За ёлачную цацку – сем сутак арышту. У Дзятлаўскім раёне двое мужчын зламалі ёлачнае ўпрыгожванне

За ёлачную цацку – сем сутак арышту. У Дзятлаўскім раёне двое мужчын зламалі ёлачнае ўпрыгожванне

Пераднавагодні настрой, чаканне чагосьці прыемнага, шчаслівага, напэўна, любімы час для кожнага чалавека.

І мы шчыра радуемся, заўважаем прыгажосць усюды. Няхай гэта будзе ўпрыгожаная каса ў магазіне або акно бліжэйшага дома, ёлка на цэнтральнай плошчы, піша карэспандэнт diatlovonews.by.

Толькі на ўсю прыгажосць, створаную нечымі рукамі, заўсёды знойдзецца нягоднік, якому яна “папярок горла”.

Не паспелі работнікі жылкамунгаса ўпрыгожыць галоўную ёлку на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве, як у першую ж ноч два “арлы”, адзін жыхар райцэнтра, другі – вёскі Апаліна-Басіна, сарвалі ёлачную цацку і шпынялі ёю, як футбольным мячом. Думаеце, гэта дзятва, падлеткі? Зусім не, аднаму 20 гадоў, другому – 29. Чаму мужыкам у футбол не паганяць у чатыры гадзіны ночы? Дык на працу ж заўтра не трэба – абодва беспрацоўныя.

Тыя, пра каго пішу, можа, гэтую заметку і не прачытаюць, але людская пагалоска данясе і да іх, і да іншых лайдакоў, якім рукі чэшуцца не да работы, а да разрухі, каму мараль не патрэбна, і сумленне для каго – перажытак, – па законе адкажуць усе! Камеры відэаназірання цяпер устаноўлены па ўсім райцэнтры, і кожны хуліган, вандал абавязкова стане героем чарговага відэароліка, як і аматары ёлачных цацак. Дарэчы, абодва былі аператыўна затрыманы праваахоўнікамі, змешчаны ў КПЗ аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Адзін заплаціў штраф, другому “выпісалі” сем сутак арышту. Тыдзень на нарах – магчымасць адчуць усё “хараство” сонечнага святла скрозь краты, суседства побач нямытых, прапітых сукамернікаў, увогуле, “прыемнае” баўленне часу.

Дарэчы, цацку падрамантавалі, вярнулі на ёлку, будзе далей радаваць жыхароў і гасцей горада сваімі бліскучымі пералівамі.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»