З абласнога цэнтра – у аграгарадок да дзяцей

З абласнога цэнтра – у аграгарадок да дзяцей

 

Выхаванцы і іх бацькі рады, што ў іх дзетак такая маладая абаяльная выхавальніца.

 

Сёлета педагагічная сям’я Дзятлаўшчыны папоўнілася дваццаць адным маладым спецыялістам, многія з іх – работнікі дашкольных установаў адукацыі. Свае першыя крокі ў прафесіі ў Гезгалаўскім дзіцячым садзе робіць Вікторыя Кісялёва. Яна расказала, чаму выбрала педагогіку, як прынялі на працоўным месцы і чаму працаваць з дзецьмі заўсёды цікава.

 

– Работа ў дзіцячым садзе – гэта мара, якая спраўдзілася, бо я люблю дзяцей, – расказвае яна. – Яшчэ падчас вучобы ў школе я хацела атрымаць прафесію выхавальніка дашкольнай адукацыі і дасягнула гэтага.

 

Вікторыя Яўгеньеўна – малодшая дачка ў сям’і, пры гэтым ёй падабаецца бавіць час са сваім пляменнікам, сынам старэйшай сястры, з якім яна лёгка ладзіць. Пасля заканчэння базавай школы дзяўчына вырашыла трансфармаваць свае педагагічныя здольнасці ў прафесію і падала дакументы ў Гуманітарны каледж ГрДУ імя Янкі Купалы, які сёлета паспяхова скончыла. Калі даведалася, што па размеркаванні едзе працаваць у аграгарадок, узрадавалася.

 

– Пачынаць працаваць у невялікім утульным працоўным калектыве – гэта выдатны шанец дэталёва разабрацца ў прафесіі на практыцы, атрымаць слушныя парады і падтрымку ад старэйшых калег, – дзеліцца малады спецыяліст. – Дагэтуль не была ў Дзятлаўскім раёне, але чула пра яго шмат добрага.

 

Усё атрымалася найлепшым чынам: у Гезгалах сустрэлі як родную, прадаставілі ўсе выплаты, забяспечылі жыллём у выглядзе аднапакаёвай кватэры. У першы ж дзень адбылося знаёмства з калектывам Гезгалаўскага дзіцячага сада і экскурсія па ўстанове, на працоўнае месца.

 

– Мне даверылі працаваць выхавальнікам у рознаўзроставай групе з дзецьмі ад двух да чатырох гадоў, у мяне сем маленькіх падапечных, так што кожнаму я магу надаць дастаткова ўвагі і часу. Разам мы займаемся, гуляем. Асабліва прыемна назіраць, як яны спазнаюць свет і  вучацца нечаму новаму. Напрыклад, вымаўляюць новыя словы.

 

Выхаванцы і іх бацькі рады, што ў іх дзетак такая маладая абаяльная выхавальніца, сама Вікторыя Яўгеньеўна таксама задаволена: кожны дзень яна папаўняе сваю скарбонку педагагічнага вопыту новымі ведамі і ўменнямі, каб стаць сапраўдным высокакваліфікаваным спецыялістам. У вольны час яна піша вучэбныя планы, малюе або захапляецца мясцовай прыродай.

 

– Як толькі прыехала на Дзятлаўшчыну, адразу звярнула ўвагу на мноства прыгожых соснаў, якія растуць у аграгарадку паўсюль. За гэтыя месяцы паспела пабываць у гарпасёлку Наваельня, дзе пазнаёмілася з іншымі маладымі педагогамі, а таксама ў горадзе Дзятлаве, які зацікавіў мяне сваёй архітэктурай. Пакуль надвор’е дазваляе, кожныя выхадныя езджу дадому ў Гродна.

 

На пытанне аб найбліжэйных планах Вікторыя Кісялёва адказвае адназначна:

 

– Мая задача сёння – сумленна працаваць, набірацца вопыту, выхоўваць дзяцей у любові да Беларусі і роднага краю, быць карыснай свайму маленькаму калектыву і педагагічнай супольнасці Дзятлаўскага раёна. Якімі будуць іншыя планы ­– пакажа час.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 

Редакция газеты «Гродненская правда»