Юзэфа Старасціна з Іўеўшчыны: «Мая мара збылася – я пабывала на "Славянскім базары ў Віцебску"»

Юзэфа Старасціна з Іўеўшчыны: «Мая мара збылася – я пабывала на "Славянскім базары ў Віцебску"»

Галоўная мэта прыезду ў Віцебск Юзэфы Старасцінай – удзел у кірмашы рамёстваў “Горад майстроў”.

Пабываць на “Славянскім базары” – было адной з галоўных маіх мараў. І зараз, у год юбілейнага, трыццатага па ліку фестываля, яна збылася. Мае ўражанні і пачуцці цяжка перадаць словам, сэрца перапаўняюць самыя шчырыя эмоцыі.

Напярэдадні ад’езду ў Віцебск мае родныя, блізкія, сябры тэлефанавалі, цікавіліся, як я настроена, чаго чакаю ад фестываля, разам з тым жадалі набрацца самых прыемных уражанняў і цікава правесці час. Ужо не церпіцца падзяліцца убачаным з імі па прыездзе дамоў, дзе мяне ўсе вельмі чакаюць.

Галоўная мэта майго прыезду сюды – удзел у кірмашы рамёстваў “Горад майстроў”. Сюды з’ехаліся выдатнейшыя таленавітыя умельцы з розных куточкаў Беларусі і нават іншых краін. У нашым горадзе чаго толькі не пабачыш! Як цудоўна, што народная творчасць квітнее і развіваецца, што майстры раскрываюць свае таленты ў самых незвычайных кампазіцыях і вырабах. Галоўнае, што дае мне удзел у гэтым праекце, – магчымасць падзяліцца сваім вопытам і пераняць яго ў другіх. Гэта натхняе на новыя ідэі, задумкі. Наглядзеўшыся на незвычайнай прыгажосці вырабы, хочацца хутчэй расказаць аб убачаным калегам-майстрам. Упэўнена, гэта стане для нас новым штуршком для плённай працы.

Што яшчэ здзіўляе – людзі. Жыхары Віцебшчыны, госці свята, нават артысты – усе ўсміхаюцца, знаходзяцца ў добрым настроі, падтрымліваюць ласкавым словам, выказваюць словы падзякі. Гэта вельмі прыемна. Увогуле аб тым, што ў Віцебску праходзіць фестываль, гаворыць кожны куточак, кожны завулачак горада. Усё пранікнута святам, пазітывам, паўсюль каларытныя лакацыі, выставы, канцэрты, конкурсы, канферэнцыі… Напэўна, каб і хацеў, ну не хопіць сіл і часу усюды пабываць.

Мой удзел у фестывалі працягваецца. Няма сумненняў, што эмоцый і ўражанняў будзе яшчэ больш. І гэта самае лепшае, што магло са мной адбыцца. Я шчыра спадзяюся, што гэта не апошні мой прыезд на “Славянскі базар”. Гэта месца, куды хочацца вяртацца зноў і зноў. Што яшчэ я для сябе падкрэсліла – паўсюль у паветры вітае дух адзінства беларускага народа. Няпросты зараз час. Нейкія палітычныя неўрадзіцы, ціск на нашу краіну з-за мяжы, санкцыі і астатняе – усё гэта адыходзіць на другі план і губляе сваю вясомасць. Дзякуючы такім мерапрыемствам чарговы раз становіцца зразумела: няма нічога лепшага за мір і спакой на зямлі, за магчымасць арганізоўваць такія маштабныя святы на прасторах роднай краіны і праслаўляць яе, рабіць усё, каб Беларусь развівалася і квітнела.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»