Мушкецёры і самураі, і канкістадоры, і рымляне, і гуны, і швейцарскія гвардзейцы. Як настаўнік гісторыі з Гродна збiрае алавяных салдацікаў

Краязнаўчая дзейнасць непарыўна звязана з калекцыяніраваннем. 

На аснове калекцый гістарычных артэфактаў, прадметаў даўніны ствараюцца музеі, а неад’емнай часткай экскурсій з’яўляюцца аповеды пра гэтыя самыя калекцыі. Асаблівасці калекцыяніравання, якім займаюцца ўсе краязнаўцы, карэспандэнт nastgaz.by абмяркаваў з настаўнікам гісторыі сярэдняй школы № 28 Гродна, стваральнікам школьнага музея 28-й Чырванасцяжнай арміі, членам праўлення Беларускага нумізматычнага таварыства Аляксандрам  РАБКОВЫМ.

11.jpg
Кожны краязнавец можа пахваліцца арыгінальнай калекцыяй. Хтосьці кнігамі або манетамі, якія не знойдзеш ні ў адным музеі. Іншы збірае прадметы побыту і з гордасцю расказвае гасцям пра збаны і біклагі розных форм і памераў. Ёсць тыя, хто калекцыя­ніруе гузікі ад салдацкай уніформы, а некаторыя зачаруюць аповедам пра калекцыю жаночых сукенак або хустак. У Аляксандра Сяргеевіча хобі адметнае, а па сённяшнім часе даволі рэдкае — ён збірае алавяных салдацікаў. Камусьці гэтае захапленне можа здацца не такім ужо арыгінальным. Маўляў, хто ж у дзяцінстве з хлопчыкаў не збіраў фігуркі пехацінцаў і кавалерыстаў, не расстаўляў алавянае войска на падлозе, уяўляючы сябе камандуючым вялікай арміяй! Са­праўды, займаліся многія, але толькі ў дзяцінстве. Калекцыя­ніраванне алавяных салдацікаў у сталым узросце — гэта справа а­дзінак.
  • “Вялікую ролю ў маім хобі адыграла прачытанне казкі Ханса Андэрсена “Стойкі алавяны салдацік”. Само падарожжа незвычайнага героя, драматызм твора вельмі захапляюць. Тут і прыгоды, і меладрама, і трагедыя”.
“Салдацікі я калекцыянірую з 5-гадовага ўзросту. Спачатку ляпіў з пластыліну, бо ў тыя часы алавяныя фігуркі былі дэфіцытам. Але мая старэйшая сястра выступала за зборную СССР па спартыўнай гімнастыцы і часта ездзіла на спаборніцтвы ў розныя гарады. Яна і прывезла мне першую алавяную калекцыю. У мяне і да сённяшняга часу захаваўся адзін з тых салдацікаў. Вялікую ролю ў маім хобі адыграла прачытанне казкі Ханса Андэр­сена “Стойкі алавяны салдацік”. Само падарожжа незвычайнага героя, драматызм твора вельмі захапляюць. Тут і прыгоды, і меладрама, і трагедыя. Такім творам стапрацэнт­на можна заахвоціць дзіця калекцыяніраваць салдацікаў. Наогул, гульні з фігуркамі салдат фарміруюць у дзяцей стратэгічнае мысленне. Папулярныя сёння камп’ютарныя стратэгіі ў свой час выйшлі з гульняў у салдацікі, калі на нейкай тэрыторыі мы ладзілі бітвы, прыдумвалі правілы: па якой чарзе будзем кідац­ь кубікі, на якую адлегласць трэба перастаўляць войска, тут затрымка, прапускаеш ход, тут войску нібыта завезлі правіянт, з засады выйшаў полк і г.д.”, — паведаміў настаўнік.

