ГрДУ імя Янкі Купалы стаў першай ВНУ, дзе прэзентавалі ўнікальную гістарычную манаграфію, прысвечаную беларускай дзяржаўнасці
“Беларуская дзяржаўнасць: ад вытокаў да сучаснасці” – унікальнае пяцітомнае выданне, распрацаванае Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. На паліцах кнігарняў пакуль можна знайсці толькі першыя два тамы. У будучым плануецца выдаць яшчэ тры. У напісанні калектыўнай фундаментальнай манаграфіі прынялі ўдзел лепшыя гісторыкі краіны, у тым ліку супрацоўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы.
Як адзначаюць самі аўтары, гэта не проста чарговая кніга па гісторыі Беларусі.
– У навуковым творы, аб якім сёння ідзе размова, расказваецца пра станаўленне і развіццё беларускай дзяржаўнасці з часоў асваення чалавекам тэрыторыі сучаснай Беларусі і да сённяшніх дзён, – расказаў акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя. – Манаграфія – вынік плённай працы гісторыкаў-навукоўцаў усёй краіны. Мы прыцягнулі лепшых спецыялістаў Беларусі, каб упершыню стварыць такое буйное выданне.
Кніга ўжо не раз прэзентавалася ў Мінску і вызвала немалую цікавасць. За межамі сталіцы выданне апынулася ўпершыню, а менавіта – у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. І невыпадкова: у напісанні першых двух тамоў манаграфіі прымалі ўдзел шэсць супрацоўнікаў гродзенскага ўніверсітэта.
– У якасці аўтараў многіх раздзелаў навуковага твора выступаюць рэгіянальныя гісторыкі, у тым ліку гродзенскія, – расказала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. – Значнасць манаграфіі ў тым, што прадстаўленая ў ёй канцэпцыя беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці заклікана фарміраваць грамадзянскую пазіцыю і пачуццё патрыятызму.
На старонках першых двух тамоў гаворка ідзе пра засяленне тэрыторыі Беларусі, першыя формы беларускай дзяржаўнасці: Полацкае і Тураўскае княствы, Кіеўскую Русь, Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітую, рассказваецца пра барацьбу за дзяржаўны суверэнітэт у XVI – XVIII стагоддзях, а таксама пра час знаходжання беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі. Трэці том будзе прысвечаны гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў 1917 – 1939 гадах, чацвёрты – перыядам Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, а таксама пасляваеннага аднаўлення. Пяты том раскажа пра падзеі ад 1954 года да сучаснасці.
Дарэчы, у хуткім часе ў вышэйшых навучальных установах краіны замест курса “Гісторыя Беларусі” пачнуць выкладаць курс “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, і фундаментальная пяцітомная праца, як плануюць аўтары і выдаўцы, стане асновай для стварэння многіх аўтарскіх і калектыўных падручнікаў для студэнтаў і выкладчыкаў.
Манаграфія разлічана на шырокае кола чытачоў: карыстацца ёй змогуць як прафесійныя гісторыкі, так і навучэнцы.
