Вандроўка ад Ліды да Гервят. Персанальны турыстычны маршрут праклалі лідскія школьнікі падчас летніх канікул
Нас натхняла жаданне пазнаёміцца з гістарычна-культурнай спадчынай нашага краю менавіта ў год святкавання 75-годдзя заснавання Гродзенскай вобласці. Маршрут вандроўкі пралёг па тэрыторыі Лідскага, Іўеўскага, Ашмянскага, Смаргонскага і Астравецкага раёнаў. У спіс маршруту мы ўключылі самыя розныя аб’екты: помнікі выдатным людзям і цікавыя скульптуры, таямнічыя руіны замкаў і велічныя храмы, старажытнае гарадзішча і мемарыял Першай сусветнай вайны…
«Беларускі Іерусалім»
Таямніцы гальшанскай зямлі
Другім прыпынкам у нашым маршруце стаў аграгарадок Гальшаны Ашмянскага раёна. На працягу свайго існавання гэты населены пункт быў акутаны таямніцамі і легендамі. Сёння турысты, і мы ў тым ліку, у першую чаргу наведваюць руіны Гальшанскага замка, які быў перабудаваны ў апошні раз магнатамі з роду Сапегаў у пачатку ХVІI стагоддзя. А першае згадванне аб Гальшанах адносіцца да 1280 года. На жаль, магутны замак не захаваўся да нашага часу. Не змаглі мы не звярнуць увагі на цудам захаваныя цагляныя аркі. Сёння замак знаходзіцца на рэстаўрацыі: адбудоўваецца вежа і часткова аднаўляюцца муры правага крыла.
Падчас знаёмства з гісторыяй Гальшан нам пашанцавала ўдвая. Акрамя таго, што мы ўбачылі руіны замка і дакрануліся да яго старажытных муроў, уласнымі вачыма мы змаглі пабачыць вадзяны млын на рацэ Гальшанцы, касцёл Святога Іаана Хрысціцеля, пабудаваны ў 1618 годзе, праваслаўную царкву Святога Георгія Перамоганосца, дзе сёння захоўваюцца мясцовыя святыні: абразы святой праведнай Іуліяніі, князёўны Гальшанскай, і прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай, з часцінкамі мошчаў. Шануюць мясцовыя жыхары славутую зямлячку Соф’ю Гальшанскую, каралеву Польшчы, заснавальніцу вядомай дынастыі Ягелонаў. Менавіта ёй у 2006 годзе ў цэнтры аграгарадка быў устаноўлены помнік.
Наведваючы Гальшаны, мы заглянулі ў школьны гістарычна-краязнаўчы музей імя Эдуарда Корзуна -- заснавальніка музея, які сёння мае статус народнага. У гэтым мы пераканаліся падчас экскурсіі, якую для нас правяла кіраўнік музея Яніна Корзун, жонка заснавальніка музея. Мы ўбачылі незвычайныя рэдкія экспанаты, багатыя экспазіцыі, разнастайныя знаходкі, пачулі цікавыя паданні пра гарадзішча і князя Гольшу, Чорнага манаха і Белую даму.
Пры выездзе з Гальшан мы спыніліся, каб наведаць гарадзішча. Такія аб’екты сёння не вельмі прыкметныя, але дзецям трэба ведаць і разумець іх значнасць для нашай гісторыі.
Славутасці Барун
Наступным – трэцім – прыпынкам стала вёска Баруны, якая знаходзіцца ў 13 кіламетрах ад Гальшан. Пры ўездзе ў вёску мы спыніліся каля помніка падбітаму пад Барунамі ў гады Першай сусветнай вайны самалёту “Ілля Мурамец”. Помнік устаноўлены ў 2009 годзе, а падзеі, якім ён прысвечаны, адбыліся больш за 100 гадоў назад, у 1916 годзе. Візітнай карткай не толькі вёскі Баруны, але і ўсяго Ашмянскага раёна з’яўляецца касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла, пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў стылі віленскага барока. З 1780 года ў храме захоўваецца мясцова шанаваны абраз Маці Божай Барунскай.
Крэва ў гісторыі краіны
Чацвёртым населеным пунктам маршруту стаў аграгарадок Крэва Смаргонскага раёна. Знаёмства з ім мы пачалі з наведвання школьнага народнага гістарычна-краязнаўчага музея. Экскурсаводы, вучаніцы 10 класа, цікава расказалі нам аб гісторыі населенага пункта, яго святынях і, канешне, аб таямнічым і добра вядомым у гісторыі Крэўскім замку, які калісьці быў вельмі падобны да нашага Лідскага замка ў плане забудовы, а яшчэ ў часе заснавання князем Гедымінам. Пасля захапляючай экскурсіі ў музеі мы наведалі руіны замка. Нажаль, становішча яго сёння не вельмі прывабнае, але ж рэканструкцыя пачалася. І заходняя сцяна ўжо часткова адноўлена.
