“Калі ёсць мэта, ёсць шлях і сілы пераадольваць цяжкасці”. Батуціст Аляксей Дудараў у праекце "Чаго хоча моладзь?"

“Калі ёсць мэта, ёсць шлях і сілы пераадольваць цяжкасці”. Батуціст Аляксей Дудараў у праекце "Чаго хоча моладзь?"

Некалі падлеткам у зале скачкоў на батуце Аляксей Дудараў з захапленнем глядзеў на старэйшых спартсменаў – іх высокія скачкі, складаныя элементы і знешнюю лёгкасць, з якой яны літаральна падлятаюць да столі… А сёння ўжо ён сам – прыклад для малодшых. У родным Гродне Аляксей бывае не вельмі часта: зборы, трэніроўкі, спаборніцтвы. У яго распараджэнні – лепшыя залы краіны і замежжа. Але як толькі прыязджае ў Гродна, абавязкова ідзе на трэніроўку да першага трэнера ў знаёмы з дзяцінства зал. 



На вышыні

“Гэта было яркае выступленне, якое дазволіла апярэдзіць моцных сапернікаў і пацвердзіла вышэйшы клас беларускай школы скачкоў на батуце” – такімі словамі Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка напрыканцы мінулага года віншаваў зборную краіны з заваяваннем залатога медаля на чэмпіянаце свету ў японскім горадзе Токіа. Віншаванні з перамогай прымаў і гродзенец, студэнт 3 курса купалаўскага ўніверсітэта Аляксей Дудараў. 

Гэта перамога з тых, пра якія будуць згадваць доўга. За ўсю гісторыю чэмпіянатаў свету беларускія батуцісты ўздымаліся на п’едэстал сем разоў, але золата ў нашай каманды не было чвэрць стагоддзя.

1.jpg

Нездарма і сам Аляксей менавіта гэта спаборніцтва на сёння лічыць пакуль што галоўнай сваёй перамогай у спорце. 

– Гэта мой першы міжнародны старт ужо як дарослага спартсмена, да гэтага выступаў як юніёр. І прыемна, што трапіў адразу на спаборніцтвы такога ўзроўню. Яны лічацца другімі пасля Алімпійскіх гульняў па прэстыжнасці, – распавёў Аляксей. – Зразумела, на іх выступаюць больш вопытныя спартсмены, тытулаваныя. Нават проста трэніравацца побач з імі – ужо вялікі стымул ісці наперад, працаваць над сабой. Я нібы загараюся: хачу прыгаць, як яны, і нават лепш.

Быць лепшай у нашай каманды атрымалася. Узняцца на п’едэстал – ужо пачэсна. А стаяць на вышэйшай яго прыступцы і чуць гімн роднай краіны – асабліва. 

– Перамога дорыць асаблівае пачуццё гонару. За сябе, каманду, трэнераў, краіну. Бо ты разумееш, што выступаеш пад беларускім сцягам, прадстаўляеш сваю краіну, свой горад у свеце. Мне падабаецца гэтае пачуццё і нейкае прыемнае хваляванне, якое адчуваеш.

3.jpg

Так проста паверыць…

Шасцігадовым хлопчыкам маці прывяла Аляксея ў спартыўную гімнастыку, і колькі год ён займаўся менавіта ёю. А далей – як у кіно: выпадкова трапіў у спартыўны лагер каля Навагрудка не ў сваю змену, а з батуцістамі і літаральна захварэў новым для сябе відам спорту. 

– На шчасце, бацькі падтрымалі мяне, паверылі. Зазвычай у гэты від спорту прыходзяць дзеці ва ўзросце 6 гадоў, мне было 12. Але дапамагло тое, што займаўся гімнастыкай, меў добрую фізічную падрыхтоўку. Таму не магу сказаць, што было вельмі складана. Літаральна праз месяц мяне заўважыла старшы трэнер Ірына Робертаўна Бараноўская, і я перайшоў у яе групу.

4.jpg

Пад яе кіраўніцтвам Аляксей дарос да нацыянальнай зборнай. 

– У Аляксея былі добрыя задаткі: каардынацыя, рэакцыя, смеласць. Да таго ж ён жвавы, працаздольны. Фізічныя дадзеныя, характар і ўнутранае жаданне займацца спортам – калі гэта спалучаецца, атрымліваецца чэмпіён, – зазначае старшы трэнер-выкладчык па скачках на батуце гродзенскай СДЮШАР №3 Ірына Бараноўская. А ёй варта верыць, заслугі трэнера летась былі адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта “Беларускі спартыўны Алімп”. – Увогуле ў іх была моцная група: Арцём Жук, Ангеліна Хацян таксама ўваходзяць у зборную краіны.

