Замкавы комплекс «Мір» не перастае здзіўляць сваіх наведвальнікаў новымі фарматамі музейнай дзейнасці

Замкавы комплекс «Мір» не перастае здзіўляць сваіх наведвальнікаў новымі фарматамі музейнай дзейнасці

На гэты раз спіс незвычайных экскурсій, у ліку якіх ужо была тэатралізаваная, папоўніўся экскурсіяй з элементамі дэгустацыі пад назвай «У госці да Пане Каханку».
Патрапіўшы ў Мірскі замак, удзельнікі самі стануць героямі тэатралізаванага прадстаўлення. Пасля экскурсіі па рэканструяваных памяшканнях падвала турыстаў чакае дэгустацыя напояў і страў нацыянальнай беларускай кухні ў памяшканні рэстарана “Княжацкі двор”.
Як сцвярджаюць стваральнікі праекта, ад гасцей чакаюць праяўлення актыўнасці ў час правядзення інтэрактыўнай часткі экскурсіі. Несумненна, асноўныя мэты экскурсіі – даць уяўленне пра традыцыйныя беларускія стравы і напоі, пазнаёміць турыстаў з асаблівасцямі традыцыйнай беларускай кухні.
Падчас незвычайнай экскурсіі галоўны лоўчы пан Мацей раскажа гасцям пра паляванне, а цыганскі кароль Ян Марцінкевіч парадуе ўсіх танцамі. Не менш цікавай будзе сустрэча з сястрой князя  княгіняй Тэафіліяй Канстанцыяй, якая паведаміць удзельнікам, як можна размаўляць пры дапамозе веера.
Асаблівая ўвага ў ходзе падрыхтоўкі экскурсіі надавалася, вядома ж, меню. Госці князя змогуць пакаштаваць паштэт з мяса лася і каўбасу з дзічыны, паспрабаваць крамбамбулю і медавуху…
Як адзначылі кіраўнікі праекта, экскурсія з элементамі дэгустацыі – абсалютна новы турыстычны прадукт для музея. Гэта яшчэ адзін эфектыўны інструмент для прыцягнення як беларускіх, так і замежных турыстаў, яшчэ адзін спосаб прадэманстраваць багацце нацыянальнай беларускай кухні, яе каларыт і самабытнасць.
Редакция газеты «Гродненская правда»