Дакументы, фотаздымкі, успаміны пра Вялікую Айчынную вайну. У Слонімскім краязнаўчым музеі імя І.І. Стаброўскага новыя паступленні
Сярод іх тыя, хто з баямі дайшоў да Берліна, а пасля вяртання з вайны яшчэ доўга працаваў, рабіў шмат карысных і цікавых рэчаў. Збіраць унікальныя экспанаты дапамагалі самі сланімчане. Гэта адбывалася падчас акцыі “Збярэм альбом франтавікоў”, прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі і Слонімшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І вось гэтую экспазіцыю цяпер могуць убачыць наведвальнікі музея.
Больш за 30 экспанатаў перадаў музею Сяргей Хлапонін і напісаў успаміны пра свайго дзеда – чырвонаармейца Адама Ярмолу, ураджэнца вёскі Вялікія Шылавічы Слонімскага раёна, удзельніка Вісла-Одэрскай аперацыі.

Дакументы і фотаздымкі свайго дзеда Пятра Юргелевіча прынесла Галіна Лойка. Пасля вайны Пётр ўсё жыццё працаваў у СПТУ №5 (189) Слоніма. Таленавіты майстар разам з навучэнцамі распрацаваў дзеючую мадэль экскаватара Э-652 Б. За гэта яго ўзнагародзілі медалём “За поспехі ў народнай гаспадарцы СССР”. Але да гэтага была вайна. У Чырвоную Армію хлопца прызвалі ў жніўні 1944 года. Служыў на І Беларускім фронце. Дайшоў да Берліна. Атрымаў шэраг узнагарод – “За баявыя заслугі”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За Перамогу над Германіяй”.

Папоўнілі экспазіцыю і фотаздымкі Акбара Шаімбаева, які, скончыўшы курсы малодшых лейтэнантаў, добраахвотнікам пайшоў на фронт у 1942 годзе. Узбек па нацыянальнасці, ён ваяваў на Волхаўскім, ІІ Украінскім франтах. У красавіку 1945 года пры вызваленні гВены атрымаў раненне і дзень Перамогі сустракаў у шпіталі. Ён узнагароджаны мноствам ардэноў і медалёў. У пасляваенны час застаўся служыць у радах Савецкай арміі ў Германіі – потым у Слоніме.
Міхаіл Булутаў, Аркадзь Шундрык, Міхаіл Шастак, Іван Цярэшка і іншыя – за гэтымі імёнамі шмат гісторый, напоўненых цікавымі і трагічнымі момантамі. Цяпер гэтыя гісторыі ў фотаздымках і ўспамінах папоўнілі фонды Слонімскага краязнаўчага музея.

