Удзельнік Летняй школы беларускай мовы і культуры, жыхар Германіі Аляксандр Курэк расказаў, навошта ён вучыць беларускую мову і чаму любіць Гродна

Удзельнік Летняй школы беларускай мовы і культуры, жыхар Германіі Аляксандр Курэк расказаў, навошта ён вучыць беларускую мову і чаму любіць Гродна

Летняя школа беларускай мовы і культуры арганізавана на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і праходзіць ужо ў трэці раз. Упершыню школа была рэалізавана ў 2019 годзе: тады удзел у вывучэнні беларускай мовы і знаемстве з культурай беларускага народа прынялі тры чалавекі. У 2022 годзе колькасць удзельнікаў узрасла да пяці чалавек, а сёлета ў Летняй школе навучаюцца ўжо дванаццаць удзельнікаў. Сярод іх сем студэнтаў, тры выкладчыкі і два аспіранты.

IMG_8983.jpg
– Стварэнне Летняй школы беларускай мовы і культуры было абумоўлена тым, што напрыканцы 2017 года наш універсітэт сумесна з філалагічным факультэтам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Міхаіла Ламаносава стварыў цэнтр беларускай мовы, літаратуры і культуры якраз на базе Маскоўскага ўніверсітэта, – адзначыў дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы, кіраўнік Летняй школы беларускай мовы і культуры Мікалай Грынько. – Праграма нашай школы, распрацаваная на два тыдні, у першую чаргу ўключае ў сябе заняткі па беларускай мове і літаратуры, лекцыі па гісторыі беларускай культуры. Другая ж частка працоўнага дня адводзіцца на вандроўкі, экскурсіі, знаёмства з горадам Гродна, яго гісторыяй і на многае іншае.

IMG_8989.jpg

«З цікавасцю да новага»

Актыўны ўдзел у працы Летняй школы беларускай мовы і культуры прымае жыхар Германіі, магістрант Гейдэльбергскага ўніверсітэта Аляксандр Курэк. Прычым наведвае Летнюю школу малады чалавек не ўпершыню, праўда, ў мінулым годзе ён вывучаў рускую мову.

– Некалькі год таму я ўбачыў аб’яву ў інтэрнэце аб тым, што ў Беларусі, а менавіта ў горадзе Гродна, ёсць магчымасць наведаць такую школу, дзе не толькі вучаць мове, але і знаёмяць з культурай краіны. Да гэтага я ніколі не быў у Беларусі, таму вырашыў паспрабаваць. Чаму не? Мне хацелася проста ўбачыць, як там усе выглядае, якія людзі, што цікавага ёсць у гэтай краіне. У першы раз я абраў для вывучэння рускую мову, а сёлета вырашыў пашырыць веды і пачаў вывучаць беларускую, – расказаў Аляксандр Курэк, што цікава, на дастаткова прыгожай і правільнай для замежніка беларускай мове.

Александр.jpg

Цікавасць да розных моў у Аляксандра невыпадковая: у Германіі малады чалавек навучаецца на неафілалагічным факультэце, таму з задавальненнем адкрывае для сябе новыя мовы свету.

– Мая родная мова – нямецкая. Калі вучыўся ў школе, то з цікавасцю вывучаў англійскую. Пасля ўзнік інтарэс да славянскіх моў. Паспрабаваў рускую, польскую, цяпер прыйшоў час для беларускай мовы. Наведванне Летняй школы і вывучэнне новай для мяне мовы – гэта новы цікавы досвед і незабыўныя ўспаміны. Канешне, славянскія мовы вылучаюцца сваёй спецыфікай і пэўнай складанасцю, але мне было лягчэй пачынаць вывучаць беларускую мову, таму што я ўжо разумеў рускую і польскую, – адзначыў Аляксандр.

Практычнае засваенне

Як адзначыў Аляксандр, цяжкасці ў вывучэнні беларускай мовы маюць сваё месца, але прыемнага ў гэтым адукацыйным працэсе значна больш. Так, малады чалавек расказаў, што яго вельмі ўражвае тое, наколькі беларуская мова можа быць падобная да іншых славянскіх моў, і як яна адначасова розніцца з імі.

Маю цяжкасці з беларускім вымаўленнем. З рускай мовай у гэтым плане мне было трошкі прасцей. Але ў беларускай мове мне вельмі падабаецца сустракаць арыгінальныя словы, якіх больш нідзе не сустрэць. Напрыклад, чыгунка, – з усмешкаю адзначыу Аляксандр. – Яшчэ мне падабаецца, што адукацыйны працэс тут, у Беларусі, мае падабенства да нашага працэса у Германіі. Але за гэты час я ўжо магу адзначыць, што ў вас большая ўвага надаецца менавіта практычнаму засваенню матэрыялу. Што для мяне, напрыклад, пры вывучэнні незнаёмай мовы вельмі добра.

IMG_9013.jpg

Асобна малады чалавек адзначае манеру падачы навуковага матэрыялу выкладчыкамі ГрДУ імя Янкі Купалы. Па яго словах, кожная лекцыя вылучаецца асаблівай пяшчотай і зацікаўленасцю.

«Не пакіну вывучэнне беларускай мовы»

– Памятаю, што калі я вырашыў прыехаць у Гродна ўпершыню, то амаль не ведаў нічога пра тое, як тут уладкаванае жыццё, якія людзі жывуць у Беларусі. Мала ведаў і пра вашы культурныя каштоўнасці, таму што Гродна ў Германіі малавядомы горад. Але, прыехаўшы сюды, я амаль адразу знайшоў сяброў, наладзіў зносіны з выкладчыкамі, студэнтамі ўніверсітэта. Мяне вельмі гасцінна сустрэлі, паклапаціліся пра тое, каб я навучыўся арыентавацца на гэтай мясцовасці, – расказаў Аляксандр Курэк.

Пазнаёміўшыся з беларускай культурай, Аляксандр у мінулым годзе нават прывёз з сабою ў Гродна сябра з Германіі, з якім ён разам прыняў ўдзел у працы Летняй школы. Па словах Аляксандра, толькі ўбачыўшы сваімі вачыма, як жыве іншы народ, можна рабіць пэўныя вывады, фарміраваць уласнае меркаванне адносна краіны.

– Трэба пашыраць свой кругагляд. Вучыць новыя мовы, знаёміцца з новымі людзьмі, насычаць сваё жыццё цікавымі радаснымі момантамі і карыстацца ўсімі магчымасцямі для гэтага. Для сябе я ўжо вырашыў, што нават калі ў мяне не атрымаецца прыехаць сюды ў наступным годзе, то я ўсё роўна не пакіну вывучэнне беларускай мовы. Я ўжо набыў для сябе падручнік «Беларуская мова? З задавальненнем!», таму буду сам спасцігаць гэтую мову далей, – сказаў Аляксандр Курэк.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»