Арцём Гоман: "Хачу размаўляць на роднай мове, таму што жыву ў незалежнай краіне"

Арцём Гоман: "Хачу размаўляць на роднай мове, таму што жыву ў незалежнай краіне"

Хлопец прапанаваў праводзіць вечары беларускай культуры сярод моладзі.

Захапляецца гісторыяй роднай краіны, прапаноўвае самабытныя культурныя праекты ў Моладзевым парламенце і заўсёды размаўляе па-беларуску – вучань 10 класа СШ №28 г.Гродна Арцём Гоман напярэдадні Дня роднай мовы расказаў, чаму, на яго погляд, жыхары незалежнай краіны павінны шанаваць гучанне свайго беларускага слова.

DPP_51743.JPG

Арцём сустракае гасцей у школьным этнаграфічным музеі сярод беларускіх рушнікоў з вышытым арнаментам. Хлопец прыемна ўсміхаецца і па-беларуску кажа: “Добры дзень”. З бацькамі і настаўнікамі, сябрамі і незнаёмымі людзьмі, на занятках і ў паўсядзённым жыцці Арцём стараецца размаўляць на роднай мове. Любоў да мілагучнага гучання беларускіх слоў нарадзілася яшчэ ў дзяцінстве, калі бабуля – некалі настаўнік, прыносіла з бібліятэкі дамоў беларускамоўныя кнігі. Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч і Васіль Быкаў – з кожным прачытаным творам беларускае слова ўсё мацней адбівалася ў сэрцы.

DPP_51752.JPG
– У адзін момант я зразумеў, што, калі не пачну размаўляць па-беларуску, сам сабе гэтага не прабачу, – распавядае Арцём. – Я вырашыў, што павінен карыстацца беларускай мовай, таму што беларус і жыву ў незалежнай Беларусі. Мне здаецца, гэтым я падкрэсліваю сваю нацыянальную адметнасць. Спачатку было цяжка, бо большасць з нас усё ж размаўляе на рускай мове. Калі, напрыклад, еду ў аўтобусе і размаўляю па тэлефоне, некаторыя людзі са здзіўленнем на мяне паглядаюць. З роднымі размаўляю свабодна, сябры падтрымліваюць, але браць прыклад пакуль не імкнуцца. Вельмі шкада, таму што мова наша сапраўды прыгожая.


DPP_51747.JPG

З праектам, які павінен папулярызаваць і распаўсюджваць беларускую мову, Арцём стаў членам Моладзевага парламента Ленінскага раёна. Хлопец прапанаваў праводзіць вечары беларускай культуры сярод моладзі: збіраць разам хлопцаў і дзяўчат, якая б чыталі беларускія вершы і творы, спявалі, ставілі спектаклі па матывах беларускіх п’ес. Арцём марыць, што паступова дасягне пастаўленай мэты, а пакуль працягвае рэалізоўваць, можа, і не надта вялікія, але вельмі сімвалічныя ў Год народнага адзінства ініцыятывы.

DPP_51744.JPG

– 21 лютага, у Дзень роднай мовы, хочам запусціць чэлендж, калі вучні, члены Моладзевага парламента будуць чытаць вершы і выкладваць іх у сацыяльныя сеткі, потым паглядзім, у каго атрымаецца лепш, – расказвае Арцём. – Другая ідэя – усім разам прачытаць беларускую казку. Трэба, каб жаданне размаўляць па-беларуску стала своеасаблівым брэндам сярод моладзі.

З пятага класа, у многім дзякуючы настаўніку – Аляксандру Рябкову, чалавеку ў горадзе добра вядомаму, Арцём пачаў захапляцца гісторыяй Беларусі, удзельнічаць ў алімпіядах і дасягаць пэўных поспехаў. Педагог кіруе музеем 28-й Чырвоназнаменнай арміі на базе школы і дазваляе хлопцу самастойна праводзіць там экскурсіі для вучняў іншых школ і студэнтаў.

DPP_51748.JPGDPP_51751.JPG

– Аляксандр Сяргеевіч – чалавек вельмі цікавы. Мы з ім многа размаўляем. Ведаю, яму прапаноўвалі пераехаць у Расію, атрымаць расійскі пашпарт, але ён адмовіўся, сказаў, што будзе жыць у Беларусі. Я таксама нарадзіўся тут і тут хачу жыць. Не паеду за мяжу ні вучыцца, ці працаваць. Заўсёды гаварыў і буду гаварыць, што застануся ў Беларусі, таму што гэта мая дзяржава. Беларусь – такая прыгожая! Колькі ў нас лясоў, азёраў, рэк! Тая ж наша Гародня! Я не бачыў ніколі такога горада, хоць аб’ехаў амаль ўсю краіну, падарожнічаў па Расіі, быў у Польшчы. Канешне, хацелася б, каб традыцыі і мову беларусы шанавалі.

Юнак прызнаўся, што захапляецца вершамі: кожны вечар чытае і завучвае новыя радкі. У вольны час наведвае тэатральную студыю пры дзіцячай школе мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза. У хуткім часе ў рэпертуары юнацкай трупы паявяцца і беларускамоўныя пастаноўкі, паабяцаў Арцём.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»