З багатай здабычай вярнуліся актывісты школы фалькларыстаў з этнаграфічнай экспедыцыі ў Шчучынскі раён

З багатай здабычай вярнуліся актывісты школы фалькларыстаў з этнаграфічнай экспедыцыі ў Шчучынскі раён

Рарытэты з засекаў
 
Як паведаміла "Перспективе" вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч, першай кропкай ў аднадзённым падарожжы напрыканцы ліпеня стала вёска Пяцюляўцы. Гасцей сустрэлі Тарэса і Антон Юшкевіч. Ад сваёй унучкі Вікторыі Ланеўскай,  загадчыцы аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў, яны даведаліся пра стварэнне новай музейнай экспазіцыі ў Зарачанцы. І адразу прапанавалі перадаць туды хамут, маслабойку, сявеньку, жалязку, кошык для сушэння кілбасаў, вышытыя карціны і прылады працы для апрацоўкі льну – прасніцу, матавіла, калаўрот. Гэтыя рэчы калісьці належалі бацькам Антона Станіслававіча. Дарэчы, хата сям’і Юшкевіч – таксама бацькоўская вотчына.
 
Уразіў даследчыкаў гісторыі, традыцый і побыту нашага народа даматканы дыван: 88 гадоў таму яго саткала цётка Тарэсы Альфонсаўны Марыя Запаснік з вёскі Казацкіе Шчучынскага раёна. З цікавасцю разглядалі яны і старыя фотаздымкі. Кожная фотакартка – сапраўдная знаходка, бо гэта падзея, выпадак з жыцця нашых бацькоў і дзядоў. На развітанне гаспадар запрасіў рупліўцаў прыехаць у Пяцюляўцы зноў: «Яшчэ маю старыя жорны, сячкарню і акардэон, але працую з імі: мялю муку, рэжу сечку і граю на акардэоне жонцы для душы».
 
У Хадзілонях іх ўжо чакалі дзяжа, лапата, якой з печы даставалі хлеб, цэбар, барана, плуг... Прадметы для ўзворвання і апрацоўкі зямлі, пакосу, вязання снапоў, памолу збожжа зрабіў памерлы муж 80-гадовай Веры Прэцкайла Станіслаў Людвікавіч. Яна амаль 45 гадоў пражыла ў вёсцы, а нядаўна перабралася да дачкі Ірыны Стральчэні ў Абухава. Вера Пятроўна вельмі ганарыцца, што дзякуючы яе дачцы і іншым неабыякавым да мінулага людзям існуе пакой «Сялянская хата» ў аграгарадку. Таму з задавальненнем згадзілася дапамагчы зрабіць падобны і ў Зарачанцы.
 
Вера Пятроўна расказала этнографам з Гродзенскага раёна, адкуль пайшла назва вёскі. Яна чула ад старэйшых людзей, што ў даўнія часы, калі быў суцэльны лес, тут палявалі на дзікіх жывёлаў. Аднойчы паляўнічыя ўбачылі грацыёзных істот і аж знямелі ад іх прыгажосці. Там, «дзе хадзілі лані», і былі заснаваны Хадзілоні.
 
Сама Ірына Станіславаўна пазнаёміла з асаблівасцямі гаворкі хадзілонцаў. Вось толькі частка незвычайных слоў, якія занатавалі ўдзельнікі экспедыцыі: арбонак (аўтобус), граняк (гранёная шклянка памерам 250 грамаў), грабунцы (невялікія жалезныя граблі, якія прызначаны для падграбання дробнага смецця), дрынка (вялікая скрыня, у якой раней хавалі прадукты харчавання), канька (каністра), каш (вялікі кош для сена), пляцка (печыва на патэльні), сячанка (памяшканне ці месца ў адрыне, дзе рэжуць каровам сечку), цыганы (звараная і абсмажаная на патэльні бульба), шмаравідла (фарба), юпэчка (спадніца).
 
Унікальныя  кросны яны знайшлі ў вёсцы Галынка. Уладзіслава Вянсковіч тут нарадзілася, выгадавала траіх дачок, працавала на спецыялізаванай базе ў Шчучыне па вывядзенню новых гатункаў насення і бульбы. Акрамя таго, жанчына была таленавітай ткачыхай. У 2006 годзе Уладзіславы Аляксандраўны не стала. Дачка Яніна Мармыш на сямейнай радзе вырашыла расстацца з самаробным драўляным ткацкім станком і жорнамі. Хатнія рэліквіі зоймуць пачэснае месца ў будучым этнаграфічным музеі Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці, дзе працуе яе сын Яўген.
 
Шукальнікам даўніны дазволілі ўвайсці ў старую хату. Пад акном, якое даўно забіта жэрдкамі і цвікамі, яны ўбачылі запраўленыя кросны. Дыван так і застаўся недатканым майстрыхай (ёй быў 81 год).
 
– Гэта будзе самы галоўны і каштоўны экспанат у нашым музеі. Я сам навучуся ткаць, – запэўніў Яніну Іванаўну загадчык Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці Дзяніс Балабуеў.
 
«На магіле ўзыду дубам...»
 
Нашы работнікі культуры наведалі мемарыяльны комплекс «Музей-зямлянка» ў вёсцы Зачэпічы на самай мяжы Шчучынскага, Мастоўскага і Дзятлаўскага раёнаў. Ён адкрыты на месцы базіравання штаба партызанскага злучэння Шчучынскай зоны, утворанага 18 красавіка 1943 г., якім камандаваў Сцяпан Шупеня. Музейная экспазіцыя разгарнулася і ў адноўленай зямлянцы. Сёння вакол зелянее высокай сцяной бор, паблізу павольна коціць хвалі Нёман. Нішто не нагадвае пра тое, як ў гады Вялікай Айчыннай вайны народныя мсціўцы змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
 
У Старым Двары, дзе знаходзілася радавое гняздо Цёткі, вандроўнікі запалілі лампадку і моўчкі пастаялі каля яе надмагільнай пліты. Побач з мемарыялам ляжыць ствол дуба. На ім высечаны радкі вялікай паэткі: «На магіле ўзыду дубам, Пачну шаптаць братнім губам аб іх долі, аб свабодзе, Стану песняй у народзе!». Фальклор быў той крыніцай, якая жывіла творчасць Цёткі. А скарбніца яго – беларуская глыбінка. Досвед жыхароў вёсачак варты пераймання. Этнаграфічныя экспедыцыі і прызначаны для таго, каб збіраць гэтыя крупінкі народнай спадчыны, захоўваць і надаваць новае жыццё. Бо любоў да Бацькаўшчыны, свайго народу і роднай мовы, згодна Алаізы Пашкевіч, – той скарб, які ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее.
Редакция газеты «Гродненская правда»