Зямлячка-ёлка як нагода наведаць малую радзіму. У праекце “Вершы на свята” твор Максіма Танка

Зямлячка-ёлка як нагода наведаць малую радзіму. У праекце “Вершы на свята” твор Максіма Танка

Што можа нагадаць нам пра любімыя і родныя мясціны? Для лірычнага героя з верша Максіма Танка думкі пра малую радзіму прынесла… навагодняя ёлка, што завітала ў горад на свята. І адразу ўзніклі ў памяці знаёмыя палі, азёры, лясы і шляхі да бацькаўскай хаціны. Ды так усхвалявалі душу, што не вытрываў герой – і вось ён ужо ў родных мясцінах.

Чароўную гісторыю, напоўненую любоўю і пяшчотай да малой радзімы, чытае карэспандэнт нашай газеты Вераніка Казлоўская. Дарэчы, яна падчас вучобы ў ГрДУ імя Янкі Купалы адзіная выпускніца кафедры журналістыкі ў той год пісала і абараняла дыпломную працу на беларускай мове. А ўвогуле Вераніка - вялікая аматарка кніг.

- У школе, мабыць, класе ў 10-м, адкрыла для сябе Уладзіміра Караткевіча, вельмі люблю яго “Чорны Замак Альшанскі” і “Дзікае паляванне караля Стаха”. Тады ж упэўнілася, што класіка можа быць вельмі захапляльнай, - распавяла Вераніка. - Таксама сярод любімых беларускіх аўтараў Ян Баршчэўскі і яго “Шляхціч Завальня”. Чытала, праўда, даўно. Цяпер, як будзе вольны час, мяркую перачытаць.

А пакуль – крышачку паэзіі ад нашай абаяльнай і таленавітай супрацоўніцы.


Максім Танк

Ёлка

На Новы год пасвяткаваць

У горад завітала ёлка.

Няцяжка мне было пазнаць

Зямлячку па яе іголках.

Па свежай зелені густой,

Па ўсім уборы саматканым.

Я быў сустрэчаю такой

Да глыбіні ўсхваляваны.

Я прывітаў яе хутчэй,

За што была яна, вядома,

Удзячна мне, і весялей

Мы разам пабрылі дадому.

І вось прыбраная стаіць

Яна ў пакоі і гаворыць

Пра дальнія лясы, гаі,

Знаёмыя палі, азёры;

Пра тое, як зара гарыць,

Як серабрыста ззяе іней,

Як замялі ў палях вятры

Шляхі да бацькаўскай хаціны…

Я з ёю доўга гаварыў,

Як госцю, частаваў багата,

Агні і зоры запаліў

На цёмных лапках расахатых.

А сам, калі ўсё кругом

Сном навагоднім, моцным спала,

Наведаць свой бацькоўскі дом

Ад’ехаў з бліжняга вакзала.

І вось дзівуюцца сябры:

Хто выклікаў мяне прыехаць

На сцежкі даўнія ў бары,

Пад хвоі родныя і стрэхі?
Редакция газеты «Гродненская правда»