“Жыццё маё не заўсёды ішло як па масле”. Так сцвярджае ветэран, працаўніца тылу Вера Рыгораўна Маслава

2-4.jpg
Жыццелюбівай жанчыне – 88 гадоў. І гэта той выпадак, калі ўзрост не мае ўлады над чалавекам. Гаваркая, добразычлівая – яна заўжды гатова для шчырай размовы. Вера Рыгораўна – ураджэнка сяла Тойкіна, што ў Пермскай вобласці. Яе памяць і сёння ўтрымлівае ўсё да драбніц – і светлае, і цёмнае.

– У школу хадзіла ў лапцях і калошах, дрэнна апранутая. Спазнала голад і нястачу. А вучылася добра. Як выдатніцы мне выдзелілі матэрыі на сукенку. Да гэтай пары памятаю яе колер – жоўты ў чорную клетачку, – дзеліцца мая субяседніца.

Чорным пэндзлем прайшлася па жыцці вайна. На фронце было складана, у тыле не лягчэй. З 1942 па 1945 год Вера працавала ў калгасе: разам з сястрой пасвіла грамадскую жывёлу. Было цяжка. Здаралася, на ўвесь дзень худзенькія работніцы дзялілі бутэльку малака і ляпёшку, прыгатаваную мамай з дабаўленнем… лісця.

Пасля заканчэння 7 класаў яна паехала ў Перм: працавала ў бактэрыялагічным інстытуце выдзімальшчыцай шкляных ампул, жыла па чужых людзях. Потым быў Балтыйск, дзе ўладкавалася сястрой-гаспадыняй у шпіталь. У гэтым горадзе і сустрэла свайго будучага мужа Уладзіміра Васільевіча Маслава – кадравага ваеннага. “Харошы чалавек, – з цеплынёй успамінае жанчына свайго спадарожніка жыцця. – Дрэннага слова не сказаў, ніколі не пакрыўдзіў. Супакойваў мяне: “Што ёсць, тое папалам і падзелім”. У сям’і нарадзіліся два сыны і дачка. Дарэчы, менавіта дачка Наталля дзесяць год таму забрала Веру Рыгораўну да сябе ў Шчучын, які калісьці стаў прычалам і для яе сям’і. “Не едзь, там іншыя грашовыя купюры, будзе нязвыкла”, – перасцерагалі знаёмыя. Не паслухала і не шкадуе: з новымі купюрамі разабралася, да жыцця ў гарадку прызвычаілася, з мясцовымі людзьмі паладзіла.

Са светлым сумам успамінае яна сына Жэню, які заўчасна завяршыў свой зямны шлях. З цеплынёй і ўдзячнасцю гаворыць пра сына Славу. Ён жыве ў Маскве, але наведвае матулю.

На развітанне я пажадала Веры Рыгораўне здароўя і даўгалецця. Не памылюся, калі скажу, што таго ж зычаць ёй яе дзеці, шасцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў.

Редакция газеты «Гродненская правда»