Памятны дзень ўз'яднання. Гістарычныя падзеі ў Гродне ў верасні 1939 года

Памятны дзень ўз'яднання. Гістарычныя падзеі  ў Гродне ў верасні 1939 года

У дзень нараджэння Гродзенскай вобласці варта ўспомніць падзеі верасня 1939 года, у выніку якіх адбылося ўз' яднанне Беларусі. Вось як распавядае аб гэтым кніга “Памяць. Гродна”.

000022_2ED208E22231E7CE4325834A00268312_953401.jpg
17 верасня 1939 года паміж 3-й і 6-й гадзінамі раніцы часткі Чырвонай Арміі перайшлі польска-савецкую граніцу. На Гродзенскім напрамку дзейнічалі дзве ўдарныя групы Беларускага фронту – Мінская і Дзяржынская. Абедзве мелі вялікую колькасць бронемашын, танкаў і кавалерыі. Дзяржынская група, якой была адведзена вырашальная роля ва ўзяцці Гродна, уключала мабілізаваную Калінінскай ваеннай акругай конна-механізаваную групу (камандуючы генерал-лейтэнант Іван Болдзін). У яе ўваходзілі 3 дывізіі казацкага кавалерыйскага корпуса (камкор генерал-лейтэнант Андрэй Яроменка), 15-ты танкавы корпус (2 брыгады танкаў і 1 механізаваная, камандзір М.П.Пятроў) і 21-я танкавая брыгада (цяжкіх танкаў).

Напрамак наступлення войск корпуса Яроменкі быў адным з найважнейшых. Нешматлікія польскія падраздзяленні, якія адступалі ў заходнім напрамку, знішчалі масты, сродкі сувязі, чыгуначныя камунікацыі. Выкарыстоўваючы спрыяльныя ўмовы мясцовасці, яны рабілі засады, чым стрымлівалі рух часцей Чырвонай Арміі.

17 верасня на Гродзенскім напрамку корпус генерала Яроменкі з кароткімі баямі прасунуўся амаль на 100 кіламетраў.

18 верасня Яроменка атрымаў ад камандуючага конна-механізаванай групай загад наступаць на Ваўкавыск, а затым на Гродна і Беласток. Польская групоўка “Ваўкавыск”, якой камандаваў генерал брыгады Вацлаў Пшаздзецкі, ужо 17 верасня пакінула раён Ваўкавыска і рушыла ў напрамку Вільні. Аднак, атрымаўшы звесткі аб заняцці горада рускімі, змяніла кірунак на Гродна.

Апошняй перашкодай для войск корпуса генерала Яроменкі былі кавалерыйскія эскадроны, што знаходзіліся ў раёне Скідзеля. 20 верасня тут завязаўся бой, у якім польская кавалерыя была разбіта.

20 верасня савецкія танкі падышлі да Гродна. У горадзе дыслацыраваўся адзін з мацнейшых польскіх вайсковых гарнізонаў, знаходзіўся штаб акругі і корпуса № 3 . З вайсковых адзінак тут знаходзіліся 76-ты пяхотны полк, 81-ты полк гродзенскіх стральцоў, 29-ты полк лёгкай артылерыі (без 1-га дывізіёна), 7 танкавы батальён і дывізіён супрацьпаветранай артылерыі. Усе яны ўваходзілі ў склад 29-й пяхотнай дывізіі, камандаванне якой таксама знаходзілася ў Гродне. Такая сітуацыя пряцягвалася да жніўня 1939 года. Аднак у жніўні вайсковыя адзінкі, што ўваходзілі ў склад 29-й пяхотнай дывізіі, былі перакінуты пад нямецкую граніцу ў адпаведнасці з планам “Z”. У Гродне напярэдадні бітвы заставаліся толькі два няпоўных батальёнаў пяхоты. Апрача таго, у Гродне знаходзіўся аддзел у колькасці 200 чалавек, частка 5-га лётнага палка з Ліды, група вайсковай жандармерыі і паліцыі, а таксама невялікія пададдзелы пяхоты з Вільні, батарэя супрацьтанкавай артылерыі з двума гарматамі малога калібру. Сюды трэба прылічыць афіцэраў і салдат, якія выпадкова апынуліся ў Гродне. Колькасць абаронцаў горада складала 1000 – 1500 узброеных без уліку 101-га і 102-га рэзервовых палкоў уланаў, якія часткова ўзялі ўдзел у абароне Гродна.

000022_9CAE55460CD406874325834A00273CEE_831835.jpg

… У Гроднам пачынаўся пахмурны, ветраны і халодны дзень 20 верасня. Ужо зранку пачуліся першыя стрэлы. З боку Беластока паказаліся танкі. Першы з іх уз’ехаў на мост, за ім другі, трэці, чацвёрты. Танкі, што першымі ўвайшлі ў Гродна, былі з падраздзялення разведкі 6-га казацкага корпуса кавалерыі. Савецкія танкісты адкрывалі агонь па ўсім, што трапляла ў зону агню. Апамятаўшыся ад шоку, польскія салдаты і добраахвотнікі занялі абарону.

“Імглістым ранкам на вуліцах Ажэшка і Паштовай, насупраць будынка Тызенгаўза, дзе размяшчаліся камендатура паліцыіі, следчая ўправа, з’явіўся бальшавіцкі танк, – успамінаў адзін з белых функціянераў следчай управы ў Гродне. – Праз хвіліну танк пачаў абстрэл будынка. Адначасова каля гарадскога тэатра за 400 метраў ад танка малады капрал устанавіў супрацьтанкавую гармату. Снарад з яе трапіў у танк. З’явіліся гімназісты і бутэлькамі з бензінам падпалілі танк. Умомант яго ахоплівае полымя. Ніхто з экіпажа не стаў ратавацца. Усе загінулі. Гэта быў танк камандзіра танкавага падраздзялення, якое ўвайшло ў Гродна.”

