Першы і апошні палёт Максіма Карпука, ці Дзярэчын у скрусе. Успаміны землякоў

Першы і апошні палёт Максіма Карпука, ці Дзярэчын у скрусе. Успаміны землякоў

Страшная вестка аб крушэнні самалета Ан-12 авіякампаніі “Гродна” пад Іркуцкам і гібелі яго экіпажа разнеслася імгненна, піша zelwa.by. Для зэльвенцаў яна была неверагоднай і жахлівай: адзін з загінуўшых – наш зямляк. Самы малады з сямі членаў экіпажа – Максім Карпук, выпускнік Дзярэчынскай СШ. Абаяльны і жыццелюбівы юнак, які так марыў аб гэтым палёце. Палёце, што стаў першым і апошнім у яго кароткім жыцці…

Ганна Іванаўна Пазняк была першай настаўніцай Максіма. “Ужо з малых гадоў Максім вылучаўся сярод аднагодкаў акуратнасцю, дружалюбнасцю і спагадлівасцю. Не было ў ім зласлівасці, злараднасці, – успамінае Ганна Іванаўна. – Наадварот, ён так і выпраменьваў дабрыню, жаданне дапамагчы іншым. І не толькі сябрам, але і меншым дзецям. Не памятаю, каб ён прыйшоў у школу непадрыхтаваным. Бацькі прывучылі яго да дысцыпліны, таму не было з ім праблем у паводзінах на ўроках і па-за імі. Ён прыцягваў да сябе і малых, і старэйшых. Ужо значна пазней, калі ён закончыў школу і вучыўся ў Мінску, калі ні сустрэне мяне, заўсёды пацікавіцца, якія ў мяне дзеткі ў класе, ці добра вучацца, ці добра сябе паводзяць. Вельмі цяжкая страта не толькі для блізкіх Максіма, але і ўсёй нашай школы”.

Галіна Мікалаеўна Плаўская была класным кіраўніком Максіма ў апошнія гады яго вучобы ў школе. “Наш клас быў вельмі дружны. Хлопчыкі з вялікай павагай адносіліся да дзяўчынак, дзяўчаткі разумелі сваіх няўрымслівых аднагодкаў, – расказвае Галіна Мікалаеўна. Іх не трэба было падганяць – самі браліся за любую карысную справу. Максім ужо ў дзясятым класе ведаў, што будзе абслугоўваць самалёты. Не лятаць, а менавіта дбаць пра тэхнічнае абслугоўванне паветраных манеўраў. Вучыўся добра, быў заўсёды падрыхтаваным да глыбокага адказу. Рукі не падымае, а спытаеш – на любое пытанне адкажа.

img_8081.jpgimg_8067.jpg

Быў адным з самых надзейных маіх памочнікаў. На класных гадзінах інфармавання так грунтоўна расказваў пра падзеі ў свеце і краіне, што не хацелася перарываць яго паведамленні. Ветлівы, камунікабельны, мэтанакіраваны, ён быў любімцам усяго класа. Выступаў за гонар класнага калектыву і як спартсмен. Не прапусціў ні аднаго дня падчас копкі бульбы ў калгасе.

Менавіта наш клас ”падаў сігнал” астатнім выпускнікам школы рыхтаваць выпускны вечар самім, без аглядкі на старэйшых. Хлопцы так хораша спявалі на апошнім школьным вечары, што і бацькі, і настаўнікі не стрымлівалі слёз радасці і захаплення…

img_8052.jpgimg_8057.jpgimg_8059.jpgimg_8058.jpg

Ніхто з настаўнікаў не можа паверыць, што няма такога цудоўнага хлопца, якому б яшчэ жыць і жыць, дарыць цяпло вялікай душы блізкім і знаёмым людзям. Уся школа, ды што школа, – весь Дзярэчын у смутку!”

