Пра пасаду кіраўніка, студатрады і мары. Віталія Селівончык у праекце "Чаго хоча моладзь?" (+відэа)

Віталія для мяне прыклад таго, што вучоба ва ўніверсітэце – не толькі час набыць неабходныя прафесійныя веды, але і выдатная магчымасць рэалізаваць сябеў новым кірунку, які, магчыма, стане лёсавызначальным.

Калі семестраў тры…

Ужо сёння студэнтка 4 курса, намеснік сакратара пярвічкі БРСМ Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Віталія Селівончык жыве думкамі пра лета. Але не тое, дзе шмат вольнага часу і ёсць магчымасць нічога не рабіць. А тое, дзе для яе і соцень іншых студэнтаў пачнецца трэці семестр – працоўны. 

2020-03-12 10.32.28.JPG

Сваё першае лета ў студэнцкім атрадзе Віталія правяла ў Гарадзенскім маёнтку “Каробчыцы”. Як будучы ветэрынарны ўрач паехала даглядаць жывёл. Але ўжо пасля першага працоўнага дня яе выклікалі да кіраўніцтва. Падумала: усё, збірай рэчы, ты не падыходзіш. Ёй жа прапанавалі папрацаваць экскурсаводам у партызанскім лагеры.



– Даводзілася сустракацца з вялікай колькасцю людзей. У дзень на двух экскурсаводаў магло быць да 15 экскурсій. Гэта было школай жыцця і вельмі мяне змяніла. Прыйшла дзіцём, а пасля працы нібы стала больш дарослай. 

Разам з тым студэнцкае жыццё стала больш актыўным і насычаным. 

IMG_1280.JPG

На другім курсе Віталія разам з сяброўкаў на гарадскім этапе конкурса “100 ідэй для Беларусі” заняла прызавое месца: дзяўчыны распрацавалі цацкі, якія развіваюць мелкую маторыку, – невялікі ткацкі станок, станок для бісерапляцення. 

Летась Віталія брала ўдзел у конкурсе “Каралева вясна”, на абласным этапе стала трэцяй.

0-02-05-91ab3242b69ae7db6e8423ff4c51d9af466e4c4e6d7dadc1ee88cb1df7940292_full.jpg

– Не лепшы вынік, але для ўніверсітэта гэта таксама значна: доўгі час мы не траплялі ў тройку лідараў. У гэтым годзе паставілі мэту ўзняцца вышэй. Да таго ж, поспех на конкурсе “Студэнт года” акрыляе! (Студэнт аграрнага ўніверсітэта Арцём Несцярук летась прадстаўляў Гродзеншчыну на рэспубліканскім этапе конкурса – Дад. аўт.). Прыемна, што наш універсітэт становіцца адным з лепшых. І калі іншыя студэнты бачаць вынік, у іх таксама загараюцца вочы, ім хочацца рабіць яшчэ лепш, даказваць, што “мы можам!”

Мы змаглі!

Два гады запар атрад Віталіі Селівончык, што працуе ў Парэччы на зборы ягад, станавіўся лепшым сельскагаспадарчым атрадам у краіне. Па выніках 2018-га Віталія – лепшы камісар, а пы выніках мінулага года – лепшы камандзір атрада.

0-02-05-9cdb573f0898ee0ab9d43d9d525074d01d525822bfe580dbc827a05b9b128a26_full.jpg

– Для нашага ўніверсітэта гэта вельмі значнае дасягненне. Сельскагаспадарчых атрадаў у краіне шмат, і тое, што мы лепшыя – вельмі ганарова, – кажа Віталія і актыўна заклікае іншых студэнтаў далучыцца да студатрадаўскага руху. – Тры гады працую ў студэнцкіх атрадах і сёння проста не ўяўляю свайго жыцця без гэтага. Літаральна жыву імі! Мне падаецца, гэта выдатны спосаб з карысцю правесці час, адпачыць і адначасова зарабіць грошы. Да таго ж, студэнцкі атрад – не толькі праца. Новыя знаёмствы, уражанні, шмат цікавых мерапрыемстваў, конкурсаў, спартыўных і інтэлектуальных гульняў…


IMG_1283.JPG

Віталія як лепшы камандзір летась пабывала ва ўсерасійскай школе камандзіраў і камісараў студэнцкіх атрадаў. Нашу краіну там прадстаўлялі ўсяго тры чалавекі. Таксама яна была на слёце студэнцкіх атрадаў Расіі, што праходзіў у Маскве ў Крамлі.

Такія сустрэчы даюць новыя ідэі па арганізацыі студатрадаўскага руху. Так, у канцы студзеня гэтага года Віталія 10 дзён правяла ў Алтайскім краі і ўдзельнічала ва ўсерасійскай патрыятычнай акцыі “Снежны дэсант”.

– Вельмі хочам штосьці такога кшталту праводзіць у Беларусі. Ідэя акцыі ў тым, што студэнты падчас зімовых канікулаў збіраюць атрад і ездзяць па сёлах рэгіёна. Жывуць у школах, праводзяць майстар-класы з вучнямі, гульні, спартыўныя спаборніцтвы, прафарыентацыйныя
мерапрыемствы, а таксама аказваюць шэфскую дапамогу адзінокім састарэлым. Вечарам – вялікі канцэрт. І кожны дзень – новы населены пункт. 

