Аll inclusive для школьнікаў. Як будуць адпачываць на зімовых канікулах вучні Гродзеншчыны

Аll inclusive для школьнікаў. Як будуць адпачываць на зімовых канікулах вучні Гродзеншчыны

Весела і цікава яны будуць праводзіць час не толькі ў прышкольных забаўляльных цэнтрах, але і ў кругласутачных лагерах. Упершыню ў вобласці свае дзверы для дзяцей расчыняць адразу два такія. Адзін з іх – у Гродзенскім раёне.

Не новай падобная практыка будзе для Мастоўскага раёна. Пацэвічскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа ўжо другі раз у канікулы міжсезоння прыме ў кругласутачным лагеры 35 юных адпачывальнікаў. Гэта будуць у асноўным жыхары Мастоўскага раёна, чаго не скажаш аб маштабнай змене ў кругласутачным лагеры ў Гродзенскім раёне. Больш за сотню школьнікаў з многіх куткоў вобласці сустрэнуцца і весела правядуць канікулы ў лагеры "Зім-АРТ" на базе Парэчскай санаторнай школы-інтэрната. Гэта будзе профільны лагер для адоранай моладзі. Адпачнуць тут пераможцы і прызёры творчых конкурсаў і актывісты алімпіяднага руху.

– Працаваць з дзецьмі будуць педагогі дадатковай адукацыі, а праграма абяцае быць яркай і займальнай. Кожны дзень будзе напоўнены цікавымі падзеямі. Пройдуць для дзяцей, напрыклад, майстар-класы па робататэхніцы і web-дызайне, – расказала дырэктар абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Асмалоўская.

b85d9290ff737bb685970882a18a28d2.jpg

Зімовы лагер у Парэччы стане часам не толькі цікавага, але і карыснага адпачынку. З удзельнікамі творчых вакальных конкурсаў, напрыклад, будуць працаваць кіраўнікі ўзорных калектываў. Пройдзе ў лагеры свая «Хвіліна славы», дзе назавуць імёны творчых лідараў. Тое, што такіх будзе нямала, зразумела ўжо сёння. Сярод адпачывальнікаў будуць дзеці, якія ўжо ў студзені на сцэне базы адпачынку “Прывал” пазмагаюцца за магчымасць выйсці ў фінал абласнога этапу адбору на дзіцячы конкурс “Песня для "Еўрабачання”.

У тых дзяцей, для якіх удзел у рэспубліканскай алімпіядзе па англійскай і кітайскай мовах ужо не за гарамі, пройдуць яшчэ і заняткі з вопытнымі педагогамі. Акрамя таго, адзін з атрадаў будзе сфарміраваны з навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў. Займацца з рабятамі будуць супрацоўнікі Гродзенскай пагранічнай групы.

– У нас ёсць дамоўленасць з санаторыем “Парэчча”, які знаходзіцца побач. Так што падчас канікул адпачывальнікі лагера "Зім-АРТ" змогуць прайсці аздараўленчыя працэдуры, – дадаў начальнік абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Анатоль Ганчар.

На сённяшні дзень плануюць назапасіцца яркімі ўражаннямі ў “Зім-Арце" 110 хлопцаў і дзяўчат. Менавіта столькі ўжо пададзена заяў ад бацькоў, але лічба можа змяніцца ў большы бок. Гатовы прыняць першы лагер зімовага адпачынку па дзіцячай сістэме «all inclusive» да 130 дзяцей. З улікам дзяржаўнай датацыі кошт пуцёўкі на 9 дзён – 150 рублёў. Прычым бацькоўскім перажыванням з серыі «дрэнна апранецца і прастудзіцца па дарозе ў сталовую» – тут не месца. У адрозненне ад стацыянарных летніх лагераў спальныя памяшканні, танцавальная зала і сталовая санаторнай школы ў Парэччы размешчаны пад адным дахам.

Калі шасці- і васьмідзённыя змены ў прышкольных лагерах стартуюць ужо 26 снежня, то ў кругласутачных дзеці правядуць 9 дзён, пачынаючы з 3 студзеня.

Тым жа, хто зімовыя канікулы плануе правесці дома, нямала цікавых мерапрыемстваў гатовы прапанаваць ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Толькі ў абласным Палацы творчасці кожны дзень будуць працаваць творчыя майстэрні, пройдуць майстар-класы. 
Школьнікі вобласці ў канікулярны час будуць таксама падарожнічаць па Гродзеншчыне у рамках ужо добра знаёмай дзецям акцыі "Да суседзяў".