Вярнуліся з узнагародамі. Унучка і дзядуля з Ліды паўдзельнічалі ў тэлевізійным праекце «Кубак Дружбы»

Вярнуліся з узнагародамі. Унучка і дзядуля з Ліды паўдзельнічалі ў тэлевізійным праекце «Кубак Дружбы»

Міжнародны тэлевізійны праект «Кубак Дружбы» сабраў больш за дзве тысячы таленавітых дзяцей з рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Малдовы, Украіны, якія змагаліся за званне лепшых у творчай сферы расказвае карэспандэнт "Лідскай газеты".

Сярод іх – другакласніца з горада Ліды Насця Князева і яе дзядуля, выкладчык Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў Валерый Князеў.

Харэаграфічныя, вакальныя, тэатральныя, інструментальныя кампазіцыі ацэньвала кампетэнтнае журы, якое заваявала сабе аўтарытэт удзелам у такіх праектах, як «Голас», «Я спяваю!», «Танцуюць усё!», «Еўрабачанне», «Талент краiны», «Маладыя таленты Беларусі» і іншыя. Праслухоўванні трансліраваліся ў прамым эфіры на YouTube-канале і ў сацыяльных сетках, а ўдзельнікі маглі не толькі адчуць сябе тэлезоркамі, стаць героямі тэлеперадач, радыёэфіраў і рэпартажаў, але і пагутарыць з вядомымі артыстамі, прадзюсарамі, прыняць удзел у прафесійных майстар-класах.

Насця Князева прымае ўдзел у «Кубку Дружбы» другі год запар. І другі год паспяхова. Летась яна заваявала дыплом першай ступені. Сёлета дзядуля з унучкай вярнуліся ў Ліду з куды больш важкай скарбонкай узнагарод. Насця атрымала дыплом другой ступені, а яе дзядуля і выкладчык – дыплом першай ступені. Дзядуля і ўнучка праспявалі ў дуэце, чым пакарылі журы і за што атрымалі дыплом першай ступені. 

Увогуле, праект “Кубак Дружбы” не столькі спаборніцтва, колькі свята творчасці, якое дапамагае таленавітым людзям з розных краін сябраваць, а таксама дае пуцёўку ў жыццё, штуршок для далейшага развіцця. Насця Князева, нягледзячы на юны ўзрост, актыўна выступае і ўдзельнічае ў шматлікіх конкурсах, у тым ліку міжнароднага кшталту. Прычым заўсёды паспяхова. Верым, што маленькую лідскую зорачку чакае вялікая будучыня.