З Гродна ў Бялынічы. Вершы, казкі і нават песні: што прадставяць гродзенскія літаратары на Дні беларускага пісьменства

З Гродна ў Бялынічы. Вершы, казкі і нават песні: што прадставяць гродзенскія літаратары на Дні беларускага пісьменства

Творцы, выдаўцы, кнігараспаўсю-джвальнікі і, зразумела, чытачы зноў сустрэнуцца на Дні беларускага пісьменства. Сёлета свята кнігі і яе прыхільнікаў адбудзецца на Магілёўшчыне ў горадзе Бялынічы 5 і 6 верасня.

Адным з традыцыйных складнікаў свята будзе прэзентацыя новых выданняў, сустрэчы з пісьменнікамі, аўтограф-сесіі. Сваю праграму рыхтуюць і творцы Гродзеншчыны. Пра святочныя планы распавяла старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч.

Слова і думкі

5 верасня ў сталіцы Дня беларускага пісьменства пройдзе міжнародны круглы стол, які, мяркуецца, аб’яднае ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы, Украіны, Азербайджана, Сербіі, Казахстана і іншых краін. Падчас абмеркаванняў будзе ўздымацца важная для ўсіх краін свету тэма ўздзеяння слова на свядомасць людзей, садзейнічанне міру. Творцы Беларусі, у тым ліку гродзенцы, таксама далучацца да работы круглага стала.

Музычны акорд свята

Пляцоўка “Слова пісьменніка”, дзе будуць праходзіць прэзентацыі кніг творцаў з кожнай вобласці, размесціцца на цэнтральнай плошчы горада. Актыўна працаваць яна будзе два дні.

– Мы таксама рыхтуем праграму, назвалі яе “Край, дзе пачаўся мой лёс”, – распавяла Людміла Кебіч. – Плануем прачытаць свае лепшыя паэтычныя і празаічныя творы пра малую радзіму і Гродзеншчыну. Таксама будзем спяваць: песні, напісаныя на вершы гродзенскіх аўтараў.

Менавіта ў гэтым жанры выступяць сама Людміла Кебіч, а таксама Андрэй Татур. Дарэчы, у гэтым годзе ён стаў пераможцам абласнога літаратурнага конкурсу імя Цёткі ў намінацыі “Адкрыццё года”. Нагадаем, галоўным прызам былі сродкі для выдання кнігі. Зборнік вершаў “Ключ от всех дверей” ужо пабачыў свет і прадстаўляе Андрэя Татура ў новым амплуа: многія ведаюць яго як музыканта, выканаўцу, удзельніка і кіраўніка студыі “Хуліган Бэнд”. У рэпертуары гурта багата песен Андрэя Татура, піша іх гродзенец на свае вершы, таму выданне паэтычнага зборніка вельмі лагічна. Ахвотна музыкант пагадзіўся ўзяць удзел у Дні беларускага пісьменства. На свяце ён прэзентуе сваю першую кнігу і песенную творчасць.

Сустрэчы з пісьменнікамі

Сёлета адразу тры кнігі выйшлі ў вядомай дзіцячай пісьменніцы Ганны Скаржынскай-Савіцкай: зборнікі казак, апавяданняў і вершаў. Мікалай Іваноўскі прадставіць паэтычныя зборнікі, у адным – байкі і вясёлыя вершы, другі складае лірычная паэзія. Пазнаёміцца з імі і набыць, атрымаўшы аўтограф аўтара, можна будзе на свяце.

Таксама Гродзеншчыну літаратурную прадставяць такія выданні, як зборнік паэзіі “Поединок” Георгія Кісялёва, краязнаўчая кніга пра развіццё адукацыі на Карэліччыне Святланы Кошур, зборнік нарысаў пра музыку Віталія Радзівонава, гістарычна-прыгодніцкая аповесць “Карона Вітаўта” Уладзіміра Саласюка, выданне якой таксама мяркуецца да свята, а яшчэ кнігі Дзмітрыя Радзівончыка, Людмілы Шаўчэнкі і іншых аўтараў. Да 75-годдзя Вялікай Перамогі пабачыў свет і таксама будзе прэзентаваны паэтычны зборнік “Память огненных лет”, у які ўвайшлі творы прадстаўнікоў адразу трох творчых аб’яднанняў – абласнога аддзялення СПБ, клубаў “Надзея” і “Три свечи”.

– Працягваем нашу серыю “Звезды гродненского спорта”. У гэтым годзе выйшлі кніга Ірыны Фаменковай, прысвечаная абласному дыспансеру спартыўнай медыцыны, і Георгія Кісялёва пра Алену Валчэцкую. Неўзабаве пабачыць свет аповесць пра Аляксандра Трыпуця, аўтар – Руслан Казлоўскі, – расказала старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі.

Напісаныя ў Гродне, надрукаваныя ў Мінску, прэзентаваныя ў Бялынічах

Сустрэцца з гродзенскімі аўтарамі аматары кнігі і чытання змогуць і на пляцоўцы выдавецтва “Народная асвета”, там таксама будуць адбывацца прэзентацыі.
У сталічным выдавецтве сёлета выйшлі тры кнігі Галіны Богдан (творчы псеўданім – Ліна Багданава) з серыі для падлеткаў “В контакте”. Прэзентацыя і аўтограф-сесія пройдуць у павільёне “Народнай асветы”.

– Кнігу “Бэрак, Бэрак, дай цукерак”, якая днямі пабачыць свет, прадстаўлю і я, – адзначыла Людміла Кебіч. – Гэта зборнік вершаў для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту пра беларускіх міфалагічных герояў, сярод якіх Бабай, Баюн, Лізун, Хабёр, Лясун, Жыцень ды іншыя. Выданне – у дапамогу настаўнікам, выхавацелям і, у першую чаргу, бацькам.

Творчая скарбонка Гродзеншчыны

Штогод члены абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі выдаюць больш за паўтара дзясятка кніг. Навінкі і самыя цікавыя будуць на свяце.

Варта сказаць, што на рахунку гродзенскіх літаратараў багата публікацый у калектыўных зборніках, у тым ліку замежных: польскім часопісе “Паэзія сёння”, зборніку перакладаў з расійскай і ўкраінскай моў у межах фестывалю “Берега дружбы”, альманаху “На одном языке” (Разань), зборніку “Ступени” Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, літоўскім альманаху “Текме” (Плынь) ды іншых.

Бліжэй, прычым не толькі праз кнігі, пазнаёміцца з сучаснымі творцамі Гродзеншчыны змогуць госці свята беларускага пісьменства ў Бялынічах.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»