000022_9CAE55460CD406874325834A00273CEE_622802.jpg

Прыкладна да 11 гадзін усе танкі разведгрупы былі знішчаны, іх экіпажы загінулі або трапілі ў палон.

Тым часам з паўднёва-ўсходняга напрамку да Гродна падцягваліся галаўныя падраздзяленні войск 6-га корпуса, а пазней з усходу падышлі падраздзяленні корпуса М.П.Пятрова, які таксама ўваходзіў у склад конна- механізаванай групы камкора Болдзіна. Генерал Яроменка прыняў рашэнне асабіста кіраваць атакамі на Гродна. Пакуль не падаспела пяхота, ён загадаў абстраляць горад танкамі.

Абаронцы горада заселі ў акопах на правым беразе Нёмана. Адтуль па танках вяла агонь адзіная з застаўшыхся супрацьтанкавых гармат 40-міліметровага калібру. Але яна не нанесла вялікай шкоды танкам.

Пад вечар былі падцягнуты савецкая пяхота і артылерыя. Пехацінцы занялі будынкі на левым беразе Нёмана і стралялі ў напрамку акопаў. Артылерыя абстрэльвала горад, наносіла значныя страты абаронцам і будынкам.

Пад прыкрыццём артылерыі і кулямётаў невялікая група чырвонаармейцаў пераправілася на лодках цераз Нёман з боку вёскі Солы і прабралася на каталіцкія і праваслаўныя могілкі. Супраць іх быў “кінуты” ўзвод і группа добраахвотнікаў.

З надыходам цемры артылерыйскі абстрэл Гродна працягнуўся. Як адны, так і другія рабілі спробы пераправіцца цераз Нёман. Падраздзяленні чырвонаармейцаў з корпуса Пятрова фарсіравалі Нёман вышэй Гродна, каля Панямоні, імкнучыся прарваць лінію абароны палякаў, аднак беспаспяхова. Вечарам, каля 20 гадзін, на трох лодках на левы бераг Нёмана ў напрамку Фолюша пераправілася невялікая група польскіх салдат. Дыверсіі з боку польскіх падраздзяленняў працягваліся ў ноч з 20 на 21 верасня.

На досвітку 21 верасня Гродна акружылі два савецкія корпусы. Днём без перагрупоўкі яны атрымалі загад атакаваць горад з двух напрамкаў – поўдня і паўднёва-ўсходняга. У 9 гадзін пачалася артылерыйская падрыхтоўка. Перад тым уначы генерал Пшаздзецкі, які ўзначальваў абарону Гродна, праінфармаваў афіцэраў аб загадзе маршала Сміглага ад 17 верасня ў адносінах да баёў з рускімі і вывадзе войск за мяжы Рэчы Паспалітай. У Гродне загад выклікаў неадназначную рэакцыю. Некаторыя жаўнеры пад уплывам першага дня баёў не хацелі чуць аб згортванні абароны горада. Аднак вялікая группа жаўнераў, паліцыянтаў і чыноўнікаў (каля 1000 чалавек) пад кіраўніцтвам палкоўніка Адамовіча зранку пачала эвакуацыю ў напрамку літоўскай граніцы.

Пасля артылерыйскай падрыхтоўкі савецкія танкі і пяхота перайшлі ў наступленне, якое, аднак, сустрэла ўпартае супраціўленне. Даволі складана развівалася сітуацыя з боку скідзельскай шашы і ў раёне артылерыйскіх казармаў. Аднак націск на казармы 29-га палка лёгкай артылерыі прарваў часткова абарону, чырвонаармейцы ў выніку ўпартых баёў занялі вуліцу Іерусалімскую і праваслаўныя могілкі.

Няўдачы ў баях за мост прымусілі Яроменку асабіста ўмяшацца ў ход падзей. На танку БТ-5 на чале калоны ён рушыў наперад. Не даехаўшы да маста, танк быў падбіты. Уся калона спынілася. Камандзір палка зарыентаваўся, што танк Яроменкі пашкоджаны, і выслаў дапамогу. Танк быў адцягнуты ва ўкрыцце. Другі танк, у які перасеў Яроменка, на па’ездзе да маста таксама быў пашкоджаны. Трэці раз перасеў у танк БТ-7 і павёў калону прыбярэжнай вуліцай, абыходзячы супрацьтанкавыя перашкоды. Пяць танкаў з маста і пяць з берага вялі агонь па польскіх пазіцыях. Танк Яроменкі быў падбіты, а экіпаж разам з камандуючым паранены.

Адначасова два танкавыя палкі разам з пяхотай увайшлі ў Гродна з іншых напрамкаў. Баі перанесліся на цэнтральныя вуліцы горада.

Пад вечар перастрэлка заціхла. Частка жаўнераў і добраахвотнікаў пакінула Гродна і рушыла ў напрамку літоўскай граніцы. Адны спрабавалі выбрацца з горада ў цывільнай вопратцы, другія хаваліся па хатах. 22 верасня Гродна быў поўнасцю заняты войскамі Чырвонай Арміі.

000022_2ED208E22231E7CE4325834A00268312_916608.jpg000022_2ED208E22231E7CE4325834A00268312_220589.jpg

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»