“Хто не імкнецца наперад, робіць крок назад”. Аксана Ісачанка ў праекце "Чаго хоча моладзь?"

“Хто не імкнецца наперад, робіць крок назад”. Аксана Ісачанка ў праекце "Чаго хоча моладзь?"

Аксана – намеснік начальніка аддзела працы і сацыяльнай абароны ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гродзенскага гарвыканкама. Але яе пасада – гэта не толькі сухая статыстыка і строгі рэгламент у выкананні абавязкаў. Творчы падыход павінен быць ва ўсім, упэўнена дзяўчына, і сацыяльны ролік на матыў папулярнага хіта пра Віцю, які не хоча выконваць тэхніку бяспекі, гэта даказаў. У кліпа больш за 400 тысяч праглядаў на YouTube. А ў Аксаны як члена рэдкалегіі і, больш за тое, актрысы павучальнай кароткаметражкі яшчэ шэраг ідэй, як дзяржслужачаму выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі на карысць сваёй справе.

0W1A1519_1.jpg

Марыла пра сцэну, стала эканамістам

Аксана заўсёды была творчай дзяўчынай: любіла сцэну, у юнацтве нават марыла стаць артысткай, але ўрэшце паступіла на факультэт эканомікі і ўпраўлення Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

– Не сумняваюся, што зрабіла правільны выбар, – кажа Аксана. – Спецыяльнасць эканаміста-менеджара вельмі ёмістая: такую адукацыю маюць работнікі розных сфер – ад кіраўнікоў буйных прамысловых прадпрыемстваў і фінансавых структур да прадаўцоў-кансультантаў у гандлі. Тым больш здольнасці адкрыта выступаць на сцэне і ўпэўнена адчуваць сябе перад публікай гэтая прафесія не перашкаджае. Жаданне шукаць да ўсяго творчы падыход у мяне не знікла. 

Аксана ўпэўнена, што сучасны свет вельмі хутка развіваецца, і той, хто не імкнецца наперад, робіць крок назад. Дзяўчына вырашыла не спыняцца на дыпломе бакалаўра і паступіла ў магістратуру. Скончыла яе з адзнакай, а вынікі навуковага даследавання ўкараніла ў навучальную праграму Купалаўскай ВНУ.

0W1A1527.jpg

Першы час дзяўчына працавала на Гродзенскім заводзе жалезабетонных вырабаў, потым паступіла на дзяржслужбу: спачатку ў якасці галоўнага спецыяліста ўпраўлення эканомікі Гро-дзенскага гарвыканкама, а ўжо праз тры гады стала намеснікам начальніка аддзела працы і сацыяльнай абароны ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне гарвыканкама. Напрамкі работы вельмі разнапланавыя: вырашэнне праблемных пытанняў у працоўнай сферы, стварэнне безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, рэалізацыя дзяржаўных і рэгіянальных праграм па сацыяльнай падтрымцы ветэранаў, інвалідаў, пажылых людзей, забеспячэнне бяспечных умоў працы ў арганізацыях горада. Кожны дзень у аддзел звяртаюцца людзі з рознымі лёсамі і праблемамі, часам нават без надзеі на станоўчы зыход складанай жыццёвай сітуацыі. Калі атрымліваецца дапамагчы чалавеку – гэта лепшы паказчык працы і наймацнейшы стымул.

Ужо два гады Аксана знаходзіцца ў абласным рэзерве перспектыўных кадраў. Гэта, па яе словах, дадатковая адказнасць і перад сабой, і перад тымі людзьмі, якія выказалі такі давер.
– У нашай краіне кадравая палітыка пабудавана вельмі прадумана: каб падмацаваць тую пазіцыю, якую займаеш, неабходна шмат працаваць і паказваць канкрэтны вынік.

Каму патрэбна каска?

Рэжым шматзадачнасці, у якім немагчыма працаваць «па ўзоры», – гэта пра Аксану і яе калег. Многія, напэўна, памятаюць, як група энтузіястаў у Гродне стварыла крэатыўны відэаролік на тэму аховы працы. “Остановите покраску – Вите нужна маска” – кліп па матывах папулярнай песні з гумарам апісвае магчымыя наступствы абыякавага стаўлення да ўласнай бяспекі на прамысловых прадпрыемствах. Аксана стала адным з ініцыятараў крэатыўных з’ёмак. 

