І спявае, і вершы піша, і спортам займаецца. Наведвальніца Верцялішкаўскага цэнтра адпачынку людзей сталага ўзросту Валянціна Козел сваім прыкладам паказвае, што можна жыць актыўна і ў "залатым узросце"
У Верцялішкаўскі цэнтр адпачынку людзей сталага ўзросту прыходзіць шмат наведвальнікаў. Адна з іх – 83-гадовая Валянціна Козел, якая імкнецца ўзяць удзел у кожнам мерапрыемстве, якое тут адбываецца. Яна сваім прыкладам паказвае, што можна жыць актыўна і ў "залатым" узросце.
– У Верцялішкаўскім цэнтры адпачынку людзей сталага ўзросту працуюць цудоўныя людзі, у тым ліку загадчыца цэнтра Кацярына Антонаўна Сыантовіч. Яны з душэўнаю пяшчотаю ставяцца да ўсіх наведвальнікаў, – расказвае Валянціна Козел. – Дзякуючы ім я прыходжу ў цэнтр як у родную хату, адразу з’яўляецца добры настрой. І пакідаць памяшканне не хочацца. Калі прыходзіш сюды, забываеш пра ўсе хваробы. Верцялішкаўскі цэнтр адпачынку людзей сталага ўзросту нават не дом, а сапраўднае царства для нас. Шчасце, што ёсць такое месца. Тут для мяне усё жыццё. Важна, што наведвальнікі цэнтра атрымоўваюць клопат, бо шмат хто з іх адзінокія; яны могуць паразмаўляць адно з адным.

Тры разы на тыдзень Валянціна Козел наведвае гурток “Мы яшчэ не спелі ўсё, аб чым хацелі”, у якім займаюцца харавымі спевамі.
– Я, калі спяваю, радуюся жыццю, – расказвае Валянціна Міхайлаўна. – Ведаеце, заўважыла, што ва ўсіх, хто любіць спяваць, душа цёплая, нават гарачая. Без музыкі жыць папросту не магу. У свой час грала на баяне і гармоніку. З дзяцінства спявала ў хоры. Наш цэнтр ведаюць ва ўсёй краіне. А хор актыўна ўдзельнічае ў рознага ўзроўню конкурсах, аглядах. Напрыклад, некалькі разоў на год мы наведваем Мураванскі дом-інтэрнат. А якія яркія эмоцыі адчуваем, калі вяртаемся з розных конкурсаў і канцэртаў з прызавымі месцамі! Прыходзьце ў Верцялішкаўскі цэнтр адпачынку людзей сталага ўзросту – і вы не будзеце сумаваць, – звяртаецца да чытачоў “ГП” Валянціна Козел. – Тут будзеце адпачываць і душой, і целам.
Займалася Валянціна Міхайлаўна ў цэнтры таксама скандынаўскай хадзьбой, наведвала комнату, дзе праводзіцца ароматэрапія, трэнажорную залу... Валянціна Козел пералічвае мерапрыемствы, якія праходзяць у цэнтры. Гэта і пастаноўка спектакля “Паўлінка”, і выступленні ўрачоў, супрацоўнікаў МНС, пісьменнікаў, мерапрыемствы, прысвечаныя каляндарным датам, і шмат іншага… Супрацоўнікі цэнтра дэталёва прадумваюць праграмы, каб яны неслі карысць і пазітыў наведвальнікам. Дастаткова часта на мерапрыемствах Валянціна Козел чытае свае вершы.
У цэнтры нашу гераіню навучылі працаваць на кампутары. Гэтыя веды дапамаглі ёй надрукаваць свае творы: вершы, прыпеўкі і народныя песні. А сабрала яна ўжо 70 народных песень, каля 1 000 прыпевак. Піша іх і сама. Адных толькі прыпевак пра цэнтр адпачынку людзей сталага ўзросту яна напісала 28. Не абмінула і іншыя тэмы. А яшчэ Валянціна Козел напісала чатыры зборнікі вершаў, сярод якіх ёсць і паэма “Сказ пра Верцялішкі”. Валянціна Міхайлаўна падзялілася сакрэтам: яна часта піша песні ноччу. Бывае, засыпае толькі пад раніцу. Пісаць вершы яна пачала ўжо ў дзявятым класе. Натхніла на гэта яе прыгожая прырода Віцебскай вобласці, дзе нарадзілася наша гераіня. Прычым піша Валянціна Міхайлаўна толькі на беларускай мове. А як жа інакш, яна працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Верцялішкаўская сярэдняй школе 43 гады! І зараз размаўляе толькі на роднай мове.

– Калі б надрукавала ўсе вершы, што напісала, то атрымалася б яшчэ чатыры зборнікі, – дадае наша гераіня.
На пенсіі Валянціна Козел ніколі не сумавала. Яе запрашаюць выступіць з вершамі і ў мясцовай школе, і ў сельскай бібліятэцы, і ў цэнтры адпачынку людзей сталага ўзросту. Раней яна вяла ў сельскай бібліятэцы паэтычную старонку “Гасцёўня”, а у школе – гурток “Спадчына”, дзе расказвала пра народныя святы, запрашала туды і творчых людзей.
Дадаюць яркіх колераў у жыццё нашай гераіні і яе сяброўкі, якія прыходязць да яе ў госці.
– Паспяваем, паразмаўляем, пачытаем вершы, пап’ем гарбаты з рознымі травамі і хрушчамі, якія мне вельмі падабаецца пячы. І ад гэтага настрой проста цудоўны, – паведамляе Валянціна Козел.
Родныя Валянціны Міхайлаўны таксама людзі творчыя. 25 гадоў спяваў разам з ёю ў ансамблі “Ніва” яе муж. Дачка, як і маці, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры і з’яўляецца кіраўніцаю літаратурнага гуртка, які ўжо выпусціў 6 зборнікаў дзіцячых твораў пад назвай “Альшанскі перазвон”. А ўнук Арцём – дыджэй, які вядомы пад нікам Arstаn не толькі ў нашай краіне, але і па-за яе межамі сваёй электроннай музыкай.
У тэму
Верцялішкаўскі цэнтр адпачынку людзей сталага ўзросту пачаў працаваць у верасні 2017 года. Сюды прыходзяць людзі "залатога ўзросту" не толькі з Верцялішак, але і суседніх населенных пунктаў. На сёння ў цэнтры працуюць 15 клубаў і гурткоў па інтарэсах. Тут ёсць комната ароматэрапіі, трэнажорная зала, памяшканне для гульні ў шашкі, шахматы, більярд. Таксама праводзяцца заняткі па гімнастыцы, аэробіцы і па ёзе. Працуюць фітабар, у якім можна выпіць кіслародны кактэйль, гурток “Кіламетры здароўя”, які аб’ядноўвае аматараў скандынаўскай хадзьбы. У клубе “Мы яшчэ не спелі ўсё, аб чым хацелі” займаюцца харавымі спевамі. Навучаюць тут і танцам, працуе літаратурная гасцёўня. У год у цэнтры праводзіцца больш за 50 мерапрыемстваў. Часта праходзяць разнастайныя выставы і майстар-класы. Карыстаюцца папулярнасцю ў наведвальнікаў і выязныя экскурсіі.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
