Выпускніца сярэдняй школы №31 Гродна Лізавета Холіна атрымала 100 балаў на ЦТ па беларускай мове

Першыя вынікі цэнтралізаванага тэсціравання ў чарговы раз пацвярджаюць высокі ўзровень ведаў школьнікаў Гродзеншчыны.

У ліку сёлетніх шчасліўчыкаў-стобальнікаў выпускніца сярэдняй школы №31 Гродна Лізавета Холіна. Да адказнага іспыту рыхтавалася сама, без дапамогі рэпетытараў.

лиза холина 1.jpg
– Здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове вырашыла яшчэ ў дзясятым класе, – расказвае дзяўчына. – Для мяне беларуская мова значна лягчэйшая для ўспрымання, у правілах менш выключэнняў, ды і наогул, па-беларуску думаецца неяк прасцей. Набыла розных кніг з правіламі і заданнямі да тэстаў і пачала займацца. У рытме штодзённай падрыхтоўкі прайшлі ўсе летнія месяцы. Не ўтойваю: за мэту паставіла дасягнуць максімальнага выніку.

Першае рэпетыцыйнае тэсціраванне дзяўчына сдала на 81 бал. Спробай была задаволеная, бо частка матэрыялу тады заставалася яшчэ незасвоенай. Наступным крокам для Лізы стаў запіс на дадатковыя факультатыўныя заняткі.

– Дзякую сваёй настаўніцы беларускай мовы Валянціне Ярмусік за тое, што ў простай і даступнай форме тлумачыла незразумелыя моманты, падтрымлівала і заўсёды знаходзіла час для чарговых падказак. Яе ўклад у мой максімум вельмі значны, – зазначае дзяўчына. – Вынік, безумоўна, пацешыў. Спадзяюся, што не менш пацешаць балы па біялогіі і хіміі. А іх агульная колькасць разам з сярэднім балам атэстата дазволіць здзейсніць сваю мару – стаць студэнткай Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!