“Хочацца стаць часткай карыснага ў глабальным сэнсе адкрыцця”. Будучы ўрач-дыягност Дзяніс Максімаў пра перспектывы, навуку і поспех у праекце "Чаго хоча моладзь?" (+відэа)

“Хочацца стаць часткай карыснага ў глабальным сэнсе адкрыцця”. Будучы ўрач-дыягност Дзяніс Максімаў пра перспектывы, навуку і поспех у праекце "Чаго хоча моладзь?" (+відэа)

Яшчэ ў школе Дзяніс Максімаў удзельнічаў у прадметных алімпіядах па біялогіі. Калі ў 11 класе прыйшлося выбіраць будучую прафесію, рашэнне было адназначным – урач. Цяпер Дзяніс – студэнт 4 курса медыка-дыягнастычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Абраную прафесію лічыць карыснай, перспектыўнай і запатрабаванай. Дзяніс расказаў, чаму вырашыў пайсці ў медыцыну, ці цяжка быць выдатнікам у роднай альма-матар і навошта студэнту займацца навукай. 

ПЕРСПЕКТЫВА І ЗАПАТРАБАВАНАСЦЬ

2020-04-07 14.09.19 - копия - копия.JPG
– Медыцына – гэта цікава,
– расказвае хлопец. – Падчас навучання адкрываеш для сябе такія таямніцы! Тым больш атрыманыя веды будуць карыснымі не толькі ў працы, але і ў паўсядзёным жыцці, калі гутарка ідзе, напрыклад, пра тваіх блізкіх. Знаёмыя ўжо цяпер часта тэлефануюць мне, калі ў іх нешта баліць. Канешне, я не маю права ставіць дыягназы і прызначаць лячэнне, але ж магу параіць, куды перш за ўсё звярнуцца, што рабіць ці, наадварот, ні ў якім разе не рабіць, пакуль не агледзіць урач. 

Спачатку Дзяніс спрабаваў паступіць на лячэбны факультэт, але не хапіла літаральна аднаго бала. У апошні момант прыйшлося перападаваць дакументы. Затое цяпер юнак задаволены, што адбылося менавіта так.  

– Супастаўляю ўсё і разумею, што прыняў правільнае рашэнне, – гаворыць Дзяніс. – На медыка-дыягнастычным факультэце добрае размеркаванне. Некаторыя адразу пачынаюць працаваць у прамянёвай дыягностыцы: МРТ, КТ, рэнтген. Гэта перспектыўна, зарплата нядрэнная, ёсць магчымасць працаваць адразу ў некалькіх бальніцах ці медыцынскіх цэнтрах. Такія спецыялісты запатрабаваныя заўсёды. 



ПРА АДЗНАКІ І ДЫСЦЫПЛІНУ

Кожны дыягнастычны выпадак Дзяніс параўноўвае з рэбусам ці клубком, які трэба разблытаць. Прыходзіць чалавек: нешта не так. А што? Пачынаеш разбірацца. Цікава, але ж  вельмі адказна. І таму цікава яшчэ больш. Дзяніс разумее, што ўрач адказвае за самае каштоўнае, што ёсць у чалавека, – здароўе. Таму з першага курса будучы медык імкнецца атрымаць ва ўніверсітэце як мага больш карысных ведаў і практычных навыкаў. У залікоўцы толькі дзве васьмёркі, адна з якіх па гісторыі. Гэта лепшы сярэдні бал на факультэце. Але, як прызнаецца юнак, у яго няма мэты быць абавязкова выдатнікам. 

2020-04-07 14.23.42.JPG

– Проста прывык скрупулёзна і адказна да ўсяго ставіцца. Каб паспяхова вучыцца ў медыцынскім універсітэце, трэба быць дысцыплінаваным. Рыхтавацца да заняткаў неабходна кожны дзень, бо тую ж анатомію немагчыма якасна вывучыць за некалькі дзён да экзамена. А мы гаворым у першую чаргу не пра адзнакі, а рэальныя веды, праўда? Ведаць трэба многа, патрабаванні ў выкладчыкаў адэкватныя. Больш таго – калі вучыш з першага курса, потым прасцей. 

МАРЫ ПРА НАВУКУ

Некаторыя студэнты старэйшых курсаў імкнуцца працаваць у бальніцах ці на станцыі хуткай дапамогі, але сумяшчаць дастаткова цяжка, таму пакуль Дзяніс вырашыў проста займацца навучаннем і, акрамя гэтага, дадатковай навуковай працай. У хлопца многа звязаных з гэтым амбіцый.

2020-04-07 14.25.38.JPG

– Чалавек – дзівосны, таямнічы свет, вельмі складаны і незразумелы: пытанняў куды больш, чым адказаў. Навука адкрывае велізарную прастору для пошуку новага, і аднойчы хочацца стаць часткай карыснага ў глабальным сэнсе адкрыцця. Магчыма, калі-небудзь пачну займацца геннай інжынерыяй, але трапіць у гэтую галіну не так проста: патрэбна дадатковая адукацыя. Пакуль што рана гаварыць, але такая мара ёсць.

ХАЧУ БЫЦЬ ПАСПЯХОВЫМ

У хуткім часе Дзяніса чакае размеркаванне. Хлопец крыху хвалюецца: на працы не ўсё так проста і зразумела, як ва ўніверсітэце. Ёсць рэчы, якім нельга навучыцца на занятках, нават калі ў цябе найлепшыя выкладчыкі. Толькі кожны дзень сустракаючыся з рэальнымі пацыентамі, скаргамі, хваробамі і дыягназамі, становішся сапраўдным прафесіяналам. 

2020-04-07 14.29.51.JPG

– Хочацца быць добрым спецыялістам. Для гэтага прыйдзецца быць цярплівым і многа працаваць. Урач-дыягност не павінен тлумачыць пацыенту, што канкрэтна ён убачыў на здымку. Гэта робіць лечачы ўрач. Але ў некаторыя моманты ўсё роўна здаецца, што самае цяжкае – сказаць чалавеку пра сур’ёзнае захворванне. 

Урачы вучацца на працягу ўсяго жыцця. Ёсць простыя і зразумелыя выпадкі, а часам даводзіцца звяртацца да падручнікаў і нават замежнай літаратуры. Цяпер галоўная задача – атрымаць як мага больш ведаў і навучыцца правільна імі карыстацца, разважае Дзяніс.

–  Цікава дазнавацца пра вопыт іншых краін. Стараюся па магчымасці ўдзельнічаць у розных навукова-практычных канферэнцыях за мяжой. Быў у Польшчы. Летам хачу паехаць на практыку ў Маскву. Для гэтага неабходна даказаць дэканату, што менавіта ты варты быць абраным з некалькіх дзясяткаў іншых студэнтаў.

2020-04-07 14.56.21.JPG

Напачатку свайго кар’ернага шляху Дзяніс хацеў бы працаваць у галіне прамянёвай дыягностыкі. Ён спадзяецца, што дзякуючы высокаму сярэдняму балу на размеркаванні яму абавязкова пашанцуе і першае месца працы адкрые перад маладым урачом шырокія перспектывы.

– Хачу разам з тым прадоўжыць займацца навукай. А праз дзесяць гадоў уяўляю сябе паспяховым чалавекам, які будзе мець пэўную павагу ў грамадстве і несці яму карысць.