Аграном-аграхімік Іван Вярчук: «Сельская гаспадарка дае вялікія магчымасці для самарэалізацыі». Новая гісторыя ў праекце "Чаго хоча моладзь"

Аграном-аграхімік Іван Вярчук: «Сельская гаспадарка дае вялікія магчымасці для самарэалізацыі». Новая гісторыя ў праекце "Чаго хоча моладзь"

Год таму выпускніка Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Івана Верчука цёпла сустрэлі ў РСКУП «Ваўкавыскае», што знаходзіцца ў аграгарадку Рэпля Ваўкавыскага раёна. Сюды малады спецыяліст прыйшоў працаваць па размеркаванні ў якасці агранома-аграхіміка ўчастка №2 «Вярэйкі». Як заўважае сам юнак, пасля года працы ён яшчэ больш пераканаўся ў тым, что сельская гаспадарка дае вялікія магчымасці для самарэалізацыі. Чаму, расказваем у чарговым матэрыяле праекта “Чаго хоча моладзь?”

Хлопец вырас у вёсцы Арэхава, што ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці. У школе з цікавасцю вывучаў біялогію і інфарматыку, любіў фізкультуру.

верчук (1).jpg
– На выбар будучай прафесіі, безумоўна, паўплывала асяроддзе, у якім я рос. Бацькі з дзяцінства прывучылі мяне да працы на зямлі – выхоўвалі будучага гаспадара. Бывала, што на летнім адпачынку я працаваў у мясцовай гаспадарцы – дапамагаў на збожжатоку. У выпускным класе вылучыў для сябе тры асноўных прафесіі, у якіх бачыў сваю будучыню. Адна з іх – машыніст цягніка – вабіла хутчэй дзіцячымі летуценнямі пра падарожжы, тым не менш яе я таксама разглядаў у якасці магчымай.

верчук (9).jpg
Пайшоў у аграномы

У выніку Іван усё ж выбраў прафесію, звязаную з сельскай гаспадаркай, і паступіў на агранамічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Вучыўся юнак на кафедры раслінаводства. Тут будучаму спецыялісту далі трывалую тэарэтычную базу і паказалі, як прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Вучэбны працэс захапляў, а поспехі стымулявалі крочыць далей.

– На чацвёртым курсе ў мяне з’явілася магчымасць стажыравацца на адной з фермерскіх гаспадарак у Германіі. І не некалькі дзён, а амаль тры месяцы – гэта палова нашай агульнаагранамічнай практыкі. Але для таго, каб туды накіравацца, патрэбна было даказаць, што менавіта ты годны прадставіць свой універсітэт у іншай краіне. У мяне гэта атрымалася, – успамінае Іван. – Гэта быў вельмі каштоўны вопыт у плане вывучэння нямецкай культуры вядзення сельскай гаспадаркі. Мне было цікава, па якіх тэхналогіях там апрацоўваюць тыя ж культуры, што і ў нас, як развіта жывёлагадоўля, якую тэхніку выкарыстоўваюць і многае іншае. Вяртаўся на радзіму вельмі натхнёны.

верчук (12).jpg

Сваю дыпломную працу будучы аграном прысвяціў вырошчванню азімай пшаніцы ў кліматычных умовах Гродзенскай вобласці. Кожную сваю гіпотэзу студэнт правяраў на доследным полі ўніверсітэта.

– Я назіраў за ўсімі этапамі вырошчвання гэтай культуры – ад пасадкі да ўборкі ўраджаю. Пасля гэтага мы з навуковым кіраўніком ацэньвалі атрыманы ўраджай, яго якасць. Для аграрыяў не сакрэт, што атрыманню высокай ураджайнасці збожжа спрыяюць такія элементы тэхналогіі вырошчвання азімых збожжавых культур, як падбор гатункаў, апрацоўка глебы, угнаенні і іншае. Мы з навуковым кіраўніком сканцэнтраваліся на падборы аптымальных гатункаў і вывелі некалькі гатункаў азімай пшаніцы і запатэнтавалі іх.

Але, як вядома, студэнцтва не абмяжоўваецца толькі аднымі заняткамі. Ужо з першага курса Іван трывала ўліўся ў новае асяроддзе і стаў актыўным удзельнікам грамадскага жыцця ўніверсітэта. Шмат магчымасцяў у гэтым плане адкрыў саюз моладзі – канцэрты, акцыі, спартыўныя мерапрыемствы, велапрабегі, турзлёты і гэтак далей. У якасці валанцёра атрада “Добрае Сэрца” Іван удзельнічаў у конкурсе “Валанцёр года”, а як актывіст БРСМ – у рэспубліканскім конкурсе на лепшую пярвічную арганізацыю. Захапіла Івана творчая дзейнасць: на працягу двух курсаў малады чалавек займаўся народнымі танцамі ў ансамблі песні і танца “Цярэшкі”.

верчук (11).jpg
З універсітэта – у поле

На першым працоўным месцы для маладога спецыяліста стварылі камфортныя ўмовы. Адразу ж далі пакой у інтэрнаце, службовы аўтамабіль. Акрамя гэтага забяспечваюць аднаразовым харчаваннем.

