Робіць родны куток утульным для жыхароў. Андрэй Кірычка шмат гадоў займаецца сталярствам дзеля прыгажосці Слонімскага раёна
у вачах яны апантана працуюць у сельскіх школах, бібліятэках, крамах, калгасах, на ФАПах.
І менавіта пра такіх людзей, душой і сэрцам адданых малой радзіме, пойдзе гаворка ў нашым праекце “Твае людзі, вёска”. Бо таленты – паўсюль!
Андрэй Кірычка з аграгарадка Сялявічы Слонімскага раёна шмат гадоў займаецца сталярствам. Апошні час ён накіроўвае сілы на тое, каб зрабіць родны куток яшчэ больш прыгожым і ўтульным для жыхароў.
Ад бацькі да сына
Сялявічы невялічкі, але па-свойму прываблівы аграгарадок. Тут жыццё не кіпіць, як у абласным цэнтры, а спакойна працякае. Для камфорту жыхароў ёсць усё неабходнае: адміністрацыйныя ўстановы, школа, крамы. Таксама тут цудоўныя краявіды: шмат дрэў, кветак, ёсць і невялікае возера. Дадатковую ўтульнасць гэтым мясцінам дадаюць прыгожыя драўляныя вырабы: лавачкі і арэлі ля харчовага магазіна, альтанка ля возера. Усё гэта Сялявічам падараваў адзін з яго жыхароў – Андрэй Кірычка.
Каля 16 гадоў Андрэй Дзмітрыевіч працуе ў мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадарцы, а сталярствам проста захапляецца. Але гэтае захапленне даволі сур’ёзнае, таму што дзякуючы яму мужчына спачатку кардынальна перабудаваў уласны дом, а пасля перайшоў на аграгарадок.
Напачатку нашай размовы майстар папярэджвае: сталярствам ён ніколі прафесійна не займаўся. Нават сёння ў яго няма спецыяльнай майстэрні і многіх прылад для працы, але гэта не перашкаджае яму ствараць разнастайныя вырабы. Мужчына мяркуе, што любоў да сталярнай справы яму передалася ад бацькоў. Тата шмат гадоў працаваў будаўніком, мама таксама займалася апрацоўкай.
Нарадзіўся Андрэй Дзмітрыевіч на Брэстчыне, але яго дзяцінства прайшло ў Калінінградскай вобласці. Бацькі нашага героя паехалі туды на працу. Там сям’я пражыла каля 10 гадоў. Пасля вярнуліся ў Беларусь, на Гродзеншчыну. Спачатку сталі жыць непадалёку ад Сялявічаў, але хутка перабраліся сюды. Тут Андрэй стварыў уласную сям’ю. Разам з жонкай Людмілай яны выхоўваюць дваіх дзяцей – сына і дачку.
– Мая Людміла – цудоўная жанчына. Я яе ласкава называю “двіжок”, таму што такой энергіі і жыццярадаснасці, як у яе, можна толькі пазайздросціць. Дарэчы, менавіта яна мне параіла стварыць для аграгарадка драўляныя вырабы, – расказвае Андрэй Кірычка.
Архітэктарская справа нашаму герою падабалася заўсёды. Гаворачы пра гэта сёння, мужчына адзначае, што раз за разам задумваецца, як склалася б яго жыццё, каб у юнацтве ён абраў менавіта гэты прафесійны накірунак.
– Магчыма, я проста не ў той час рэалізаваў свой патэнцыял. Памятаю, як яшчэ ў Калінінградскай вобласці мяне ўразіла нямецкая архітэктура будынкаў. Асабліва прыгожай была коўка. Наша сям’я жыла ў старых фахверкавых будынках, якія “ўрэзаліся” мне ў памяць, – дзеліцца ўспамінамі мужчына. – Сам па сабе я люблю вялікія будынкі, ажурныя. Люблю ў працэсе карыстацца зваркай. А вось усе праекты будучых вырабаў трымаю ў галаве. Не малюю, не праектую, а проста трымаю ў свядомасці. Дарэчы, памяць у мяне добрая. Як толькі я пачынаў перабудоўваць наш дом, трэба было аб’яднаць два будынкі ў адзін. Дык вось я прыдумаў, як гэта будзе выглядаць і напрацягу некалькіх гадоў прытрымліваўся гэтага малюнка ў сваёй галаве.
Ініцыятыва – гэта сямейнае
Жонка нашага героя працуе ў мясцовай харчовай краме і апантана займаецца кветкамі. Жанчына стварае цудоўныя кампазіцыі са звычайных кветак і раслін, якія сама вырошчвае на хатнім падворку. Ля магазіна Людміла таксама стварыла клумбу і засадзіла яе яскравымі кветкамі. Да гэтага тут была звычайная пустэча, а цяпер– прыгажосць, якая радуе вока кожнаму жыхару.
Дарэчы, паток людзей цераз краму кожны дзень вялікі. Тут жа некалі працаваў сельскі клуб, размяшчалася сцэна, дзе выступалі творчыя калектывы. Але людзям прыходзілася доўгі час стаяць на нагах, бо не было куды прысесці. Тады Людміла падкінула мужу ідэю – сваімі рукамі стварыць арэлі і ўстанавіць іх на тэрыторыі каля магазіна. Такі вопыт у мужчыны ўжо быў: праз некаторы час ён змайстраваў арэлі для сваёй сям’і.