Артур Мякішка спрабуе сябе трэнерам. Там нельга было не быць паспяховым, яны глядзелі адзін на аднаго і цягнуліся адзін за адным. 

20200131091539_IMG_1432.JPG

Мэта і шлях да яе

Ірына Бараноўская падкрэслівае: каб трапіць у зборную краіны, трэба вельмі шмат працаваць. І самім дзецям, і трэнерам. Перш павінна быць жаданне спартсмена. 

20200131091445_IMG_1431.JPG

– Калі я толькі прыйшоў на батуты і зразумеў, што ў мяне атрымліваецца, вельмі хацеў атрымаць званне майстра спорту. Атрымаў. І задаў сабе пытанне: а што далей? Пачаў падымаць складанасць камбінацый, вышыню, тэхніку, і трэнеры, якія працуюць з нацыянальнай камандай, сталі заўважаць мяне. Мне, яшчэ падлетку, сказалі, што ёсць шанц трапіць на першынство свету для спартсменаў да 21 года, – згадвае Аляксей. – Загарэўся: я павінен трапіць на міжнародны старт. Разумеў, што будзе нялёгка. Але ж была мэта!

Першым міжнародным спабор-ніцтвам у спартыўнай кар’еры батуціста стала першынство свету ў 2015 годзе, дзе Аляксей заваяваў сярэбраны медаль у індывідуальных скачках, другое месца заняла і наша каманда ў сінхронных скачках.

20200131091714_IMG_1438.JPG

Гэта першая значная перамога апынулася добрым стымулам для будучых дасягненняў. Дапамагаюць канешне, настойлівасць, унутраны стрыжань, часам упартасць. Нават калі не атрымліваецца, а трэнеры раз-пораз указваюць на недахопы і памылкі, спартсмен павінен пераадольваць сябе, зноў і зноў заходзіць на батут, упэўнены юнак. Траўма і аперацыя колькі год таму таксама не заставілі яго кінуць трэніроўкі. Прапусціў спаборніцтвы, але тут жа паставіў сабе мэту: удзельнічаць у наступным міжнародным старце. 

– Аляксею пасля траўмы рабілі аперацыю на калена. Але ён змог аднавіцца. У гэтым заслуга ў тым ліку ўрачоў: у Гродне правялі аперацыю вельмі ўдала, прафесійна, і Аляксей змог працягнуць спартыўную кар’еру, – распавяла Ірына Бараноўская.

Пра мары і планы

Колькі дзён дома – і зноў на зборы. Беларуская каманда актыўна рыхтуецца да этапу Кубка свету, які будзе праходзіць у Азербайджане. Гэта як падрыхтоўчы старт да Алімпійскіх гульняў. У камандзе ўжо ёсць спартсмены, якія заваявалі алімпійскія ліцэнзіі, але гэта зусім не значыць, што астатнім можна расслабіцца. Скамейка запасных – даволі вялікая. І можа так стацца, што нехта з іх выйдзе выступаць пад беларускім сцягам.

Таму трэніроўкі актыўна праходзяць ва ўсіх. 

20200131091727_IMG_1446.JPG

Па традыцыі мы пытаем у героя, як ён бачыць сябе праз 5 гадоў. 

– Нават не ведаю, як адказаць на гэта пытанне. Мне падабаецца, нават супакойвае, калі ўсё развіваецца паступова, сваім чарадом, так бы мовіць. Але гэта не значыць пусціць на самацёк. Проста я стаўлю мэту і іду да яе крок за крокам. Калі ёсць мэта, ёсць шлях і сілы пераадольваць цяжкасці. Сёння мая мэта – замацавацца ў асноўным складзе нацыянальнай зборнай, ездзіць на этапы Кубка свету, чэмпіянаты свету. Але галоўная мара, бадай, як для любога спартсмена, – гэта Алімпійскія гульні. 

Наша размова – невялікі перапынак у трэніроўцы. Фінальнае пытанне, адказ, пажаданне поспехаў  – і Аляксей Дудараў зноў заходзіць на батут. 
Редакция газеты «Гродненская правда»