У штодзённай мітусні дарослага жыцця рэдка прыгадваюцца дзіцячыя гады. Памятаеце, як на падлозе мы з сябрамі расстаўлялі пластмасавыя і алавяныя войскі. Тады яшчэ не было папулярных камп’ютарных стратэгій, таму, каб перамагчы сапернікаў, трэба было падключыць фантазію: уявіць, як рухаюцца роўным строем палкі, як над полем бітвы лётаюць ядры, як яны ўзрываюцца, разлятаючыся на асколкі. А выстралы мініяцюрных гармат мы суправа­джалі адметнымі гукамі, якія, як нам, юным генералам, здавалася, былі вельмі праўдападобнымі: накшталт “Бд-дж!.. Бд-дж!..” Па словах Аляксандра Сяргеевіча, для сучасных школьнікаў алавяныя салдацікі паступова становяцца экзотыкай. Каб выправіць гэтую сітуацыю, зацікавіць дзяцей калекцыяніраваннем фігурак, педагог выступае з лекцыямі ва ўстановах адукацыі.
  • “Сапраўдны калекцыянер — гэта не проста чалавек, які нешта збірае. Не трэба рабіць, як Плюшкін або Кашчэй, які “над златом чахнет”. Калекцыянер павінен паказваць іншым свае калекцыі, дзяліцца набыткамі”.
22.jpg
Сёння, дзякуючы інтэрнэту, каб займацца калекцыя­ніраваннем, не абавязкова жыць у вялікім горадз­е. Чалавек, які пражывае нават на хутары, можа збірац­ь усё, што заўгодна”.

“Асабліва цікавяцца малодшыя школьнікі, — дзеліцца настаўнік. — Дзяцей, напрыклад, захапляе аповед пра тое, калі ў мяне з’явіўся першы салдацік, якія пры гэтым эмоцыі мяне перапаўнялі. Мае ўражанні, настрой пры гэтым перадаюцца вучням. Калі яны падыходзяць і бяруць у рукі фігуркі тых жа пехацінцаў, я расказваю пра асаблівасці ўніформы салдат, іх узбраення. Калі ж бяруць у рукі калекцыйную фігурку Эжэна Багарнэ (пасынка Напалеона Банапарта), то я расказваю ім пра гэтую асобу, пра тое, якім ён быў выдатным палкаводцам, пра яго нашчадкаў, якія таксама былі цудоўнымі афіцэрамі. Школьнікам сярэдняга або старэйшага звяна цікавы аповед пра гісторыю з’яўлення фігурак салдацікаў. Тая ж самая тэракотавая армія Цынь Шыхуаньдзі — гэта першы прыклад калекцыяніравання салдацікаў, лепш сказаць фігур салдатаў, бо яны ў чалавечы рост. Вядома, што фігуркі салдацікаў калекцыяніраваў Аляксандр Сувораў, для свайго дзіцяці іх набываў Напалеон Банапарт. Наогул, радзімай плоскай алавянай фігуркі лічыцца Нюрнберг, пік прыпаў на канец XVIII стагоддзя”.

Кожны педагог-краязнавец у той ці іншай ступені з’яўляецца калекцыянерам. На думку Аляксандра Сяргеевіча, калекцыяніраванне — гэта асаблівы стан душы. Сапраўдны калекцыянер — гэта не проста чалавек, які нешта збірае. Не трэба рабіць, як Плюшкін або Кашчэй, які “над златом чахнет”. Калекцыянер павінен паказваць іншым свае калекцыі, дзяліцца набыткамі. Калі настаўнік сустракае ў гродзенскім клубе калекцыянераў свайго выпускніка або сённяшняга вучня, то абавязкова яго падтрымлівае, дорыць яму 40-міліметровую алавяную фігурку. Наогул, у настаўніка вялікі абменны фонд, а ўсяго калекцыя налічвае амаль паўтары тысячы салдацікаў.

