Ганна Уласюк: “Хачу стаць спецыялістам, да якога ідуць за парадай”. Пра карысныя веды і мары студэнткі аграрнага ўніверсітэта ў праекце "Чаго хоча моладзь?" (+відэа)

Ганна Уласюк: “Хачу стаць спецыялістам, да якога ідуць за парадай”. Пра карысныя веды і мары студэнткі аграрнага ўніверсітэта ў праекце "Чаго хоча моладзь?" (+відэа)

Па ўсіх напрамках роднай аlma mater выстаўляе толькі вышэйшыя балы, з удзячнасцю кажа пра выкладчыкаў, кожны з якіх пакідае свой след у жыцці будучых прафесіяналаў, актыўна дзеліцца сваёй зайздроснай энергіяй з блізкімі і сябрамі і марыць пра будучыню, у якой жыццё – поўная чаша. У праекце “Чаго хоча моладзь” студэнтка трэцяга курса Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта Ганна Уласюк. Некалькі гадоў таму яна мэтанакіравана выбрала факультэт аховы раслін і падчас вучобы толькі пераканалася ў тым, што зрабіла правільны выбар.



ВЕДЫ, ЯКІЯ ПРЫНОСЯЦЬ  КАРЫСЦЬ

– Як і большасць людзей, у розныя жыццёвыя этапы марыла аб розных прафесіях. Пэўны час, памятаю, хацела стаць урачом. Дык і зараз пасля заканчэння вну буду ў нейкім сэнсе лекарам, толькі для раслін, – з усмешкай гаворыць Ганна.

20200210123629_IMG_3145.JPG

Прафесійныя веды, якія ўжо паспела атрымаць, яна знаходзіць не толькі вельмі цікавымі, але і карыснымі, нават у штодзённым жыцці. У мінулым годзе, напрыклад, падказала бабулі, што жыве  ў вёсцы, якія культуры лепш пасадзіць з улікам таго, што на суседніх “плантацыях” будучы аграном разгледзела прыкметы захворвання раслін. Дзякуючы абранай спецыяльнасці Ганна разбіраецца ў многіх іх відах і падчас прагулак з малодшай сястрой, якой толькі шэсць гадоў, можа і любіць рабіць уклад у яе агульнае развіццё карыснымі ведамі ў галіне батанікі.

20200210132625_IMG_3205.JPG

– Паўплывала на мой выбар і бацькоўская падтрымка. Калі ўпершыню агучыла дома сваё жаданне стаць аграномам, тата з матуляй грунтоўна зазначылі: “Ніколі не застанешся без працы, бо значная частка яе сканцэнтравана вакол зямлі, што нас корміць”.

Трэцякурсніца ўжо зараз упэўнена, што добры ўраджай як на ўласным кавалачку зямлі, так і на значных плошчах сельскагаспадарчых надзелаў – вынік добрай гаспадарлівасці і ведаў. І гэтыя веды штодзень яна збірае падчас універсітэцкіх лекцый, падрыхтоўкі да практычных заняткаў. Калі весці размову пра апошнія, Ганна імкнецца набыць прафесійныя веды нібы пра запас – па кожнай тэме амаль заўсёды вывучае літаратуру некалькіх аўтараў і дапаўняе агульную карціну ўласных уяўленняў па той ці іншай з іх абгрунтаванымі меркаваннямі розных навукоўцаў.

Яна добра разумее, што любое намаганне, якое не падтрымана добрай працай, усяго толькі безсэнсоўнае разважанне дзеля разважання. А таму рашучымі крокамі ідзе да сваёй мэты стаць добрым спецыялістам.

20200210123920_IMG_3160.JPG

– Калі скончыла школу, атрымаць спецыяльнасць агранома прапаноўвалі адразу некалькі вну Беларусі – у Гродне і Магілёўскай вобласці. Сама я нарадзілася і вырасла ў горадзе Маларыце на Брэстчыне, таму прынёманскаму краю аддала перавагу па геаграфічнай прыкмеце. Ніколі не прыходзілася шкадаваць, што выбрала менавіта Гродзенскі аграрны ўніверсітэт – навучанне праходзіць насычана і цікава.

ВЫВУЧАЛІ БУДОВУ ГЛЕБЫ І ЛАВІЛІ МАТЫЛЬКОЎ

Ва ўспамінах Ганны не толькі традыцыйныя заняткі ў межах універсітэцкіх будынкаў. На адным з курсаў групай выязджалі на некалькі дзён у аграгарадок Парэчча. Будучыя спецыялісты рабілі зрэзы зямлі і вывучалі будову глебы ў мясцовых лясах. З усмешкай успамінае дзяўчына, як даводзілася падчас заняткаў па энтамалогіі на вопытных палях шукаць насякомых, а ўжо ў аўдыторыях вызначаць іх сямейства, відавую прыналежнасць. Аднак яшчэ напярэдадні выніку гэтай працы асабліва цікава было назіраць за аднагрупнікамі, якія адчайна спрабавалі злавіць матылькоў. Падчас адной з вытворчых практык разам з калегамі-студэнтамі Ганне давялося рабіць фітасанітарную праполку: у пшанічным полі выбіралі не «мясцовую» культуру трыцікале, і гэта таксама яна лічыць цікавым і карысным вопытам.

