Ганненскі кірмаш, адроджаны 15 гадоў таму, прайшоў у райцэнтры

Ганненскі кірмаш, адроджаны 15 гадоў таму, прайшоў у райцэнтры

Захапленне і цікавасць на свяце выклікала практычна ўсё: насычаная і разнапланавая праграма, арыгінальнае афармленне гандлёвых кропак, падворкаў, майстар-класы, унікальныя вырабы завітаўшых на кірмаш рамеснікаў, стылізаваныя касцюмы зэльвенцаў і, канечне ж, катанне на конях.
Распачалося свята тэатралізаваным кірмашовым «карнавалам», які адкрыў сам князь Сапега. На працягу дня эпіцэнтр мерапрыемства перамяшчаўся з адной пляцоўкі райцэнтра на другую. Купляць, гуляць і весяліцца нястрымна – Сапегаў загад зэльвенцы і госці Ганненскага кірмашу выканалі на «выдатна».

Можна было зрабіць незабыўнае падарожжа па вуліцах пасёлка на коннай брычцы, паўдзельнічаць у майстар-класах, якія давалі рамеснікі. Прыцягвалі ўвагу і сельскагаспадарчыя падворкі, на якіх разгортваліся тэатралізаваныя прадстаўленні.

Упершыню на кірмашы быў арганізаваны гандаль коньмі. Святочны настрой са сцэны дарылі сталічныя і мясцовыя артысты. Арганізатары мерапрыемства паклапаціліся, каб і дзеці змаглі знайсці сабе забавы па гусце: працавалі разнастайныя атракцыёны і забаўляльныя пляцоўкі.

Завяршылася свята вогненным і водна-светлавым шоу, феерверкам. Удзел у свяце, па ацэнках супрацоўнікаў РАУС, прынялі каля чатырох тысяч чалавек. Па ўсім было бачна – на свяце панаваў радасны настрой. Значыць, кірмаш удаўся.

Традыцыя Ганненскага кірмашу, названага ў гонар святой Ганны, бярэ пачатак у XVIII стагоддзі. Тады на кірмаш у Зэльве, другі па велічыне пасля Лейпцыгскага, прыязджала да пяці тысяч купцоў з усёй Еўропы. Працягваўся ён каля месяца, купіць тут можна было ўсё: ад табака да адзення.















































































































Редакция газеты «Гродненская правда»