За Летапіс царквы нараджэння Божай Маці Лідская гарадская бібліятэка №4 атрымала Гран-пры рэспубліканскага конкурсу
Днямі ў Мінску былі падведзены вынікі VI рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Яго галоўнай узнагародай Гран-пры адзначана праца Лідскай гарадской бібліятэкі №4 па даследаванни гісторыі Царквы ў вёсцы Дакудава.
– З 2014 года пры бібліятэцы №4 працуе епархіяльная бібліятэка Свята-Міхайлаўскага сабора горада Ліды. Там актыўна вядзецца асветніцкая работа з чытачамі, супрацоўнікі займаюцца праваслаўным краязнаўствам, – распавяла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч.


Да прыкладу, у 2019 – 2020 гадах бібліятэкары філіяла працавалі над пошукам інфармацыі пра Царкву Нараджэння Божай Маці ў вёсцы Дакудава, ікону Божай Маці Іверскай, што там захоўваецца, прападобнамучаніка Галакціёна, які быў прыхаджанінам царквы, а пасля прыняў манашаскі пострыг. Дапамагалі супрацоўнікам кніжніцы сакратар Лідскай епархіі протаіерэй Максім Цыгель і настаяцель прыхода храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы іерэй Іаан Пяшко.

Інфармацыю пра храм шукалі ў пісьмовых крыніцах, газетных публікацыях, шмат цікавага распавялі мясцовыя старажылы, прыхаджане. Вынікам вялікай працы сталі Летапіс царквы Нараджэння Божай Маці, а таксама буклеты “Ікона Божай Маці Іверскай” і “Дарога веры. Прападобны Галакціён (Урбановіч-Новікаў)”. Летапіс распавядае пра гісторыю мястэчка Дакудава, а таксама лёс праваслаўных храмаў, што існавалі тут, і, канешне, непасрэдна пра царкву Нараджэння Багародзіцы, яе ролю як раней, так і ў сёняшні час.
Буклеты і Летапіс існуюць у адзіным экзэмпляры, але пазнаёміцца з імі можа кожны чытач бібліятэкі №4 горада Ліды.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