Андрэй Дзмітрыевіч да слоў жонкі прыслухаўся і, дачакаўшыся, калі яму на працы дадуць водпуск, пачаў майстраваць. Канешне, перад гэтым мужчына параіўся са старшынёй сельскага Савета, якая жаданне сямейнай пары с радасцю падтрымала. Усе неабходныя матэрыялы мужчына набываў сам. Майстраваў таксама адзін, а вось уладкоўваць арэлі яму дапамагаў сын.
– Ведаеце, мы з ім цудоўны тандэм,– усміхаецца майстар.– Я толькі падумаў, а сын ужо паклаў мне ў руку неабходную прыладу. Устанавілі арэлі мы хутка. Адных было б мала для жыхароў, ды і я люблю сіметрыю, а таму стварыў дзве і размясціў іх непадалёку адна ад адной. Праз нейкі час мне прыйшла думка, што арэлі гартаюцца, і старэйшым людзям складана на іх сядзець. Тады вырашыў дапрацаваць праект і змайстраваў яшчэ дзве стандартныя невялічкія лавачкі і адну незвычайную. Яны ў выглядзе скручанай лініі, а таму могуць ўмясціць на сабе больш людзей.
Не за грошы, а па волі душы
Альтанку на мясцовым возеры таксама змайстраваў Андрэй Кірычка. Цяпер адпачываць ля вады стала зручней і камфортней. Амаль усе жыхары аграгарадка Сялявічы да дзеянняў мясцовага сталяра аднесліся пазітыўна, але была і іншая рэакцыя. Напрыклад, некаторыя падумалі, што мужчыне за яго справу добра заплацілі, таму ён праявіў ініцыятыву і ўпрыгожыў аграгарадок. Такія словы Андрэя закранулі. Мужчына не прасіў нікога дапамагаць яму ў працы, але крытыкі ўсё роўна знайшліся.
– Не ўсё ў нашым жыцці павінна зводзіцца да грошаў. Мне ніхто не плаціў, мяне нават ніхто не прасіў. Жонка падумала, параіла, а я пагадзіўся. Няўжо рабіць добрыя справы, паляпшаць месца, дзе жывеш столькі гадоў, можна толькі за грошы? Не, у першую чаргу гэта трэба рабіць па волі душы. Вось я захацеў і зрабіў, а людзі няхай з задавальненнем карыстаюцца,– дзеліцца Андрэй.– Вялікі дзякуй хачу сказаць нашай старшыні сельсавета Ганне Пяцько, а таксама майму суседу Аляксандру Мялешка. Ён заўсёды мне дапамагаў, калі гэта было неабходна.
Адзінае, чаго хоча Андрэй Дзмітрыевіч, каб жыхары і госці аграгарадка шанавалі тое, на што ён патраціў свой час і сілы. Перыядычна сам майстар падмалёўвае арэлі і лавачкі, не так даўно прыйшлося замяніць ланцугі на больш надзейныя металічныя штыры. Людміла, жонка нашага героя, таксама прыглядае за драўлянымі вырабамі, калі наводзіць чысціню і прыгажосць ля крамы.
“Яму можна даверыцца”
Зусім скора Андрэя Дзмітрыевіча чакае яшчэ адна вялікая справа: яму давядзецца працаваць над пабудовай шматфункцыянальнай пляцоўкі ля школы ў аграгарадку Сялявічы. Там будзе не толькі спартыўная зона, але і сцэна для выступлення творчых калектываў.
Гэта стала магчымым дзякуючы перамозе аграгарадка ў конкурсе праектаў грамадзянскіх ініцыятыў. – Так, праект “Нясумная паляна” будзе рэалізаваны ўжо ў гэтым годзе. Галоўная адказнасць у яго стварэнні ляжа на плечы Андрэя Кірычкі. Старшыня Азярніцкага сельскага Савета Ганна Пяцько падкрэсліла, што Андрэю Дзмітрыевічу ў будаўнічых справах можна даверыцца, а таму яны разам працягнуць рабіць Сялявічы яшчэ больш прыгожым аграгарадком.
– У нас падрыхтаваны праект, дэталёва распрацавана, дзе і што будзе знаходзіцца. Амаль кожны дзень мы на сувязі з Андрэем Дзмітрыевічам, ён вельмі хвалюецца за тое, каб у нас усё атрымалася з фінансаваннем. Часта чую ад яго, што яму не хочацца, каб родныя мясціны выміралі, таму ён намагаецца ўсімі сіламі зрабіць так, каб людзям падабалася тут жыць. Пра нашага майстра я магу сказаць толькі добрыя словы. Ён адказны і працалюбівы чалавек. Заўсёды рэагуе на мае просьбы. Прычым ён вельмі сціплы. Некалі я запрашала яго да ўдзелу ў семінары, каб ён падзяліўся вопытам, пагаварыў з людзьмі. Але Андрэй мне далікатна адмовіў, сказаўшы, што яму такая ўвага непатрэбна. Хочацца, каб такіх людзей было больш,– падзялілася Ганна Пяцько.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
