Актавая зала з кінапраекцыённай, вулічныя трэнажоры і перпектыва адкрываць атамны клас. Як жыве новая школа ў Астраўцы?

Актавая зала з кінапраекцыённай, вулічныя трэнажоры і перпектыва адкрываць атамны клас. Як жыве новая школа ў Астраўцы?

Дзеці, якія жывуць у другім мікрараёне Астраўца і паблізу яго, атрымалі да Дня ведаў проста царскі падарунак: школу.  Гэта новабудоўля вырашыла пытанне перагружанасці гарадскіх школ – цяпер юныя астраўчане вучацца толькі ў першую змену.

Пра адмецінкі новай школы, вучобу і работу ў ёй мы пачулі з першых вуснаў.

Людміла Сасноўская, дырэктар школы:

Людміла Сасноўская, дырэктар СШ №3.jpg
– Наша школа разлічана на 765 месцаў, пакуль што ў нас займаецца 440 дзяцей. Аднак амаль кожны тыдзень мы залічваем вучняў – дзеці, бацькі якіх прыязджаюць у наш горад працаваць. З адкрыццём нашай установы з’явілася і 101 працоўнае месца.

У нас цудоўная спартыўная база, тэхнічна ўкамплектаваны кожны кабінет. Ёсць асобны кабінет для ўрокаў музыкі.

Праектам закладзены ўмовы для інклюзіўнага навучання: для інвалідаў прадугледжаны ліфт, санвузлы, нават электрапад’ёмнік на сцэну актвай залы.

У сталовай самае сучаснае тэхналагічнае абсталяванне. Да слова, наша школа адна з дзвюх у вобласці, якія маюць такую базу.

Самае любімае месца ў школе ў мяне – гэта актавая зала. Параўнайце: у кінаканцэтнай зале наша горада 400, а ў нашай зале – 280! У нас там нават ёсць кінапраекцыённая.

Аліна Жук, настаўнік пачатковых класаў:

Аліна Жук, настаўніца.jpg
– Калі заклалі толькі першую цаглінку гэтага будынка, я падумала: буду тут працаваць. Так і адбылося. Я разумела, што гэта школа павінна быць лепшай – па планіроўцы, па аснашчанасці, таму хацела працаваць у ёй. Так яно і ёсць: у мяне на рабочым месцы камп’ютар, прынтар, сканер, на гэтым тыдні з’явіцца дакумент-камера.

У кожнага вучня пачатковых класаў ёсць асобная шафка для асабістых рэчаў.

А якая ў нас бібліятэка! З шыкоўнай чытальнай залай, ёсць фондасховішча.

Нягледзячы на тое што калектыў у нас новы, але з першага дня працаваць было камфортна – я не адчувала разрозненасці, няўтульнасці. Хаця, як і ўсюды, напэўна, без цяжкасцей не абыходзіцца – але ўсё вырашальна, калі працуеш у суполцы.

Анатоль і Даніла Бруйко, бацька з сынам:

Даніла:

Даніла Бруйко, вучань школы.jpg
– Я перайшоў у трэцюю школу, таму што сюды пайшла працаваць мая настаўніца. З майго класа сюды перавялося шэсць чалавек.

Тут усё новае, вялікая спартыўная зала – у ёй нават вокны ў столі ёсць, шведскія сценкі на калідорах, пляцоўкі ля школы розныя, вулічных трэнажораў больш, чым у першай школе. А заходзім у будынак па электронных картках – у кожнага свая. Я думаю, што гэта школа была патрэбна – з кожным годам усе больш дзяцей прыходзіць: там, дзе я вучыўся, быў 31 вучань, і ў цяперашнім маім класе ўжо 27.

А яшчэ блізка на гурткі хадзіць пасля школы ў цэнтр творчасці і ў музыкалку.

Анатоль:

Анатоль Бруйко, бацька вучня.jpg
– Мы з жонкай вырашылі аддаць сына сюды з-за таго, што яго настаўнік перайшоў сюды. Да таго ж жывём на вуліцы Слабодка – у гэту школу дабірацца бліжэй. Да таго ж тут будуць адкрываць атамны клас. Лічу добрай перспектывай для дзяці вучыцца ў ім – гэта будзе першы перадпрафесійны штуршок для яго, а там ужо вызначыцца, што больш падабаецца.

Новая школа прасторная: шырокія калідоры, вялікія класы, шмат спартыўных пляцовак на тэрыторыі. Але няма чаму дзівіцца – прагрэс ідзе наперад.