Маладая сям'я з Лідскага раёна пра святкаванне Вялікадня: «Мы выраслі на вясковым каларыце, на мудрасці і шчырай набожнасці вясковых людзей»

Маладая сям'я з Лідскага раёна пра святкаванне Вялікадня: «Мы выраслі на вясковым каларыце, на мудрасці і шчырай набожнасці вясковых людзей»

Сямейныя традыцыі святкавання Вялікадня, на першы погляд, аднолькавыя, але ж атмасфера, якая напаўняе дом, у кожнага свая. У гэтым журналіст «Лідскай газеты» пераканаўся, зазірнуўшы ў госці да маладой сям’і Кахно з вёскі Малэйкаўшчызна. 

Муж і жонка Вітольд і Вікторыя гадаваліся ў каталіцкіх традыцыях, у іх жа выхоўваюць і сваіх дзетак – чатырохгадовага Ванечку і нованароджаную Марыю. Падрыхтоўцы да свята сям’я ўдзяляе асаблівую ўвагу. На працягу сарака дзён стараюцца прытрымлівацца посту, не прапускаць нядзельную імшу, не забываюць і пра сумесную малітву. 

IMG_4900.jpg
Мы ўжо бацькі дваіх дзетак, – распавядае Вікторыя. – І як удзячныя ўнукі, як сапраўдныя католікі, проста не маем права на абыякавасць і раўнадушша, бо з’яўляемся прадаўжальнікамі традыцый сваіх продкаў. Мы выраслі на вясковым каларыце, на мудрасці і шчырай набожнасці вясковых людзей.  

Малэйкаўшчызна – радзіма Вітольда, Вікторыя родам з Крупава. Маладая маці ўспамінае, як з бабуляй Ірынай штотыдзень хадзіла ў касцёл у Геранёны, як тая тлумачыла сэнс касцельных святаў, вучыла, як правільна іх святкаваць. «На Вялікдзень бабуля заўсёды пякла многа духмяных і пышных пірагоў, фарбавала яйкі, якімі мы потым біліся за сталом. Таму асабіста для мяне свята асацыюецца з любоўю, дабрынёй і клопатам», – распавяла Вікторыя. «Мы адносімся да Фарнай парафіі, і мае дзяцінства і юнацтва прайшлі ў досыць вялікай сям’і, якая на ўсе святы збіраецца разам», – з усмешкай дадаў малады мужчына. 

Так будзе і ў гэтым годзе. За выключэннем таго, што асвячаць велікодную ежу Вітольд пойдзе толькі з сынам Ванечкам (ксёндз па традыцыі правядзе рытуал каля крыжа непасрэдна ў вёсцы), жаночая палова сям’і будзе чакаць сваіх мужчын дома. Святую Літургію сям’я Кахно будзе перажываць, далучыўшыся да яе па тэлебачанні. «У касцёл хадзіць трэба, там асаблівая атмасфера, але галоўнае ўсё ж такі не фізічная прысутнасць у храме, а духоўнае, малітоўнае яднанне з Богам. Мы многа ў Яго не просім, толькі ўсё больш дзякуем: за бацькоў нашых, за блізкіх людзей, за вялікую і дружную сям’ю, канешне, адзін за аднаго і за дзетак. Мы стараемся акружыць Ванечку і Марыйку такімі любоўю і ўвагай, каб кожны іх пражыты дзень быў насычаны радасцю свята, дазволіў ім вырасці добрымі, спагадлівымі і міласэрнымі людзьмі», – падзяліліся галоўнай сваёй марай Вітольд і Вікторыя Кахно.