Бігас па-адэльску: рэцэпт блюда з паэмы “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча

Гэта блюда ёсць у кухнях розных народаў, у тым ліку польскай, літоўскай, украінскай, латышскай і, канечне, беларускай.
Рэцэпты адрозніваюцца ў дэталях, а вось асноўныя інгрыдыенты аднолькавыя: капуста, свініна, вэнджаная каўбаса.
Любілі бігас і ў Адэльску на Гродзеншчыне. Прапануем і вам паспрабаваць яго. Дарэчы, гатаваць можна адразу вялікую порцыю, ба разагрэты бігас не горшы, а, можа нават і яшчэ больш духмяны, насычаны, чым адразу "з пылу з жару".
Нам спатрэбяцца: 2 кг свежай капусты, 1 кг кіслай капусты, 0,5 кг морквы, 4 цыбуліны, 0,5 кг вэнджанай каўбасы, 0,5 кг вэнджанага сала, таматны соус, соль, спецыі.
Свежую капусту, цыбулю і моркву здрабніць. Моркву можна пацерці ці проста парэзаць – як хто любіць. Усё разам (у тым ліку кіслую капусту) крыху абсмажыць на алеі, дадаць спецыі і трохі вады. Асобна абсмажыць вэнджаныя каўбасу і сала, разам з таматным соусам дадаць іх да агародніны.
Далей наш бігас павінен яшчэ дзве гадзіны тушыцца на слабым агні. Калі будзе не стрываць яго паху, а капуста стане мяккай, можна есці. Блюда вельмі духмянае, таму добры апетыт гарантаваны.
Падаецца бігас з хлебам.
Смачна есці, сябры!