– Я хутка ўліўся ў калектыў, тым больш што старэйшыя калегі заўсёды ахвотна дапамагаюць парадамі і падказкамі. Працы ў аграхіміка хапае не толькі ў полі, але і на працоўным месцы: ад пабудовы планаў на будучы сельскагаспадарчы сезон да ўборкі і нарыхтоўкі атрыманага ўраджаю. Мая галоўная задача – забяспечыць гаспадарку якаснымі ўгнаеннямі і пестыцыдамі, правільна ўнесці іх у глебу, правесці ўсе неабходныя мерапрыемствы па абароне раслін ад шкоднікаў і хвароб.

верчук (2).jpg

Акрамя гэтага ў сферы асаблівай увагі аграхіміка распрацоўка і ўкараненне мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне ўрадлівасці глебы і павелічэнне ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, сістэматычнае вывучэнне біялагічных асаблівасцяў раслін, глебава-кліматычных умоў гаспадаркі, удзел у складанні схем севазвароту і многае іншае.

Як лічыць сам малады спецыяліст, прэстыж сельскагаспадарчых прафесій з цягам часу не панізіцца, а, наадварот, будзе расці. З распаўсюджваннем сучасных тэхналогій з’явіцца магчымасць эфектыўна апрацоўваць глебу і атрымліваць добры ўраджай. Таму вельмі важна клапаціцца пра падрыхтоўку якасных спецыялістаў, якія паспрыяюць укараненню інавацый у аграпрамысловым комплексе. Шмат што для гэтага ў краіне робіцца ўжо зараз.

верчук (4).jpg
За вопытам – у сталіцу Татарстана

У лютым гэтага года ў маладога спецыяліста з’явілася ўнікальная магчымасць пашырыць свае веды і атрымаць карысны вопыт у сваёй сферы. У складзе беларускай дэлегацыі Іван Вярчук удзельнічаў у Міжнародным кангрэсе сельскай моладзі, які праходзіў у Казані і аб’яднаў больш за 250 прадстаўнікоў сельскай моладзі з 26 краін свету.

– Кангрэс стаў пляцоўкай для дыялогу, наладжвання кантактаў і абмену вопытам у галіне развіцця сельскіх тэрыторый паміж ініцыятыўнымі хлопцамі і дзяўчатамі, якія займаюцца развіццём маладзёжнай палітыкі ў вёсцы. Кожнаму было што расказаць і чым падзяліцца. Напрыклад, у нас для сельскай моладзі праводзяцца такія праекты, як «Уладар сяла», «Моладзь за ўраджай», – адзначае Іван. – Асаблівую цікавасць выклікалі выступленні замежных і расійскіх спікераў, якія распавядалі пра сакрэты росквіту моладзёжнага прадпрымальніцтва на сяле, а таксама аб унікальных магчымасцях сельскай мясцовасці ў развіцці паспяховай асобы.

верчук (8).jpg
Спартыўныя крокі і мара падарожнічаць

Асобная глава ў жыцці маладога чалавека – спорт. У школьныя гады хлопец спрабаваў сябе ў баскетболе, футболе, валейболе, займаўся лёгкай атлетыкай. Атрымлівалася паспяхова. Сведчаннем таму сталі ўзнагароды за розныя прызавыя месцы. У старэйшых класах Іван захапіўся каратэ кіакушынкай-до і працягнуў займацца гэтым відам спорту ва ўніверсітэце пад кіраўніцтвам трэнера Васіля Максімава.

– У мяне не было жадання хутчэй атрымаць пояс іншага ўзроўню дзеля галачкі. Хутчэй імкненне спазнаць сябе і свае магчымасці праз гэты від спорту. У любым выпадку да здачы экзамену на новую ступень я падыходзіў вельмі адказна і асабліва не спяшаўся з гэтым – хацелася да канца быць упэўненым, што гэта маё. У выніку я атрымаў аранжавы пояс і на гэтым спыніўся, – распавядае Іван.

верчук (7).jpg

Сядзець на месцы склаўшы рукі – гэта не пра Івана. Магчыма, таму яму з дзяцінства мрояцца вандроўкі і далёкія краіны. Па магчымасці сваю дзіцячую мару малады чалавек выконвае – быў у Германіі, Расіі, Украіне, Егіпце. А ў будучыні плануе аб’ехаць усю Беларусь і пазнаёміцца з самымі далёкімі куточкамі нашай краіны.

– Мэту стаўлю перад сабой няпростую – пабываць ва ўсіх гарадах рэспублікі. У нашай краіне жывуць выдатныя людзі, і ў нас выдатная зямля. Хочацца больш даведацца пра нашу гісторыю, культуру, звычаі і традыцыі менавіта ў глыбінцы. У мяне з дзяцінства захавалася любоў да сельскага жыцця, і я вельмі задаволены тым, дзе вырас, з якімі людзьмі пазнаёміўся і як жыву зараз. Уявіць сябе жыхаром вялікага горада ці мегаполіса для мяне амаль немагчыма.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»