Кірмаш прафесій для адзінаццатых класаў прайшоў у гімназіі Шчучына

Кірмаш прафесій для адзінаццатых класаў прайшоў у гімназіі Шчучына

Незвычайную выставу арганізавалі ў гімназіі Шчучына вучні двух адзінаццатых класаў. Адразу ў фае ўвагу гімназістаў, педагогаў і наведвальнікаў установы адукацыі прыцягваюць 33 здымкі, на якіх занатаваны самі будучыя выпускнікі. Толькі ў не зусім звычайным выглядзе. Кожны з іх … “прымерыў” на сябе прафесію, атрымаць якую плануе пасля заканчэння гімназіі. Тут і ўрачы, і настаўнікі, і знаўцы камп’ютарных тэхналогій і многія іншыя. 

– Пасля вывучэння вялікай тэмы “Геаграфія сусветнай гаспадаркі” мы паставілі такую мэту: з усіх галін выбраць пэўную прафесію і сфатаграфавацца ў спецыяльным адзенні або форме, якія ёй належаць, – расказвае настаўніца геаграфіі і класны кіраўнік 11 “Б” класа Таццяна Міхайлаўна Сярдзюк. – З фотаздымкаў, якія ў нас атрымаліся, мы стварылі выставу “Кірмаш прафесій”.

Роза Мерджан марыць стаць урачом і працягнуць дынастыю медыкаў. Мама, тата і дзядуля дзяўчынкі таксама ўрачы. Такі ж выбар маюць намер зрабіць Паліна Мінькова, Андрэй Гарэлік і Яўгенія Ласюк. Яны імкнуцца дапамагаць людзям і лічаць, што гэта прафесія самая высакародная.

Вольга Налівайка марыць звязаць сваё жыццё з музыкай і пайсці па слядах сваёй мамы. Даўно захапляецца спортам Юлія Карпейчык. Яна прымае ўдзел у самых розных спартыўных мерапрыемствах, абараняе гонар гімназіі, таму ўпэўнена, яе прызванне – настаўнік фізічнай культуры. А Вольга Іванчык вельмі любіць дзяцей, таму як і яе мама, выбрала прафесію настаўніка. Па педагагічнай сцяжыне намераны накіравацца Валерыя Шыцік і Лізавета Хіцеева. Аднак абедзве дзяўчынкі добра ведаюць хімію, таму разглядаюць і іншыя варыянты: Валерыю прываблівае прафесія інжынера-тэхнолага, а Лізавету – тэхнолага касметычнай прадукцыі. 

Ганна Грачова нарадзілася ў сям’і матэматыкаў, яна даўно і сур’ёзна захапляецца гэтым прадметам і таму хутчэй за ўсё стане эканамістам. А яшчэ дзяўчына жыве творчасцю і мастацтвам… 

Вось такія яны розныя, сёлетнія выпускнікі-гімназісты. Праз пару месяцаў яны пойдуць у дарослае жыццё. Іх класныя кіраўнікі Т.М. Сярдзюк і А.М. Сяховіч зрабілі ўсё магчымае, каб дапамагчы ім вызначыцца з будучай прафесіяй: арганізоўвалі цікавыя экскурсіі, правялі серыю класных гадзін, прысвечаных гэтай тэме. Частымі гасцямі ў гімназіі былі бацькі рабят, якія расказвалі ім пра асаблівасці сваіх прафесій. 

Толькі, напэўна, самае сур’ёзнае рашэнне ў сваім жыцці рабятам прыйдзецца прымаць самім.  

ВАРТА ПАЧЫТАЦЬ