Лаўрэат прэміі імя Аляксандра Дубко ў намінацыі «Бібліятэкар года» Святлана Судак расказала, як пераўтварыла сельскую бібліятэку ў цэнтр культурнага жыцця

Лаўрэат прэміі імя Аляксандра Дубко ў намінацыі «Бібліятэкар года» Святлана Судак расказала, як пераўтварыла сельскую бібліятэку ў цэнтр культурнага жыцця

 

Нарадзілася і вырасла жанчына ў Мінску. Атрымаўшы адукацыю, некалькі гадоў працавала на Мінскім гадзіннікавым заводзе. А праз некаторы час разам з мужам пераехала ў аграгарадок Квасоўка Гродзенскага раёна. Тут Святлана Антонаўна пачала працаваць у сельскай гаспадарцы і разлічвала, што праз некаторы час лёс падаруе ёй магчымасць споўніць запаветную дзіцячую мару. Яшчэ маленькай дзяўчынкай Святлана Антонаўна праводзіла вольны час у бібліятэцы, назірала за працай работнікаў установы, цікавілася нюансамі прафесіі. Па словах нашай гераіні, бібліятэчная дзейнасць заўсёды прыцягвала яе ўвагу. Калі ёй прапанавалі заняць свабоднае месца ў Свіслачскай сельскай бібліятэцы, Святлана Антонаўна з інтарэсам пагадзілася.

Калі праца натхняе 

Праз шэсць гадоў яна вырашыла перайсці ў Квасоўскую сельскую бібліятэку, дзе працуе па сённяшні дзень. Першае, што зрабіла Святлана Антонаўна на новым месцы, – абсталявала камфортны дзіцячы пакой. Цяпер маленькія жыхары аграгарадка з задавальненнем прыходзяць сюды не толькі каб пазнаёміцца з новымі кнігамі, але і правесці вольны час, адпачыць і пагутарыць з сябрамі. 

 – У 2021 годзе я перамагла ў рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» і атрымала прэмію, якую з радасцю выкарыстала для набыцця ў наш дзіцячы пакой мэблі і неабходнага абсталявання, – расказвае Святлана Антонаўна. – Цяпер сюды з радасцю завітваюць дзеткі, якія ўжо добра разбіраюцца ў тым, на якім стэлажы можна знайсці цікавую для іх кнігу, або дзе можна пазнаёміцца з новымі выданнямі.  

На кожны месяц Святлана Антонаўна распрацоўвае насычаную праграму мерапрыемстваў, да ўдзелу ў якой запрашае падрастаючае пакаленне. Так, напрыклад, у гэтым месяцы на базе бібліятэкі адбудуцца ўрокі мужнасці, гульні і віктарыны, а таксама тэматычныя мерапрыемствы, у ліку якіх і традыцыйная акцыя да Міжнароднага дня роднай мовы. 

0-02-05-b9e48ffe557908dd4e52e0b84a75685f61205e00371580fbb3428d2ec3169681_d79891fdc063efad.jpg

Варта адзначыць, што з цікавасцю ў сельскую бібліятэку заходзяць не толькі дзеці і моладзь, але і дарослыя. Тут для іх традыцыйна арганізоўваюцца сустрэчы і пасяджэнні, захапляльныя мерапрыемствы і кінапаказы. Святлана Антонаўна дапаўняе: жыхары аграгарадка збягаюцца сюды на «аганёк» і з радасцю ўдзельнічаюць у кожным прапанаваным занятку. Адно з самых улюбёных мерапрыемстваў – 
традыцыйны вечар адпачынку ў рамках аматарскага аб’яднання «Ля самавара».

 – Раз-пораз мы збіраемся ў бібліятэцы, п’ем гарбату, размаўляем пра жыццё, дзелімся навінамі. Я бачу, наколькі патрэбныя такія сустрэчы нашым пажылым людзям, а таму з радасцю працягваю гэту традыцыю, – гаворыць Святлана Судак. 

Святлана Антонаўна не толькі натхнёна афармляе ў бібліятэцы тэматычныя стэлажы, але і арганізуе цікавыя выставы, прысвечаныя знакавым падзеям у гісторыі беларускага народа, велічным постацям і памятным датам. Усё гэта, адзначае гераіня, каб чытачы маглі ўсебакова развівацца. Жанчына актыўна развівае краязнаўчы накірунак, папаўняючы стэлаж бібліятэкі новымі звесткамі і гісторыямі.

Імкнецца да поспеху

Ганаровае месца ў пакоі займаюць атрыманыя Святланай Антонаўнай узнагароды. Дарэчы, сапраўдны іх россып жанчына сабрала ў мінулым годзе. Адно з самых значных дасягненняў – перамога ў рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання» у намінацыі «Патрыятычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях». Святлана Антонаўна падала на конкурс шэраг падрыхтаваных і рэалізаваных за тры апошнія гады мерапрыемстваў на дадзеную тэму, у тым ліку праграму правядзення традыцыйнага Дня праваслаўнай кнігі, брэндавага свята Квасоўшчыны «Велікодны фэст», разнастайных мерапрыемстваў, прысвечаных Калядам, і не толькі. 

photo_5402609855669325976_y (1).jpg

Сімвалічным падсумаваннем паспяховага 2023 года стала атрыманая Святланай Антонаўнай прэмія «За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва» імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко. 

– Кожная новая ўзнагарода – гэта чарговы доказ таго, што я знаходжуся на сваім месцы і іду ў правільным накірунку. Год за годам пераконваюся, наколькі моцна люблю сваю працу, наколькі натхняюся ёю. Спадзяюся, што наперадзе мяне чакаюць новыя вяршыні і дасягненні, а я буду працягваць далей шчыра і аддана працаваць, – падагульніла Святлана Судак. 

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»