Ксёндз Юрый Марціновіч: «Молімся, каб сённяшняя сітуацыя была як найхутчэй вырашана шляхам міру»

Ксёндз Юрый Марціновіч: «Молімся, каб сённяшняя сітуацыя была як найхутчэй вырашана шляхам міру»

Ксёндз Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі:

– На працягу некалькіх тыдняў мы з’яўляемся сведкамі выключна складанай сітуацыі на беларуска-польскай мяжы. Незалежна ад абставінаў прыбыцця бежанцаў, безумоўна, яны маюць патрэбу ў нашай духоўнай і матэрыяльнай падтрымцы. Таму што Касцёл не можа заставацца абыякавым да гэтай праблемы.

Місіяй Каталіцкага Касцёла з’яўляецца ў першую чаргу абвяшчэнне Евангелля, таму ён не можа ўхіляцца ад дапамогі людзям, якія апынуліся ў вельмі складаным становішчы. Хрыстус не раз паўставаў перад намі ў асобах патрабуючых, просячы нас аб дапамозе. Сёння такой дапамогі патрабуюць бежанцы, якія ўжо шмат дзён знаходзяцца ў лагеры сярод лесу. Дзеці, цяжарныя жанчыны, пажылыя – усе гэтыя людзі маюць патрэбу ў нашай дапамозе.

У сувязі з гэтым у мінулую нядзелю ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі адбыўся збор дабравольных грашовых ахвяраў на патрэбы гэтых людзей, якім неабходны наша падтрымка і рука дапамогі.

Затым наша дыяцэзіяльная дабрачынная арганізацыя «Caritas» забяспечыць бежанцаў прадуктамі харчавання, каб хаця б у нейкай ступені задаволіць іх патрэбы.

Акрамя гэтага, у святынях нашай дыяцэзіі ўзносяцца малітвы ў інтэнцыі бежанцаў, а таксама ўсіх тых, ад каго залежыць вырашэнне гэтага канфлікту. Папросім добрага Бога, каб сённяшняя сітуацыя была як найхутчэй вырашана шляхам міру, з шанаваннем пры гэтым годнасці кожнага чалавека. Молімся, каб у нашай краіне і ва ўсім свеце ўвогуле панавалі мір, спакой і адзінства, каб грамадства жыло ў згодзе, узаемаразуменні, павазе адзін да аднаго.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»