Населены пункт Крэва ўвайшоў і ў гісторыю Першай сусветнай вайны. Менавіта тут у 1915 годзе расійская армія змагла спыніць наступленне немцаў і замацавацца. Тры гады праз мястэчка праходзіла лінія фронту. Само ж Крэва было падзелена на дзве часткі рэчкай Крыўлянкай. Крэўскі замак апынуўся на нямецкім баку. Яго старажытныя муры былі ўбудаваныя ў першую лінію германскай абароны.
«Смаргонская мядзведжая акадэмія» і не толькі
Смаргонь, якую мы наведалі пятай, таксама ўвайшла ў гісторыю Першай сусветнай вайны. З верасня 1915 па люты 1918 года праз Смаргонь праходзіла лінія руска-германскага фронту. У выніку баёў 16-тысячны горад ператварыўся ў руіны. Пасля 810-дзённай абароны ён практычна перастаў існаваць. Газеты таго часу называлі яго «мёртвым горадам». На смаргонскай зямлі засталося нямала напамінкаў аб тым страшным часе (доты, бліндажы, могілкі). У сучаснай Смаргоні ў 2014 годзе адкрыты мемарыяльны комплекс памяці ахвяр Першай сусветнай вайны.
Але нас цікавілі іншыя факты і славутасці горада. Па-першае, мы пачулі гісторыю заснавання ў XVII стагоддзі знакамітай «Смаргонскай мядзведжай акадэміі» і ўбачылі скульптурную кампазіцыю «Мядзведжая акадэмія», якая размешчана ў цэнтральнай алеі парку. Аўтар праекта – заслужаны дзеяч мастацтваў, майстар Уладзімір Церабун, чые работы добра вядомыя сёння ва ўсёй Беларусі. Менавіта ён з’яўляецца аўтарам праекта мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр Першай сусветнай вайны. Пасля знаёмства з гісторыяй “мядзведжай акадэміі” ўсім нам адразу стала зразумела, чаму на гербе горада намаляваны чорны мядзведзь з радзівілаўскім гербам «Трубы», які стаіць на задніх лапах.
Па-другое, мы пазнаёміліся з візітнымі карткамі горада: касцёлам Святога Міхаіла Архангела, які быў пабудаваны ў XVI стагоддзі як кальвінісцкі сабор, царквой Ператварэння Гасподняга, асвячонай 6 верасня 2009 года на рэспубліканскае свята -- Дзень пісьменства. У гэты ж дзень у Смаргоні быў адкрыты помнік Францішку Багушэвічу, беларускаму пісьменніку. Сёння помнік таксама з’яўляецца візітнай карткай горада.
Па-трэцяе, Смаргонь лічыцца радзімай абаранкаў. Мяркуюць, што першапачаткова абаранкі прызначаліся для мядзведзяў, але з часам яны распаўсюдзіліся па ўсёй Беларусі і за яе межамі.
Самы незвычайны касцёл у Беларусі
Апошнім і доўгачаканым для ўсіх вучняў стала знаёмства з касцёлам Святой Тройцы ў вёсцы Гервяты Астравецкага раёна. Велічны, прыгожы храм, размешчаны ў цэнтры сада-дэндрарыя, здаецца сапраўдным караблём, які трымае шлях у вечнаць. Упрыгожваюць сад фігуры апосталаў. Таму тэрыторую перад касцёлам людзі называюць “Плошчай дванаццаці апосталаў”. Вакол дэндрарыя газонная траўка, незвычайныя дэкаратыўныя кусты і кветкі… Касцёл Святой Тройцы па шчаслівым збегу абставін ні разу не быў разбураны. Таму нам, як і ўсім, хто прыязджае ў Гервяты, пашчасціла ўбачыць нерэканструяваную архітэктурную прыгажосць. Нездарма сёння гэтае ўтульнае месца завуць “беларускай Швейцарыяй”!
Апошнім аб’ектам, які мы змаглі ўбачыць хаця б здалёк, стала будоўля Беларускай АЭС на тэрыторыі Астравецкага раёна. Не спыніцца, каб не зрабіць яшчэ адзін здымак для нашага фотаархіву, мы не змаглі.
***
Вяртаючыся дадому пасля падарожжа, вучні доўга абмяркоўвалі, каму што спадабалася, што найбольш уразіла. Адказы былі самыя разнастайныя: ад экскурсій у школьныя музеі да агляду аб’ектаў. І галоўнае – нішто не засталося без увагі дзяцей. Упэўнена, падарожжа па Гродзеншчыне надоўга запомніцца кожнаму вучню. А тых, хто яшчэ не вандраваў па маршруце “ад Ліды да Гярвят”, запрашаем здзейсніць падарожжа. Славутасці і таямніцы гродзенскага краю чакаюць вас!
