцінна прымалі на падворку Шчучынскага сельсавета – вось дзе можна было набыць сапраўдны веснічак для пару, дый яшчэ з траўкамі! Нават кветкавае кафэ працавала, у якім наведвальнікі маглі паласавацца садавінай і гароднінай, і што не малаважна – захаваць сваю фігуру. А арганізавалі яго крэатыўныя прадстаўнікі калектыву дзіцячага садка № 4 г. Шчучына.

І вось наступае кульмінацыйны момант – XV фестываль кветак адкрываюць старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Міхаіл Сушчэўскі, дырэктар Жалудоцкага агракомплекса Станіслаў Гузень, старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Цывінскі і былы старшыня Шчучынскагка раённага Савета дэпутатаў, які стаяў у вытокаў правядзення фестывалю кветак, Аляксандр Васько.

Па традыцыі на сцэну паднімаюцца ўдзельнікі конкурсу на лепшы кветкавы касцюм. Іх змяняць прыгажуні з кветкавымі вяночкамі. Ой складаная задача прадстаяла журы: не так проста сярод такога хараства назваць самых лепшых!

І тым не менш, пераможцы былі вызначаны. І не толькі ў гэтых конкурсах. У конкурсе на лепшы кветнік Шчучыншчыны сярод грамадзян сталага ўзросту пераможцамі сталі жыхары аг. Васілішкі Тарэса Станіславаўна і Леанард Адамавіч Бярдоўскія, другое месца ў Валянціны Станіславаўны і Канстанціна Людвікавіча Шафарэвічаў – жыхароў ст. Ражанака, а трэцяе заняла Галіна Іванаўна Танкевіч – жыхарка аг. Каменка.

img_6212_0.jpg

img_6484_3.jpg

img_6565_1.jpg

Шматлікія ўзнагароды пераможцам конкурсу ўручыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна. У конкурсе касцюмаў першае месца атрымаў касцюм, створаны Шчучынскім палацам творчасці дзяцей і моладзі, другое – касцюм Жалудоцкага дома культуры, а трэцяе – касцюм Орлеўскага дз/с-СШ.

У конкурсе на самы прыгожы кветкавы вяночак перамог вянок Скрыбаўскага дз/с-СШ, на другім месцы – вянок Дэмбраўскага сельвыканкама, а на трэцім – вянок ясляў-сада №7 г. Шчучына.

Узнагароды за лепшы букет атрымалі Каменскі сельвыканкам, яслі-сад №4 г. Шчучына і гімназія г. Шчучына, за лепшую кветкавую кампазіцыю – Жалудоцкі агракомплекс, яслі-сад г.п. Жалудка, Жалудоцкі ўчастак Шчучынскага РУП ЖКГ. У намінацыі "Запрашаем да стала гасцей" ўзнагароджаны Лядскі сельвыканкам, Васілішкаўскі сельвыканкам і Першамайскі сельвыканкам, а ў намінацыі "Святкуем спас" за лепшы пірог з яблыкамі і квас – Жалудоцкі дом культуры, Каменскі сельвыканкам і Орлеўскі сельвыканкам.

Падчас фестывалю былі ўзнагароджаны і пераможцы конкурсаў саламяных скульптур "Казкі нашага дзяцінства" і народных майстроў "За здаровы лад жыцця". Лепшымі саламянымі скульптурамі прызнаны творы Жалудоцкага агракомплексу, ААТ "Шчучынаграпрадукт" і Васілішкаўскага сельвыканкама, а лепшымі майстрамі ганарацца ў Жалудоцкім агракомплексе, у Шчучынскім і Першамайскім сельсаветах.

img_6114_0.jpg

img_6293_1.jpg

img_6106_1.jpg

img_6109_0.jpg

Падчас свята свае музычныя нумары дарылі гасцям выхаванцы Шчучынскга ПТДіМ, дзіцячага садка №4 г. Шчучына, Жалудоцкага ДК, а таксама самадзейныя артысты з Васілішак, Жалудка і Шчучына. Хто слухаў музыку, а хто разам з дзецьмі накіраваўся на гульнявыя пляцоўкі – вось дзе было раздолле для юных удзельнікаў свята! Кожны, каму было цікава, нават мог уявіць сябе на хвілінку пажарным і пасядзець у кабіне пажарнай машыны – работнікі Шчучынскага РАНС адказвалі на ўсе пытанні дзетвары.

– Мы прыязджаем на фестываль не першы раз, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Аксана Балобан. – Дзе яшчэ можна ўбачыць такое хараство! Падчас такога свята ахоплівае асаблівы гонар за нашу любую родную Шчучыншчыну, дзе жыве так многа сапраўдных майстроў і народных умельцаў, такіх творчых, крэатыўных людзей. Цудоўнае свята!

Бывай, фестываль! Да сустрэчы ў наступным годзе!

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»