“Пра Макса ніхто кепска не скажа”, – упэўнены ўсе яго аднакласнікі. З дзіцячага садка сябраваў Максім з Іллёй Раманчуком. Разам былі ўсюды, ведалі ўсе засмучэнні адзін аднаго, усе дзіцячыя таямніцы. Хоць і не падзялялі ўсе захапленні адзін аднаго, але цікавіліся імі, паважалі. Напрыклад, Ілля быў заядлым рыбаком, а Максім ахвотней корпаўся з “жалезкамі”. І гэта не мяшала сяброўству, а падахвочвала і другога больш пільна прыгледзецца да “хобі” сябра. Нездарма ў юнацтве выбралі сабе інжынерныя факультэты, праўда, розных вну.

Апошні раз сябры размаўлялі ў нядзелю, 31 кастрычніка. У Максіма быў проста цудоўны настрой. Ён нарэшце здзейсніў сваю мару: як борт-інжынер, ляцеў на далёкую Чукотку ў першае паветранае падарожжа. Перад палётам яны з экіпажам так старанна рыхтавалі сваю “Аннушку”, усе яе “костачкі” перабралі, пераправерылі, змазалі. “Некалі і на байдарках, як марылі, праімчымся з табой па горных рэчках, Ілюша, вось убачыш,” – запэўніў Максім сябра. “Ён не кідаў слоў на вецер, – скрушна гаворыць Ілля, – вядома, мы б здзейснілі такое падарожжа, калі б Максіму суджана было вярнуцца. Зараз я не ўяўляю, як буду жыць без такога вернага сябра, без майго дарадцы. Гэта застанецца незагойнай ранай да канца майго жыцця”.

photo_2021-11-04_16-02-29-2.jpg

Аднакласніца Віка Краўцэвіч (Мазец) размаўляла з Максімам у панядзелак, 1-га лістапада. Яна арганізуе сустрэчу былых выпускнікоў Дзярэчынскай школы ў лютым будучага года і паведаміла аб гэтым Максіму. “Калі буду ў Беларусі, абавязкова прыйду на сустрэчу. Так хочацца ўбачыць усіх – і настаўнікаў, і аднакласнікаў, – напісаў, – а пакуль паглядзіце на краявіды Чукоткі”. І пераслаў некалькі здымкаў. Больш на сувязь не выйшаў.

Віка таксама ведала, з якой адказнасцю рыхтаваўся Максім да свайго першага і апошняга палёту. “У мяне сястра жыве ў тым інтэрнаце, дзе і Макс жыў. Яны перапісваліся з Максімам яшчэ і 2-га лістапада, – расказвае Віка. – Радаваліся разам з ім, калі ён дзяліўся сваімі планамі. Быў сябрам маладой сям’і: калі быў вольны ад службы, не цураўся з дзіцём пасядзець. Вельмі шкада, што не паспеў Максім знайсці той адзінай і непаўторнай, аб якой марыў. Упэўнена, што ён быў бы цудоўным сем’янінам. Не здзейснілася…”

Аднакласніца Алеся Комар (Мацко) таксама не стрымлівае слёз: Максім быў такім добрым, спагадлівым, адказным. Вельмі сур’ёзна ставіўся да ўсяго, за што б ні браўся. З якой пяшчотай адносіўся да сваёй сястры, асабліва пасля смерці матулі!.. Ён – прыклад самаахвярнасці і любові да бліжняга. У біблійным сэнсе. Калі б усе былі такімі, як Максім, то ніякага прымусу не спатрэбілася б”.

…У жалобныя лістападаўскія дні яшчэ адна знічка ўпала на зямлю з нябёс і дагарэла. Агонь яе – не знішчальны, а жыццесцвярджальны: той, хто згарэў у ім, асвяціў дарогу любові сваім наступнікам. Максім стаў нашым пасланцом у іншы, нязнаны свет… Напэўна, нездарма. Няхай яго душа “азорыць прорвы сусвету” (У. Караткевіч) для любых і дарагіх яму людзей і суцішыць нясцерпны боль развітання.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»