Абласны фестываль «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў» чарговы раз сабраў удзельнікаў и гасцей свята на шлюзе Дамброўка
Намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк вітаў усіх прысутных цёплай прамовай:
Пасля ўрачыстага адкрыцця пачалася канцэртная праграма. У ёй прынялі ўдзел творчыя калектывы Гродзенскай вобласці.
- На сцэне сёння мы бачым людзей рознага ўзросту: бабуль, якім за 80 гадоў, таксама дзетак, якім няма яшчэ і 10. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е яны прыехалі сюды з розных куткоў вобласці, как парадаваць нас сваімі спевамі. Варта адзначыць, што калектывы, якія сёння выступаюць, складаюцца з прадстаўнікоў беларускай, літоўскай і польскай нацыянальнасцей, якія разам жывуць на беларускай зямлі. Яны захоўваюць культурныя традыцыі сваіх народаў, - расказала начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч.
Недалёка ад сцэны разгарнулася рамесніцкая пляцоўка. Тут майстры па пляценні паясоў і саломапляценні, ганчары і кавалі, майстры па разьбе па дрэве. - На фестываль мы прыязджаем ужо трэці раз. Па-першае, каб паказаць скарбы роднага Іўеўскага краю, створаныя залатымі рукамі нашых умельцаў, а, па-другое, каб проста адпачыць і добра правесці час. Прырода навокал цудоўная, побач – сябры, як гэта можа не падабацца, – падзялілася ўражаннямі саломапляцельшчыца, член беларускага «Саюза майстроў» народнай творчасці і загадчыца аддзела рамёстваў традыцыйнай культуры горада Іўя Ірына Смірнова.
Кожны госць мерапрыемства меў магчымасць на некаторы час паспрабаваць сябе ў ролі рамесніка.
- Сёння мы прапануем прысутным чатыры майстар-класы: па саломапляценнні, ткацтве паясоў, вырабе лялек-абярэгаў і пляценні фенечкі, - расказала начальнік аддзела этнаграфіі, фальклору і раместваў Гродзенскага раёна Вікторыя Ланеўская. – Фенечку плясці ўжо пачалі. Мы назвалі яе «Фенечкай сяброўства». Сутнасць у тым, каб кожны чалавек падыйшоў і працягнуў працу папярэдняга, каб у выніку атрымаўся вялікі і прыгожы выраб, створаны агульнымі стараннямі.
На фестывалі быў арганізаваны бібліятэчны open-air. Тут можна было пазнаёміцца з выставай пра гісторыю правядзення фестывалю «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў». На працягу ўсяго дня на свяце таксама дзейнічала выстава-прэзентацыя традыцыйнай народнай вопраткі Гродзенскай вобласці «Водгукі далёкай старажытнасці», працаваў арт-праект «Яднае сяброўства» – карціна з саматканых дываноў. Адбылася акцыя «Пабудуем Аўгустоўскі канал разам», якая дазволіла ўдзельнікам свята са спадручных матэрыялаў стварыць мадэль Аўгустоўскага канала. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, фестываль прайшоў цёпла і весела.