20200210132430_IMG_3189.JPG

– Сёння ўсё часцей чуем пра экалагічнае земляробства, і гэты кірунак лічу вельмі цікавым. На адным з курсаў бывалі на невялікай кавуновай бахчы, дзе паўднёвая культура вырошчваецца без выкарыстання ўгнаенняў. Сваімі вачыма, а не з газетных артыкулаў і часопісаў, пераканаліся: пры правільным падыходзе магчыма ўсё, – дадае Ганна. 

ТОЙ, ХТО САПРАЎДЫ ХОЧА ПАСПЯВАЦЬ УСЁ, ПАСПЯВАЕ

Падчас вучобы горад над Нёманам для яе стаў яшчэ адным родным месцам на карце Беларусі. Асаблівае ўражанне напачатку перамены месца жыхарства выклікаў гістарычны цэнтр Гродна, які і сёння для Ганны застаецца адным з любімых месцаў для прагулак.

– Пэўны час, калі знаёмыя пыталіся, дзе вучуся, і чулі ў адказ: “У Гродзенскім аграрным універсітэце”, адразу спяшаліся зазначыць: “Ну дык там проста”. Хочацца пераканаць кожнага, хто ў гэтым упэўнены. Магчыма, паступіць лягчэй, чым на некаторыя топавыя спецыяльнасці іншых вну, але вучыцца – не. Якасная падрыхтоўка ўсюды патрабуе шмат часу. Аднак амаль выдатную вучобу – сярэдні бал маёй залікоўкі 8,5 – заўсёды сумяшчаю яшчэ з многімі інтарэсамі.

IMG_0682.JPG

Для пачатку трэба сказаць, што Ганна – стараста групы, а пачынаючы з другога курса яшчэ і сакратар моладзевага саюза на факультэце. Да таго ж у адной з сацыяльных сетак на ўніверсітэцкай БРСМ-старонцы Ганна вядзе тэматычную рубрыку “Кіно ў кімано”, дзе прапануе ўдзельнікам віртуальнага чата паглядзець тыя ці іншыя фільмы. 

– У мінулым годзе адно з памяшканняў у студэнцкім інтэрнаце пераўтварылі ў крэатыўную прастору пад арыгінальнай назвай “К43”. Яна не мае нічога агульнага з падводнай лодкай, – жартуе студэнтка. – Раней памяшканне пуставала. Мы навялі там парадак, паставілі мэблю. Першым праектам, які рэалізавалі, стаў чэмпіянат па гульні “Кракадзіл”. Гуляем таксама ў інтэлектуальную гульню “Science Quiz”, збіраем аматараў папулярнай гульні “Мафія”. Адным словам, імкнемся цікава праводзіць вольны час.

IMG_0681.JPG

ПЕРШЫЯ ЎЯЎЛЕННІ ДЛЯ ПЕРШАКУРСНІКАЎ

Ганна таксама з’яўляецца членам валанцёрскага атрада “Крыніцы дабрыні”, дзе разам з аднадумцамі дапамагае бяздомным жывёлам. Акрамя гэтага, мінулым летам паспрабавала сябе яшчэ ў адной якасці. Ва ўніверсітэце быў арганізаваны валанцёрскі штаб “Абітурыент”. З універсітэцкімі сябрамі Ганна дапамагала ў арганізацыі падачы дакументаў, адказвала на пытанні будучых студэнтаў і іх бацькоў.

IMG_0680.JPG

– Цікава было назіраць за тымі, хто, як і ты некалі, толькі збіраецца паступаць і зрабіць канчатковы выбар на карысць будучай прафесіі. А ўжо ў пачатку верасня сустракаць у калідорах роднай вну маладых людзей, якія першыя ўяўленні аб нашым факультэце атрымалі менавіта дзякуючы маім расказам падчас той першай летняй сустрэчы.

У будучыню Ганна глядзіць з упэўненасцю. Менавіта таму прапанову працягнуць фразу “праз дзесяць гадоў я…” успрыняла нават неяк узнёсла.

 – Калі весці размову пра прафесійнае станаўленне, хацелася б за гэты час паспець стаць спецыялістам, да якога ідуць за парадай, рэкамендацыі якога бясспрэчна прымаюць на веру. Не менш важна таксама стаць добрай маці і застацца добрай дачкой для бацькоў.
Редакция газеты «Гродненская правда»