IMG_1309.JPG

 Якім будзе гэта студатрадаўскае лета, актывісты вырашаюць ужо сёння. Планаў – шмат. Віталія шкадуе, бадай, аб адным: гэта яе апошняе лета ў студэнцкім атрадзе. 

– Цяпер вось думаю, як пасля заканчэння ўніверсітэта працягнуць займацца студатрадамі. Гэта мне вельмі падабаецца, да таго ж разумею, што шмат магу зрабіць, быць карыснай.

0-02-05-033e35890249e47762faccc23dba771a3ad056132dbe65a772bb724e52c4b2dc_full.jpg

Такую яе актыўную пазіцыю, поспехі ў розных сферах заўважае і кіраўніцтва ўніверсітэта і вобласці. Так, Віталія стала адной з удзельніц першага Рэспубліканскага навагодняга балю для моладзі з удзелам Прэзідэнта.

Кім быць?

Некалі Віталія планавала паступіць у медыцынскі каледж, але, калі змяніліся правілы прыёму і яна зразумела, што шанцаў трапіць на бюджэтную форму мала, пачала шукаць іншыя варыянты. Зацікавілася ветэрынарнай медыцынай, згадала, што ў родны Кобрын прыязджалі прадстаўнікі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта з прафарыентацыйнымі мерапрыемствамі. Тады ж распавядалі пра перавагі: інтэрнат, магчымасць бясплатна атрымаць пасведчанне кіроўцы, цікавае студэнцкае жыццё… Параілася з роднымі і падала дакументы ў Гродна. 

2020-03-12 10.07.22.JPG

– Сёння магу дакладна сказаць: ні разу не пашкадавала, што так атрымалася. Нават наадварот: гэта сапраўдны падарунак лёсу. Насамрэч разумею, што менавіта тут я сябе раскрыла, змагла рэалізавацца ў розных сферах. Стараюся паспрабаваць як мага больш, каб дакладна зразумець, чым канкрэтна хацела б займацца. Выдатна, што ўніверсітэт дае такую магчымасць. Пакуль два асноўных кірункі ў жыцці – гэта мая будучая прафесія і студатрадаўскі рух. 

2020-03-12 10.10.37.JPG

Ім – асноўная ўвага і амаль увесь час. Віталія з задавальненнем спрабуе сябе як ветэрынарны ўрач, падчас вытворчай практыкі вучыцца новаму. І сёння ўпэўнена: галоўнае, каб пашчасціла трапіць на працу ў добры калектыў прафесіяналаў, у каторых можна нечаму навучыцца. Падрыхтоўка ва ўніверсітэце сур’ёзная, тэарэтычныя веды студэнты ўдасканальваюць на практыцы. Даглядаюць жывёл ва ўніверсітэцкім віварыі. А на кафедры хірургіі нават праводзяць аперацыі. Сюды нярэдка прыносяць хатніх жывёл для стэрылізацыі. У сваіх ведах Віталія не сумняваецца. І гатова прымяняць іх.

– Многія паступалі на факультэт ветэрынарнай медыцыны, бо вельмі любяць жывёл. Так, яны мілыя, але нейкай дзікай любові да іх няма. Часам мне кажуць, што гэта нават дапаможа ў прафесіі, бо я магу з халодным розумам і без лішніх эмоцый падыходзіць да справы. Магчыма, і так. 

2020-03-12 10.10.21.JPG

Дык кім марыць быць сённяшняя студэнтка і актывістка, якім бачыць сваё жыццё праз дзесяць гадоў?

– Думаю, у мяне ўжо будзе сям’я, дзеці. А яшчэ я бачу сябе кіраўніком. Калі ў ветэрынарыі, думаю, гэта будзе пасада галоўнага ўрача, можа ў гаспадарцы, у раённай ветстанцыі. Уменне бачыць перспектыву, арганізаваць людзей, матываваць на поспех, правільна размеркаваць абавязкі – гэта ў мяне няблага атрымліваецца. Думаю, у нешта добрае яно павінна выліцца. Таксама я разглядала варыянт працы ў ветсанэкспертызы.

Адказная работа. Мы можам працаваць у гэтай сферы, калі атрымаем адпаведную кваліфікацыю. Цяпер, калі з’явіліся адпаведныя прадметы ў праграме, мяне гэта зацікавіла. 

Віталія на сто адсодкаў не ведае, у якой сферы яна знойдзе сябе. Але ў дзяўчыны ёсць мэта: быць паспяховай і карыснай. І гэта не пафас.

– Мне хочацца быць карыснай і рабіць нешта добрае. Не толькі для сябе, але і ў прынцыпе для грамадства. Калі я зразумею, што ў ветэрынарыі змагу быць больш карыснай, чым у іншых сферах, дакладна буду працаваць. Але калі зразумею, што не атрымліваецца стаць добрым спецыялістам, што гэта не маё, буду шукаць іншы кірунак.

Редакция газеты «Гродненская правда»