Алег Кізюкевіч пра страх першай аперацыі, рукі хірурга і ўрокі дапамогі ў праекце "Чаго хоча моладзь?"

Алег Кізюкевіч пра страх першай аперацыі,  рукі хірурга і ўрокі дапамогі ў праекце "Чаго хоча моладзь?"

Летась падчас знамянальнай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са студэнтамі гродзенскіх вну сярод запрошаных быў Алег Кізюкевіч. Будучы кардыёхірург. Праўда, сам ён кажа “калі стану кардыёхірургам”, у сэнсе “если”. Але калі даведваешся, колькі намаганняў юнак прыкладае, сіл і часу аддае будучай прафесіі, усе сумненні ў гэтым адпадаюць. У ім вельмі арганічна спалучаюцца рацыянальная мэтанакіраванасць і эмацыянальная апантанасць.



Аднойчы на вуліцы…

– Колькі сябе памятаю, хацеў быць урачом. А мама расказвала, неяк мы былі сведкамі, як на вуліцы стала кепска чалавеку. На шчасце, побач апынуўся ўрач і аказаў яму першую дапамогу. Гэта так уразіла мяне, чатырохгадовага хлопчыка! Сам не памятаю, але яна казала, пасля я шмат пытаў, што гэта здарылася, што рабіў урач… І ў выніку вырашыў, што таксама хачу быць урачом, – згадвае Алег. – Па праўдзе, бацькі не верылі, што дзіцячае жаданне будзе такім моцным. Аднак прайшло шмат гадоў, і нічога не змянілася, я па-ранейшаму хачу быць урачом.

IMG_0248.JPG

 Акрамя дзіцячай мары дапамагаць іншым, ратаваць жыцці, у яго рашэнні ўжо старшакласнікам ёсць і вельмі рацыянальны, узважлівы падыход: калі абіраеш будучую прафесію, важна разумець, а ці будзе яна запатрабавана праз 5,10, 20 гадоў. Медыцына – дакладна. І вось Алег зрабіў першы важны крок да здзяйснення мары – стаў студэнтам лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Сёння ён амаль выпускнік – студэнт 6 курса.

IMG_9609.jpg

– З першага курса задумваўся, які кірунак у медыцыне хацеў бы абраць. Цікавіла хірургія. Прызнацца, было страшна першы раз прысутнічаць у аперацыйнай. Бо разумеў: калі ўсё ўбачу ўжывую, я ці на сто адсодкаў упэўнюся, што хачу быць хірургам, ці мая мара разрушыцца. Адно – мець жаданне і не ведаць, што канкрэтна цябе чакае. Іншае – убачыць на свае вочы. Калі пачалася аперацыя, я з першых хвілін супакоіўся, бо адразу адчуў: гэта маё. 

Праўда, і ў хірургіі можна абраць больш вузкі напрамак. Алега зацікавіла кардыёхірургія. Тым больш, у Гродне ёсць дзе павучыцца: наш кардыёцэнтр высока каціруецца ў краіне. 

Мае ўніверсітэты 

Веды, што можна атрымаць ва ўніверсітэце, гэта першы абавязковы складнік будучага поспеху. Аднак не адзіны. Вольны час студэнт можа патраціць як заўгодна. Алег, да прыкладу, з моманту, як першы раз трапіў на аперацыю, стараецца як мага больш часу праводзіць у аперацыйнай.

Як студэнт-медык прасіў дазволу проста прысутнічаць і назіраць. Пасля пачаў асісціраваць. Цяпер ён субардзінатар-хірург, і яму давяраюць праводзіць асобныя, пакуль самыя простыя этапы аперацый.

IMG_0255.JPG

– Акрамя таго, што можа прапанаваць універсітэт, я сам шукаў дадатковыя магчымасці для павышэння свайго ўзроўню. Першая палова дня – гэта заняткі. А вечарам стараюся ці прысутнічаць на аперацыях, ці займаюся самастойна. Прыходжу на кафедру альбо працую дома. У хаце ёсць уласны набор хірургічных інструментаў, матэрыял па дамоўленасці бяру на нашым мясакамбінаце. Тым больш, як бы дзіўна гэта ні гучала, у свінні і чалавека ўнутраныя органы амаль ідэнтычныя. На іх трэніруюся, адточваю кожны рух. 

Калі з’явілася магчымасць пабываць на стажыроўцы ў кардыёхірургічным цэнтры ў польскім горадзе Познані, паехаў. Таксама быў на практыцы ў Мінску. Гэта дазволіла наладзіць стасункі са сталічнымі ўрачамі, і час ад часу Алег купляе білет і едзе набірацца вопыту. Не шкадуе ні часу, ні грошай. Бо гэта таго варта.

Разам яшчэ з двума студэнтамі-медыкамі бралі ўдзел у міжнароднай алімпіядзе па хірургіі, яка праходзіла ў Маскве, і занялі трэцяе агульнакаманднае месца. 