33.jpg
  • “Папулярныя сёння камп’ютарныя стратэгіі ў свой час выйшлі з гульняў у салдацікі”.
У калекцыяніраванні алавяных салдацікаў захапляе не толькі сам працэс збору фігурак. Калекцыяніраванне фарміруе любоў да малой радзімы, патрыятызм. Калі настаўнік аднойчы ўбачыў алавяную фігурку Тадэвуша Касцюшкі, то набыў яе не раздумваючы. Дарэчы, Аляксандр Сяргеевіч неаднаразова выказваў ідэю стварыць беларускую алавяную гістарычную мініяцюру, папулярызаваць праз стварэнне алавяных фігурак імёны нашых знакамітых герояў. Яшчэ пры калекцыяніраванні важна не дапускаць памылак. “Некаторыя калекцыянеры любяць размалёўваць фігуркі салдацікаў. Але гэта вельмі адказна і няпроста. Калі на ўніформу салдата нанясеш не тое адценне колеру і выкладзеш фотаздымак фігуры ў інтэрнэце, то калекцыянеры, якія займаюцца гістарычнай рэканструкцыя­й, могуць напісац­ь табе крытычныя водзывы”, — а­дзначыў педагог.

Ёсць у калекцыі настаўніка і шатландцы, і мушкецёры, і самураі, і канкістадоры, і рымляне, і гуны, і швейцарскія гвардзейцы. “Іду неяк па нашай плошчы Тыгенгаўза, а там на асфальце салдацік, нібыта хтосьці спецыяльна яго туды паставіў. Ён у мяне цяпер у калекцыі, я яго фактычна выратаваў, бо фігурку мог пераехаць аўтамабіль. Калі чалавек нечым захапляецца, то ў яго абавязкова будзе атрымлівацца, хобі яму будзе, так бы мовіць, ісці насустрач. Вось гэтую плоскую фігурку нямецкага кавалерыста часоў Першай сусветнай вайны пашчасціла адкапаць на тэрыторыі Гродна. Гэта першы выкапаны салдацік, які не пашкоджаны. У іншых знойдзеных то нагі няма, то галава адламаная. А тут цэлы! — захоплена расказвае настаўнік. — У Гродне часта знахо­дзяцца салдацікі, бо тут заўсёды жылі людзі, якія займаліся калекцыяніраваннем. Сёння, дзякуючы інтэрнэту, каб займацца калекцыяніраваннем, не абавязкова жыць у вялікім гора­дзе. Чалавек, які пражывае нават на хутары, можа збірац­ь усё, што заўгодна”.

44.jpg
  • “Проста так чалавек наўрад ці захопіцца калекцыяніраваннем. Павінен быць прыклад”.
Калекцыяніраванне салдацікаў — захапленне не таннае. Дзякуючы ранейшым набыткам у Аляксандра Сяргеевіча сфарміраваўся абменны фонд, які дазваляе лёгка набыць сучасную алавяную фігуру. Адных толькі швейцарскіх гвардзейцаў штук 100 у абменным фондзе. Калі настаўнік выязджае за мяжу, то абавязкова адкладвае грошы хаця б на аднаго салдаціка. “Проста так чалавек наўрад ці захопіцца калекцыяніраваннем. Павінен быць прыклад. Для мяне такім прыкладам быў тата, які калекцыяніраваў кнігі. Прыемна, што для свайго ўнука такім прыкладам стаў я. Напрыклад, ён збірае пажарныя машыны. Чаму менавіта пажарныя машыны? Не ведаю. Але сам факт, што дзякуючы мне ён захапіўся калекцыяніраваннем, мне падабаецца”, — з усмешкай адзначыў настаўнік.

Алавяны салдацік. Для дзіцяці — гэта проста фігурка, з якой можна пагуляць. Для многіх дарослых — гэта проста цацка. Для Аляксандра Сяргеевіча — гэта сапраўдны твор мастацтва. Калекцыяніруючы алавяныя фігуркі салдацікаў, можна ўдасканальваць сябе эстэтычна, фарміраваць патрыятычныя пачуцці, развівацца духоўна, інтэлектуальна.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»