Змалоць збожжа, выткаць ручнік. Этнаграфічны музей у гарадскім парку Смаргоні прапануе гасцям Дажынак-2019 інтэрактыўныя забавы

Змалоць збожжа, выткаць ручнік. Этнаграфічны музей у гарадскім парку Смаргоні прапануе гасцям Дажынак-2019 інтэрактыўныя забавы

Музейна-этнаграфічная экспазіцыя “Ад сявенькі да хлеба” раскінулася пад адкрытым небам у гарадскім парку Смаргоні. Тут прадстаўлена нематэрыяльнае багацце Гродзенскага краю: унікальныя сапоцкінскія пісанкі, падвойныя дываны з вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна, вырабы простага двухніткавага і белаўзорыстага ткацтва з Ваўкавыскага і Лідскага раёнаў, выцінанкі-выбіванкі з Навагрудчыны, гродзенскія велікодныя вербы, а таксама прылады працы, якімі карысталіся нашыя продкі.

IMG_3744.JPGIMG_3771.JPG

У нас госці могуць даведацца, які шлях рабіла зярнятка з нівы да стала, пакуль не станавілася духмяным крамяным хлебам, – расказвае вядучы метадыст абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Яніна Барысевіч. – У жорнах малолі збожжа, у ступе рабілі крупы. Позняй восенню, як цяпер, жанчыны збіраліся на вячоркі і пралі. І толькі пасля Калядаў у хату заносілі кросны.

IMG_3750.JPG

Пераймальніца ткацкіх традыцый Анжэла Ладыш з Воранаўскага раёна паказвала майстар-клас за кроснамі.

– Ткацвам займаюся ўжо пяць гадоў. Рамяству мяне навучыла народны майстар Станіслава Вікенцьеўна Міхна з вёскі Пагодна, што на Воранаўшчыне, – расказвае жанчына. – Наша ткацтва – унікальнае, унесена ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. Зараз я раблю дыван: бачыце, па чорным полі раскіданы чырвоныя ўзоры.

Завітаўшы ў этнаграфічны музей, можна паспрабаваць змалоць у жорнах збожжа, выпрасаваць рушнікі, адгадаць загадкі, успомніць прыказкі і прымаўкі, а таксама паслухаць народныя песні.

Редакция газеты «Гродненская правда»