Формат А4.jpg

– Больш за 400 тысяч унікальных праглядаў на відэахостынгу YouTube і мноства каментарыяў у сацыяльных сетках. Ролік паглядзелі жыхары Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Грузіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Іспаніі, Германіі, ЗША і нават некалькі жыхароў Эквадора, – распавядае Аксана. – Відэакліп імкліва ўварваўся ў топ лепшых ролікаў краіны. Пра нас напісалі больш за 300 сродкаў масавай інфармацыі, нас парадзіравалі папулярныя блогеры, да нас прыязджалі рэпарцёры з нацыянальнага тэлебачання, а Першы канал Расіі ўключыў фрагмент роліка ў выніковы выпуск навінаў, вызначыўшы нас, удзельнікаў роліка, фрэшмэнамі года разам з Філіпам Кіркоравым, гуртамі “Руки вверх” і “Little Big”. 

Самае цікавае, што сцэнарый, харэаграфія і нават словы песні гродзенцы стваралі самастойна.

– Пагадзіцеся, тэхніка бяспекі не зусім паэтычная тэма. Лічу, што поспех крыецца ў сучасным фармаце, які стаў проста неабходным, каб уздзейнічаць на аўдыторыю сёння. Не выключаю, што паявяцца новыя відэаролікі такога фармату.

Пра вольны час, падарожжы і радзіму

Праца займае шмат часу, але Аксана стараецца знайсці хаця б хвіліну для родных і сяброў. Падчас якой не гаварыць пра працу – такое вось у дзяўчыны унутранае правіла.

– Адно з галоўных маіх захапленняў – інтэлектуальныя гульні і квізы. Гуляю пяць гадоў, і гэта ўжо стала стылем жыцця. Наша каманда “Шутка Фейербаха” на слыху ў людзей, якія ў тэме, бо мы сур’ёзныя сапернікі. Паспяховых вынікаў у каманды хапае. Атрымалі памятную статуэтку за дзесяць перамог у «Мазгабойні». Апошні сезон сталі аднымі з лепшых у “Суперквізе”. 

D904CA31-F9A2-44A0-8732-CEE01DB7A1DF.jpeg

А яшчэ Аксана любіць падарожнічаць. У яе спіску ўжо 13 краін. 

C7510320-2992-48C1-81C6-A7581FBC0FE9.jpeg
– Падарожжа – стымул для інтэлектуальнага развіцця, магчымасць атрымаць натхненне, новыя станоўчыя эмоцыі, лепш пазнаць сябе, прывезці цікавую ідэю для свайго горада. Напрыклад, калі была ў Будапешце, мне вельмі спадабалася, як там пабудавана безбар’ернае асяроддзе. Мы таксама да гэтага зараз імкнемся.

Наступнай дзяўчына марыць наведаць Іспанію. Кажуць, што гэтыя краіны падобныя, але ў той жа час вельмі розныя.

– Заўсёды з гонарам распавядаю за мяжой пра сябе і сваю краіну, – прызнаецца Аксана. – Прыемна, што Беларусь добра ведаюць у свеце. Сёння мы смела заяўляем пра сябе на міжнароднай арэне. Я вельмі люблю сваю Радзіму і лічу, што ў нас ёсць шмат таго, чаго няма ў іншых: наша стаўленне да прыроды, чысціня нашых вёсак і гарадоў, беражлівыя адносіны да міру, спакою, дабра. Не трэба ні з кім параўноўваць Беларусь. Трэба шанаваць яе, перанімаць станоўчы вопыт і прымнажаць тое, што маеш…

Калі размова зайшла пра будучыню, Аксана папярэдзіла, што не будзе загадваць канкрэтныя рэчы.

– І праз дзесяць, і праз дваццаць, і праз трыццаць гадоў мне проста хацелася б быць шчаслівай: мець цікавую працу, сямейны дабрабыт, быць карыснай для іншых людзей. Хочацца штодня расці над сабой, развівацца і бачыць, што ўсе твае намаганні не марныя, а паспяховы вынік не прымушае сябе чакаць. Або прымушае... Але ж ад гэтага становіцца яшчэ больш цікава, а любыя дасягненні атрымоўваюць большы кошт.  

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»