Пісьменнікі з больш чым 10 краін свету сабраліся ў Гродне за круглым сталом

Літаратары з розных краін упершыню сустрэліся за круглым сталом у межах Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. З іх удзелам у Гродне адбыліся адразу некалькі мерапрыемстваў: семінар “Мастацкі тэкст у арыгінале і перакладзе”, круглы стол “Дыялог літаратур – дыялог культур”. А сёння ў музеі Максіма Багдановіча на розных мовах прагучаць вершы беларускага паэта – пераклады больш чым на 15 розных моў.

Арганізатарамі мерапрыемстваў выступілі Міністэрства  інфармацыі Рэспублікі Беларусь,  Гродзенскі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты,  Гродзенскі дзяржаўны універсітэт  імя Янкі Купалы, абласная  навуковая бібліятэка імя Яўхіма Карскага,  дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Саюз  пісьменнікаў Беларусі, выдавецкі  дом “Звязда”, выдавецтва  “Мастацкая літаратура”.

Літаратурныя сустрэчы аб’ядналі пісьменнікаў з Беларусі, Казахстана, Літвы, Азербайджана, Польшы, Малдовы, Францыі, Латвіі, Расіі і іншых краін. Удзел у іх узяў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.

DPP_34971.JPG

Мы вельмі ўдзячныя Гродзенскім абласному і гарадскому выканаўчым камітэтам, ГрДУ імя Янкі Купалы і арганізатарам XII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур за тое, што ў праграму свята ўключаны мерапрыемствы, якія звязаны з замежнымі гасцямі-пісьменнікамі. Мне здаецца, такі камунікатыў, звязаны з перакладам і прадстаўленнем беларускай літаратуры ў свеце, спрыяе развіццю знешнепалітычных сувязяў. Асабліва, калі мы гаворым пра народную дыпламатыю, стасункі паміж культурамі. Дзе, як ні ў маштабах такога фестывалю, які дэманструе пашану беларусаў да розных нацыянальных культур, паказваць гэтую супольнасць і развіваць гэтыя сувязі, – адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.

Мерапрыемствы ў Гродне, якія аб’ядналі літаратараў з розных краін, выраслі не на пустой глебе. Пачынаючы з 2007 года, Міністэрства інфармацыі Беларусі і выдавецкі дом “Звязда” праводзяць міжнародныя круглыя сталы пад агульнай ідэяй “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”. Адбываліся яны і ў межах Дзён беларускага пісьменства, у тым ліку на Гродзеншчыне. А, пачынаючы з 2015 года, ў  Мінску праводзіцца міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”, які таксама збірае прадстаўнікоў розных краін і розных нацыянальных літаратур.

DPP_34977.JPG

Удзельнікаў семінара таксама вітаў намеснік старшыні  аблвыканкама Віктар Лісковіч. Згадваючы артыкулы пра першыя фестывалі, ён адзначыў, што па тых публікацыях вельмі добра прасочваецца, як змянілася свята і сам горад. Ад пісьменнікаў таксама залежыць, якія ўспаміны застануцца аб нашым часе і як да яго будуць ставіцца нашчадкі.

DPP_34976.JPG

Падчас семінара літаратары і выдаўцы дзяліліся здабыткамі ў галіне літаратурных стасункаў. З самых цікавых праектаў, рэалізаваных апошнім часам, называлі ў тым ліку выданне верша Янкі Купалы “А хто там ідзе” на беларускай мове і ў перакладзе на сто моў свету. Пабачылі свет вершы нашага паэта і на славацкай мове асобным выданнем. Зараз ідзе праца па перакладзе іх на карэйскую мову. А па-беларуску загучаць творы карэйскіх аўтараў. У свой час пабачыла свет выданне санетаў Янкі Купалы на сямі мовах свету. Гэты праект мяркуецца ўзнавіць, і колькасць перакладаў значна ўзрасце.

DPP_35003.JPG

Варта зазначыць, што перакладаюцца сёння не толькі класікі літаратуры. Ёсць цікавасць і да сучасных аўтараў. Займаюцца гэтым у асноўным самі пісьменнікі, а стасункі і цікавасць да твораў калег па творчаму цэху ўзнікаюць у тым ліку падчас такіх сустрэч. Вядомы сучасны пісьменнік з  Расіі Валерый Казакоў згадаў, што ў Гродне пазнаёміўся з пісьменніцай з Беластоку Міраславай Лукша, якая пераклала на польскую мову яго раманы. Жан Гараньён згадваў пра сваё знаёмства з Мікалаем Чаргінцом і выкананыя ім пераклады на французскую мову раманаў сучаснага беларускага празаіка. Такіх прыкладаў даволі шмат, а таму кожная міжнародная сустрэча – яшчэ адзін крок да ўмацавання літаратурных стасункаў, а ў выніку – павышэння папулярнасці беларускай літаратуры ў свеце, знаёмства нашага чытача з лепшымі творамі замежных аўтараў.

DPP_34974.JPG

Што датычыць фестывалю, міністр інфармацыі выказаў надзею, што літаратурныя імпрэзы на ім стануць традыцыйнымі. І, магчыма, у новым фармаце. Да прыкладу, пісьменнікі з розных краін будуць чытаць вершы гарадзенскіх паэтаў альбо класіку беларускай паэзіі на мовах свету. Прынамсі, гэта магло б стаць яшчэ адным яркім эпізодам шматнацыянальнага свята і яшчэ адным крокам да збліжэння і знаёмства з культурай іншых народаў.

DPP_35001.JPGDPP_34984.JPG
DPP_34978.JPGDPP_34981.JPGDPP_34982.JPGDPP_35000.JPGDPP_35002.JPGDPP_35004.JPGIMG_8067.JPGIMG_8061.JPGIMG_8055.JPGIMG_8051.JPG