IMG_20190717_104156.jpg

Ёсць час і на навуку. Навуковы кіраўнік Алега загадчык 1-й кафедры хірургічных захворванняў Эдуард Магілевец шмат гадоў займаецца праблемай кровацячэнняў з варыкозна расшыраных вен стрававода і страўніка. Пад яго кіраўніцтвам вывучэннем аднаго з аспектаў пытання займаецца Алег, і яго даследванне стала лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх работ. Імя Алега Кізюкевіча ўнесена ў банк дадзеных адоранай моладзі. 

– Вельмі важна, мне падаецца, ні ў якім разе ні ў які момант не гаварыць сабе, што ты дасягнуў усяго, чаго мог. Колькі будзеш у прафесіі, столькі трэба развівацца. Увесь час з’яўляецца нешта новае, медыцына і кардыёхірургія, у прыватнасці, вельмі імкліва развіваюцца. 

IMG_0281.JPG

Толькі за мінулы год у Гродзенскім кардыёцэнтры выканалі каля 500 аперацый на адкрытым сэрцы. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму і ўявіць было немагчыма, што ўрачы змогуць “увайсці” праз бедраны сасуд, дайсці да сэрца, паставіць стэнт. Можна толькі меркаваць, якія аперацыі стануць шараговымі яшчэ праз 20 гадоў… І рабіць іх тым, хто атрымлівае адукацыю сёння.

Медыцына для ўсіх

Акрамя ўласнай адукацыі, Алег Кізюкевіч працуе са школьнікамі.

Амаль два гады бясплатна вучыць старшакласнікаў аказваць неадкладную дапамогу, у межах гэтага праекта наведаў шмат гродзенскіх школ і гімназій. Другі праект – “Школа абітурыента”. Ён прафарыентацыйны і рэалізуецца ва ўніверсітэце з 2013 года. Алег курыруе яго з другога курса.

IMG_0304.JPG

Супрацоўнічаюць у першую чаргу з ліцэем №1. Вучні, што мяркуюць стаць медыкамі, бываюць на кафедрах універсітэта, прысутнічаюць на лекцыях. 

Гэта, кажа Алег, дапамагае ім зразумець: медыцына – насамрэч тое, чым яны хочуць займацца ў жыцці?

Настаўнікі

– Калі я толькі выбіраў вну, вагаўся: Мінск ці Гродна. А сёння дакладна магу сказаць, што па якасці адукацыі наш універсітэт на такім жа высокім узроўні, што і сталічны. І гэта выклікае ў мяне пачуццё гонару. У Гродне працуюць выдатныя спецыялісты. Калі быў на стажыроўцы ў Познані і прысутнічаў на аперацыях, канешне, параўноўваў. Нечаму навучыўся, але былі моманты, калі я з задавальненнем адзначаў, што ў некаторых выпадках нашы хірургі зрабілі б інакш і, мабыць, лепш.

Для Алега прыклад – яго навуковы кіраўнік Эдуард Магілевец, які дапамог зрабіць першыя крокі ў хірургіі і  сур’ёзнай навуковай дзейнасці. Прыклад і былы дэкан лячэбнага факультэта Генадзь Мармыш, прафесар-хірург, выдатны спецыяліст. Алегу Кізюкевічу, акрамя прафесіяналізму, імпануе яго мудрасць.

IMG_20181114_153645.jpg

Называючы іншыя імёны, студэнт заўважае, што гэта толькі невялікая частка людзей, якія адыгралі важную ролю ў яго станаўленні. Дакладней, на самым яго пачатку. Атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі – насамрэч толькі пачатак прафесійнага станаўлення ўрача. Калі пашчасціць трапіць у кардыёцэнтр, неабходна будзе праходзіць спецыялізацыю. Гэта заканамерна, бо ўрачам даводзіцца працаваць з тым, што ёсць самае дарагое ў чалавека, – яго жыццём. 

– Адказнасць – велізарная. І для мяне гэта вельмі хвалюючы момант. Перад табой  такі ж, як ты, чалавек, чыйсці сын, муж, брат, і родныя чакаючь, што ён паправіцца і ўсё будзе добра. Але трэба ўмець спраўляцца са сваімі эмоцыямі. У хірурга павінны быць халодны розум і гарачае сэрца. І цвёрдая рука. Якая, да таго ж, ніколі не павінна ісці “наперадзе галавы”. Калі рукі спяшаюцца, а галава не паспявае, чакай бяды. 

Па традыцыі мы завяршаем інтэрв’ю пытаннем, якім наш герой бачыць сябе праз пяць гадоў.

– Вельмі спадзяюся, што праз пяць гадоў я ўжо буду стаяць за аперацыйным сталом і глядзець на адкрытае сэрца. Не як асістэнт, а як кардыёхірург.

Редакция газеты «Гродненская правда»