Победитель областной олимпиады по финансовой грамотности Артём Карп из Кореличей: «Мечтаю стать специалистом в области финансов»

Победитель областной олимпиады по финансовой грамотности Артём Карп из Кореличей: «Мечтаю стать специалистом в области финансов»

Адзінаццацікласніку сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы Арцёму Карпу ўжо сёння можна даверыць планаванне сямейнага бюджэту: на днях юнак на абласной алімпіядзе па фінансавай граматнасці сярод старшакласнікаў заваяваў золата, распавядае "Полымя".

— Арцём, у цябе — лепшы вынік у вобласці. Што гэтаму папярэднічала?

— Вялікую ролю адыграў факультатыў па фінансавай граматнасці, які вядзе настаўнік фізікі і астраноміі Ларыса Вікенцьеўна Буляк. На занятках даведваемся пра некаторыя незнаёмыя факты. Акрамя гэтага, чытаў матэрыялы ў інтэрнэце і самастойна вучыўся рашаць задачы.

— Заданні на абласной алімпіядзе былі больш складанымі ў параўнанні з тымі, якія былі на раённай?

— Не, прыкладна такія. 30 заданняў, у кожным па тры варыянты адказаў, неабходна было выбраць адзін, у творчым заданні напісаць сваё меркаванне. І гэта ўсё — за адну гадзіну. Я не разгубіўся і змог набраць 84 балы са 100 магчымых. Больш хваляваўся пры ўзнагароджванні, калі аб’яўлялі пераможцаў. Не сакрэт, што хацелася выйсці прызёрам, і гэта адбылося.

— Што адчуў, калі даведаўся пра перамогу?

— Гонар за родную школу, удзячнаць любімай настаўніцы, упэўненасць у заўтрашнім дні — усё разам, і гэта ад таго, што дасягнуў вяршыні. Няхай не адзін, пры падтрымцы настаўніка, але ёсць свае старанні і жаданне даведацца больш пра фінансы.

2.JPG

— Ці марыш звязаць сваё жыццё з фінансамі?

— Так. Я збіраюся паступаць на спецыяльнасць фінансы і крэдыт, таму зараз займаюся вывучэннем пытанняў фінансавай граматнасці і наведваю факультатыў.

— А як на практыцы вучышся гэтай няпростай навуцы?

— Я ўсё-такі больш вывучаю азы, якія спатрэбяцца ў жыцці. Стаўлю мэту, збіраю грошы і, як гавораць у народзе, на вецер іх не кідаю. Адным словам, вучуся на практыцы быць фінансава граматным.

— Якія планы на бліжэйшы час?

— 18 снежня адбудзецца Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай граматнасці ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь. Буду рыхтавацца да наступнага этапу, каб быць у ліку лепшых.

— Жадаю поспехаў!

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»