Аляксандра Кунгер: «Мару адкрыць уласны салон прыгажосці для найпрыгажэйшага горада Беларусі». Новая гісторыя ў праекце "Чаго хоча моладзь?" (+відэа)

Аляксандра Кунгер: «Мару адкрыць уласны салон прыгажосці для найпрыгажэйшага горада Беларусі». Новая гісторыя ў праекце "Чаго хоча моладзь?" (+відэа)

Яскравая дзяўчына, заўсёды ўсмешлівая, натхнёная і адкрытая. Аляксандра Кунгер – студэнтка 3 курса факультэта бухгалтарскага ўліку Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта ўпэўнена, што ў жыцці можна дасягнуць любых вяршынь, калі ёсць падтрымка блізкіх людзей. Яна не баіцца цяжкасцяў і перашкод, у будучым бачыць сябе паспяховай бізнес-вуман, каханай жонкай, а галоўнае – мамай. 

“ГРОДНА – САМЫ ПРЫГОЖЫ ГОРАД!”

IMG_2904.jpg
Дзяўчына нарадзілася ў Мазыры. Гэта амаль пяцьсот кіламетраў ад Гродна. Часта абітурыенты, калі выбіраюць вну, аддаюць перавагу тым, што бліжэй да родных мясцін. Але яшчэ ў юнацтве горад над Нёманам стаў для Сашы марай. Яна бачыла сталіцу, была ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, але, прызнаецца, такой прыгажосці, утульнасці і душэўнай чалавечай цеплыні, як у Гродне,  не сустракала больш нідзе. 

– Старэйшая сястра выйшла замуж і пераехала ў Ваўкавыск. Калі я яшчэ вучылася ў школе, прыязджала да яе. Яна ўпершыню паказала мне Гродна. Тады я зразумела, што хачу жыць толькі тут, – расказвае Саша. –  Бацькі прапаноўвалі паступаць у Магілёў, але я адмовілася. Чаму абрала прафесію бухгалтара? Гэта доўгая гісторыя. Спачатку рыхтавалася да паступлення ў акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў, збіралася пасля працаваць у Мозырскай калоніі. Але ў нейкі момант зразумела, што гэта не маё. У мяне мяккі дзявочы характар, напэўна, мне было б цяжка працаваць з асуджанымі. Вырашыла стаць бухгалтарам, як сястра. Яна папярэджвала, што прафесія складаная і вельмі адказная, патрабуе стараннасці і ўважлівасці. Галоўны бухгалтар, напрыклад, нараўне з кіраўніком адказвае за фінансы прадпрыемства. Але ж мяне так проста не напалохаеш! 

АД РАНКУ ДА АПОЎНАЧЫ

Амаль адразу дзяўчына абрала Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт і цяпер лічыць, што гэта было правільным рашэннем. Гэта лепшая вну, упэўнена сцвярджае Саша.



– Я так рада тут вучыцца! Аграрны ўніверсітэт як адна вялікая сям’я: кожны ведае адзін аднаго, заўсёды падтрымае і дапаможа, калі гэта спатрэбіцца. Выкладчыкі, аднагрупнікі – гэта родныя мне людзі, да якіх заўсёды можна звярнуцца за парадай і дапамогай. Ва ўніверсітэце вельмі актыўнае грамадскае жыццё. Гэта збліжае. Яскравы прыклад – універсітэцкі этап конкурса “Студэнт года”. Увесь мой факультэт прыйшоў мяне падтрымаць. Калі аб’явілі, што пераможцам стаў Арцём Несцярук, некаторыя “з маіх” так засмуціліся, што заплакалі. Прыемна, калі, здаецца, амаль незнаёмыя людзі так за цябе перажываюць. 

IMG_2789.jpg

Саша не прыхоўвае: яна яшчэ тая актывістка. Тыднямі можа знаходзіцца ва ўніверсітэце з ранку і да апоўначы, калі трэба падрыхтавацца да мерапрыемства ці выступлення. Вахцёры ў інтэрнаце прывыклі і нават ужо не пытаюцца, дзе дзяўчына так затрымалася.

