Побач з бацькам на жніве

Побач з бацькам на жніве

Камбайнер СВК «Солы» Смаргонскага раёна Віталій Феліў сёлета пабіў уласныя рэкорды. Разам з бацькам Міхаілам Аляксандравічам, які ў гэтую жніўную пару працуе ў сына памочнікам на камбайне, намалацілі больш за 1900 тон зерня.
Віталій вядзе адлік сваім уборачным з 1999 года, калі ўпершыню стаў за штурвал камбайна і павёў свой “Енісей” па казахстанскім стэпе.

Калісьці бабуля і дзядуля Віталія, узнятыя з месца маладзёжнай рамантыкай, паехалі пакараць цаліну. Там нарадзіліся іх дзеці і ўнукі. А восем гадоў таму сям’я прыняла важнае рашэнне – пераехаць з Казахстана. Была магчымасць паехаць на радзіму бацькі, ва Украіну. Асноўным аргументам на карысць Беларусі было для Віталія тое, што на Смаргоншчыне жылі бацькі яго жонкі.

– Прыехалі спачатку да цесця і цешчы, а потым знайшлі сельгаскааператыў, дзе патрэбны былі механізатары, – успамінае Віталій Феліў. – Далі нам дом, і для маіх бацькоў праца і жыллё знайшліся. Усё нас тут задавальняе. Рады, што прыехалі ў Беларусь. Ад нас жа патрабавалася толькі адно – старанна працаваць.

У першы ўборачны сезон Віталій стаў за штурвал «Ліды». Беларускі камбайн, кажа, яму спадабаўся – і камфорт належны ў машыне, і прадукцыйнасць высокая. Кіраўніцтва ж было задаволена яго працай. Таму праз некалькі гадоў даверылі яму новы камбайн – КС-1218.

– Хлопец старанны, увішны і да тэхнікі добра адносіцца, і справу сваю любіць і ведае, – расказвае старшыня калгаса Вольга Лук’яненка.

Яна – кіраўнік строгі і патрабавальны, але старанных працаўнікоў цэніць і паважае. Ім і надбаўкі, і тэхніка новая, а таксама маральнае і матэрыяльнае заахвочванне.
Вясной Віталій Феліў на трактары на пасяўной быў заняты, потым перасеў на новы кормаўборачны камбайн, а калі пачалася жніўная пара, стаў убіраць зерне. Работа ад цямна да цямна ўсё лета. У сёлетнюю спёку дапамагалі кандыцыянеры. Надвор’е без дажджоў спрыяла ўборцы збажыны. Бацька і сын Фелівы – лідэры жніва. Віталій шчыра прызнаецца, што адзнакай хлебаробскай працы задаволены. Іх перадавы экіпаж прыязджалі віншаваць з раёна, і ў раённай газеце пра іх напісалі. Той, хто не лянуецца працаваць, заслугоўвае павагі і пашаны. Украінец па нацыянальнасці, які вырас у Казахстане, а месцам жыхарства абраў Беларусь, зараз ганарыцца, што з’яўляецца грамадзянінам нашай краіны.

Дарэчы, на жніве зараз занята і жонка Віталія Алеся. Яна працуе на збожжаскладзе. Так што ўклад сям’і Феліў у сёлетні хлебны каравай значны.
Редакция газеты «Гродненская правда»