Мелодыі льюцца, фанфары гучаць. Вучні Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў падтрыманы сродкамі са спецфонду Прэзідэнта

Мелодыі льюцца, фанфары гучаць. Вучні Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў  падтрыманы сродкамі са спецфонду Прэзідэнта

Вучням Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў Анастасіі Казлоўскай, Даніілу Ласёнку і Ангеліне Ляўкоўскай аказана матэрыяльная дапамога са спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Адметна тое, што дзяўчаты-баяністкі атрымліваюць гэтую ўзнагароду ў трэці раз, а Данііл Ласёнак – у чацвёрты.

Сольныя выступленні і ансамблі нашых баяністаў, якімі кіруюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы Іна Гайдукевіч і Наталля Каспяровіч, ужо даўно з’яўляюцца візітоўкай нашай школы, – адзначае дырэктар Наталля Елфімава. – Узорны інструментальны ансамбль «Мелодыка», дуэт баяністаў Scherzo Fest у складзе Анастасіі Казлоўскай і Данііла Ласёнка і дуэт Ангеліны Ляўкоўскай і Паліны Гардзей не раз станавіліся жаданымі гасцямі шматлікіх святаў і канцэртаў, раённых, абласных і міжнародных конкурсаў.

На працягу вучобы ў дзіцячай школе мастацтваў вучні прынеслі ў капілку навучальнай установы шэраг перамог на конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага значэння.

На рахунку Анастасіі Казлоўскай каля дваццаці дыпломаў лаўрэата прэстыжных творчых конкурсаў. Сярод іх міжнародныя конкурсы “Новыя вяршыні”, “Крыштальны васілёк”, New Style, Гранд-конкурс “Талент года”, рэспубліканскі творчы конкурс “Радасць мая”. За кожным з іх стаіць карпатлівая штодзённая праца дзяўчынкі і яе настаўніцы Наталлі Каспяровіч. Гэта праца прыносіць вучаніцы задавальненне. Яна адчувае сябе часцінкай вялікага аркестра, які гучыць тысячамі адценняў і гукаў.

Музыка – частка жыцця Ангеліны Ляўкоўскай. З ёй дзяўчынка марыць ніколі не расставацца. Для дасягнення сваёй мэты яна не толькі заўзята і ўпарта шліфуе майстэрства ігры на баяне, але і прымае актыўны ўдзел у творчых конкурсах і фестывалях. “Крыштальны васілёк”, “Талісман удачы”, “Беларускія таленты”, “Вясёлыя ноткі”, “Музыкі свет”, “Новыя вяршыні”, “Мая мара”, “Сузор’е Арфея” (Балгарыя) – невялікая колькасць творчых конкурсаў, якія прынеслі юнай баяністцы высокія ўзнагароды і бясцэнны вопыт валодання музычным інструментам.

Для Данііла Ласёнка выхад на сцэну – заўсёды радасць. Здаецца, ён дзеля гэтага і з’явіўся на свет, каб несці прыгажосць музыкі людзям, саграваць іх сэрцы вялікай сілай мастацтва. Дзе б ён ні выступаў: ці то сольна, ці ў складзе ўзорнага ансамбля “Мелодыка” альбо ў дуэце з Анастасіяй Казлоўскай, ён заўсёды раствараецца ў музыцы. Хваляванне адступае, хлопчык не думае аб тым, каб не забыць твор: мелодыя гучыць у яго ўнутры. І няма розніцы – гэта міжнародны конкурс, рэспубліканскі або творчы канцэрт у сваім аграгарадку.

Іна Гайдукевіч і Наталля Каспяровіч у сваёй прафесіі ўжо даўно напрацавалі вопыт, набылі мудрасць і ўменне разглядзець і развіць у сваіх вучняў здольнасць да музыкі. Гэта тыя людзі, якія адданы працы поўнасцю. Яны не ўмеюць рабіць сваю справу інакш – толькі на выдатна! Кожны дзень настаўнікі праводзяць вялікую работу са сваімі вучнямі. Галоўнае іх правіла на ўроках: “Іграй заўсёды так, быццам цябе слухае віртуоз-музыкант”. Выхаванцы строга кіруюцца тымі правіламі, якія ім даводзяць педагогі. У сваім юным узросце яны разумеюць, што значыць быць віртуозам і ведаюць, што для гэтага, акрамя вялікага жадання і здольнасцей, трэба яшчэ вельмі шмат працаваць.

– Дасягненні нашых вучняў – гэта выдатная магчымасць раскрыць іх творчы патэнцыял, пашырыць кругагляд, матывацыя на новыя поспехі. Штодзень Гальшанская школа мастацтваў гасцінна расчыняе дзверы сваім вучням. Мы рады ўсім, хто хоча спазнаць чароўны свет музыкі, – падкрэслівае Наталля Віктараўна.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»