– Калі вучылася ў школе, некалькі гадоў займалася спартыўна-бальнымі танцамі, – працягвае Саша. – Потым прыйшлося кінуць заняткі, але любоў да сцэны, актыўнага руху засталася. Вечарамі перад люстэркам паўтарала элементы і марыла, што аднойчы зноў буду танцаваць. Так і адбылося: ва ўніверсітэце далучылася да танцавальнага гуртка. Пачаліся рэпетыцыі, выступленні – усё, як хацела. Шкада, нядаўна з-за пэўных абставінаў наш гурток раскідаўся, але ж, спадзяюся, гэта часова. 

БЫЦЬ САМАСТОЙНАЙ

Ёсць у Сашы з юнацтва яшчэ адно захапленне: у вольны час яна робіць дзяўчатам манікюр. Атрымоўваецца так добра, што ад “кліентак” няма адбою. Гэта справа, якая прыносіць задавальненне. Ёй проста падабаецца фантазіраваць і ствараць прыгажосць, кажа Саша. Акрамя іншага, дзяўчына працуе прадаўцом-кансультантам у магазіне адзення, каб адчуваць сябе больш самастойнай і крыху дапамагаць бацькам.

IMG_2818.jpg

 –  Я вучуся платна і разумею, што маці і бацька вельмі многа працуюць, каб мяне падтрымліваць. Не хочацца іншы раз прасіць у іх грошай. Уладкавалася на працу. Гэта будзе карысным для мяне: навучуся самастойнасці, стану больш дарослай, адказнай, атрымаю пэўны вопыт. На вучобу праца ніяк не ўплывае: калі паспяваю рабіць усё, дык чаму не паспрабаваць?

“АД СВАІХ МЭТАЎ АДМАЎЛЯЦЦА НЕ ПРЫВЫКЛА”

Саша ўпэўнена, што ва ўніверсітэце атрымлівае веды, якія абавязкова дапамогуць ёй здзейсніць сваю запаветную мару – адкрыць уласны салон прыгажосці. 

IMG_2829.jpg

– Пасля ўніверсітэта планую дадаткова скончыць курсы майстра па манікюры. Паступова буду развівацца ў сферы, а з цягам часу адкрыю свой невялічкі салон. Навошта мне тады адукацыя, запытаецеся? Добры кіраўнік павінен падрабязна разбірацца ў фінансавых пытаннях. Бухгалтар – важная і карысная прафесія. Я ведаю тое, аб чым мае аднагодкі нават не здагадваюцца: падаткі, справаздачы, дэкларацыі, вядзенне бухгалтэрыі.

Упэўнена, усе веды, якія цяпер атрымліваю ва ўніверсітэце, у будучым мне дапамогуць. Цяпер я збіраю інфармацыю для напісання дыпломнай работы. Мне дасталася дастаткова складаная і шырокая тэма – фінансавы вынік. За яго на прадпрыемстве заўсёды адказвае галоўны бухгалтар.

Калі была на практыцы, мне нават раілі змяніць тэму, таму што яна насамрэч вельмі складаная. Але адмаўляцца ад сваіх мэтаў я не прывыкла. З прынцыпу вырашыла, што спраўлюся. І так ва ўсім – толькі наперад!

IMG_2861.jpg

ПАЧУЦЬ СЛОВА “МАМА”

Галоўнае ў жыцці кожнага чалавека, лічыць Саша, гэта сям’я. Можна дасягнуть любых прафесійных вышынь, калі дома цябе падтрымліваюць і матывуюць.

– Сям'я – каранёвая сістэма, якая дае табе энергію для развіцця. Наогул шчасце для мяне – гэта сямейны дабрабыт, гармонія і спакой. Для жанчыны тым больш галоўнае ў жыцці – пачуць слова “мама”. Спадзяюся, праз дзесяць гадоў у мяне ўжо будуць свае дзеці, якія будуць гэтак жа моцна любіць Гродна, Беларусь і развіваць сябе на роднай зямлі. 

Редакция газеты «Гродненская правда»